У бітве за адзнакі

- 9:00Пункт погляду

Заўтра апошні вучэбны дзень другой чвэрці. Думаю, адзнакі ўжо выстаўлены. Прынамсі, калегі, чые дзеці — школьнікі, ужо дзяліліся сваім незадавальненнем. Усе чамусьці ма­раць, каб іх сын ці дачка былі выключна выдатнікамі.

Успамінаецца нядаўняя паездка да бацькоў. Побач са мной у цягніку ехалі дарослыя брат і сястра, а побач сядзела дзяўчынка. На пытанне дзядзькі, як справы ў школе, адказваць пачала маці: “Ой, хутка канец чвэрці, таму тэрмінова трэба выпраўляць дзявяткі на дзясяткі!” Ска­заць, што мне стала шкада гэтае дзяўчо, — нічога не сказаць. Ледзь стрымалася, каб не ўмяшацца ў чужую размову.

Амбіцыі бацькоў часам зашкальваюць. Ды так, што бедным дзецям даводзіцца выпрошваць высокія балы, каб дома не прыляцела, бо таты і мамы ўпарта не жадаюць спускацца да магчымасцей свайго дзіцяці. І замест таго, каб ствараць умовы для развіцця, адразу ставяць высокія планкі. А калі дзіця іх не бярэ, то “матывуюць” крыкам або забаронамі.

Але быць выдатнікамі дадзена не ўсім. І тут я маю на ўвазе тых, каму вучоба даецца лёгка. Па большай частцы вучыцца — значыць цяжка працаваць. А каб гэты працэс праходзіў цікава, трэба ставіць канкрэтныя мэты (накшталт “сёння я павінен вывучыць правіла” ці навучыцца рашаць пэўныя задачы). Тады і вучню, і бацькам, і настаўнікам будзе прасцей успрымаць рэальнае становішча спраў. І планкі будуць пад’ёмныя.

Усе мы хочам, каб нашы дзеці былі самыя разумныя і дасведчаныя. І каб такімі стаць, трэба вучыцца ўсвядомлена. Думаю, тут многія зададуць пытанне: “А як зрабіць так, каб дзіця пачало разумець каштоўнасць ведаў?” Лічыцца, што менавіта адзнака матывуе да развіцця пазнавальнай цікавасці. Мне здаецца, што хутчэй дэматывуе.

Яшчэ адзін прыклад з жыцця. Сын маёй калегі вучыцца ў 11 класе. Разумны і цікаўны юнак, які на сабе адчуў парадоксы школьнай адзнакі. Па фізіцы, хіміі, матэматыцы, інфарматыцы ў яго васьмёркі і дзявяткі. А вось па рускай мове — “два” і “тры”. Прычым настаўніца пастаянна яго матывавала двойкамі. Напэўна, чакала эфекту, але не дачакалася. Хлопцу не патрэбен бізун. З ім такі падыход не працуе.

У гэтым яго ўсхваляваная маці пераканалася, калі быў зменены падыход у навучанні. За яго падрыхтоўку па рускай мове ўзялася цётка (настаўніца рускай мовы і літаратуры), і працэс пайшоў, бо юнак пачаў развіваць веды па прадмеце адносна сваіх магчымасцей. Так, крок за крокам, руская мова пачала радаваць, як матэматыка з інфарматыкай. І хлопец усвядоміў, што, аказваецца, зусім не дурань.

Каб нарэшце закончыць бітву за адзнакі і перайсці ў рэжым камфортнага і адказнага навучання, спецыялісты даўно раяць пераходзіць да прымянення на ўроках стратэгіі актыўнай ацэнкі — тэхналогіі навучання, заснаванай на якаснай зваротнай сувязі. Яна прызнана лепшай для павышэння матывацыі і вучнёўскіх дасягненняў, асабліва для тых, хто мае праблемы з вучобай. Актыўная ацэнка эфектыўна рыхтуе маладых людзей вучыцца на працягу ўсяго жыцця, браць адказнасць за сваё навучанне.