У БНТУ адзначаюць рост конкурсаў і балаў

- 10:51Якасць адукацыі

Сёння апошні дзень прыёму дакументаў на бюджэтную форму навучання ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Мы завіталі ў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, каб паглядзець, што адбываецца на фінішным адрэзку самага хвалюючага этапу ўступнай кампаніі.

Абітурыентаў у БНТУ многа з першага і да апошняга дня — гэта асаблівасць вядучай тэхнічнай установы адукацыі краіны. 16 факультэтаў, каля сотні спецыяльнасцей, бюджэтны набор — амаль 2,5 тысячы чалавек. Натуральна, што ўніверсітэт гудзіць, як вулей. Ужо ў аўторак колькасць пададзеных заяў перавышала план набору ў БНТУ.

— У сераду, 17 ліпеня, прыёмная камісія будзе працаваць да апошняга абітурыента, — заўважыў адказны сакратар прыёмнай камісіі БНТУ Дзяніс Капскі. — Аднак звяртаем увагу, што ўваход у галоўны корпус зачыняецца ў 18:00. Апошняе абнаўленне інфармацыі аб ходзе падачы дакументаў на ўніверсітэцкім сайце будзе а 15 гадзіне. Пазнейшыя абнаўленні (з 15 да 18 гадзін) можна будзе адсочваць у аператыўным рэжыме на экране ў фае галоўнага корпуса.

Наконт так званай праблемы апошняга дня, калі абітурыенты масава перападаюць дакументы са спецыяльнасці на спецыяльнасць у спробе трапіць на бюджэтнае навучанне, то ў БНТУ гэтага не баяцца. Па-першае, ва ўніверсітэце праводзіцца агульны конкурс па групе спецыяльнасцей. (Часта ў адну групу аб’яднаны ўсе спецыяльнасці факультэта, а бывае, што на адным факультэце некалькі груп.) Абітурыент указвае ў заяве любую колькасць спецыяльнасцей з групы ў парадку прыярытэту. Калі па балах ён не праходзіць на першую спецыяльнасць са свайго спіса, то ўдзельнічае ў конкурсе на другую і г.д. Гэта дазваляе маладым людзям адчуваць сябе больш упэўнена, бо іх шансы на залічэнне істотна павялічваюцца. Па-другое, спрацоўвае добрая прафарыентацыя.

— Адметнасць сёлетняй прыёмнай кампаніі ў тым, што многія абітурыенты мэтанакіравана ідуць на пэўную спецыяльнасць. І гэта радуе, — гаворыць Дзяніс Васільевіч. — Так, з аднаго боку, узмацнілася прафарыентацыя з боку БНТУ, мы бесперапынна працуем з абітурыентамі. А з другога боку, у краіне актыўна развіваецца прамысловасць, энергетыка, транспарт. Моладзь бачыць перспектыўнасць інжынернай адукацыі, магчымасць развівацца ў адпаведным напрамку, нармальна зарабляць, рабіць кар’еру. Гэта ланцужок узаемазвязаных рашэнняў.

Адна з самых папулярных спецыяльнасцей у абітурыентаў БНТУ — “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”: на раніцу серады на 30 бюджэтных месцаў пададзена 133 заявы. Зрэшты, на ўсе спецыяльнасці факультэта інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі (ФІТР) колькасць заяў перавышае колькасць месцаў. Улічваючы, што конкурс тут агульны па факультэце, выніковае размеркаванне па спецыяльнасцях і прахадныя балы спрагназаваць вельмі складана. Але ўжо зараз зразумела, што на “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” мінімальны бал не будзе ніжэйшы за 331—340.

— Цікава, што многія абітурыенты, якія выбіраюць спецыяльнасць “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”, нават не хочуць указваць у заяве іншыя (у гэтай групе 6 спецыяльнасцей). У выпадку, калі балаў не хапае, каб паступіць на бюджэтнае навучанне, робяць выбар на карысць платнага, — заўважыў Дзяніс Капскі.

Але наколькі апраўдана тое, што абітурыенты з высокімі баламі, кіруючыся нейкімі сваімі ідэальнымі ўяўленнямі пра ІТ, ідуць вучыцца за грошы (як правіла, за бацькоўскія)?

— Хачу адзначыць, што інфармацыйныя тэхналогіі пранікаюць ва ўсе сферы нашага жыцця. У БНТУ іх можна вывучаць не толькі на факультэце інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі, — гаворыць Дзяніс Васільевіч. — Напрыклад, на аўтатрактарным факультэце ёсць спецыяльнасць “Інтэлектуальныя транспартныя сістэмы”. Там студэнты вывучаюць не толькі ІТ. Гэта яшчэ і сістэмы аўтаматызаванага праектавання (САПР), і алгарытмы кіравання, і многае іншае, што робіць выпускнікоў унікальнымі спецыялістымі на рынку працы. На спецыяльнасці “Архітэктура” студэнты рэалізуюць канцэпцыю “разумны дом” і таксама вывучаюць САПР, вядуць распрацоўку гарадскога будаўніцтва, праектуюць прамысловыя і грамадзянскія будынкі. Усё — з дапамогай інфармацыйных тэхналогій. І гэта тычыцца пераважнай большасці нашых спецыяльнасцей.

Дарэчы, ужо раніцай у сераду на “Архітэктуру”, дзе абітурыентам яшчэ належыць здаваць уступныя выпрабаванні, конкурс складаў амаль 4 чалавекі на месца (на скарочаную форму — 3 на адно месца). Вялікі конкурс на спецыяльнасцях “Аўтасэрвіс” (больш як 4 чалавекі на месца), “Арганізацыя перавозак і кіраванне на аўтамабільным і гарадскім транспарце” (3 чалавекі на месца), “Транспартная лагістыка”, “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”, “Тэхналогія машынабудавання”, “Распрацоўка радовішча карысных выкапняў”, “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў”, “Электраэнергетычныя сістэмы і сеткі” і іншыя. У дачыненні да згаданых спецыяльнасцей можна гаварыць і пра даволі высокія балы.

Адказны сакратар прыёмнай камісіі БНТУ Дзяніс Капскі.

Зрэшты, у прыёмнай камісіі БНТУ адзначаюць, што балы павялічыліся практычна па ўсіх спецыяльнасцях. Калі ў мінулым годзе максімальны бал ва ўніверсітэце быў 353, то цяпер — 377 (+24 балы ў верхняй частцы абітурыенцкага рэйтынга). Мінімальныя балы, з якімі прыходзяць абітурыенты, таксама істотна выраслі.

Звяртаем увагу, што на шэраг запатрабаваных эканомікай спецыяльнасцей медалісты і ўладальнікі дыпломаў каледжа з адзнакай могуць паступіць без ЦТ і ўступных экзаменаў. У БНТУ вызначана некалькі такіх спецыяльнасцей: “Металургічная вытворчасць і матэрыялаапрацоўка (па напрамках)”, “Машыны і тэхналогія апрацоўкі матэрыялаў ціскам”, “Машыны і тэхналогія ліцейнай вытворчасці” на механіка-тэхналагічным факультэце, “Тэхналагічнае абсталяванне машынабудаўнічай вытворчасці” на машынабудаўнічым факультэце, “Прафесійнае навучанне (машынабудаванне)” і “Прафесійнае навучанне (будаўніцтва)” на інжынерна-педагагічным факультэце.

Дарэчы, адна абітурыентка БНТУ — выпускніца педагагічнага класа з Гродна — ужо скарысталася шансам паступіць на педспецыяльнасць без уступных выпрабаванняў. Яна паспяхова прайшла субяседаванне ва ўніверсітэце і рэкамендавана да залічэння на спецыяльнасць “Прафесійнае навучанне (будаўніцтва)”. І пакуль іншыя абітурыенты хвалююцца і перажываюць, дзяўчына прывыкае да новага статусу студэнткі БНТУ.

Дзяніс Капскі звяртае ўвагу на шэраг унікальных, вельмі цікавых і запатрабаваных спецыяльнасцей, якім абітурыенты чамусьці не ўдзяляюць належнай увагі, указваючы іх толькі ў канцы спіса сваіх пераваг.

— Напрыклад, спецыяльнасць “Шматмэтавыя калёсныя і гусенічныя машыны” (аўтатрактарны факультэт) не так даўно была адной з топавых ва ўніверсітэце, — гаворыць Дзяніс Васільевіч. — Яна мае на ўвазе канструяванне і эксплуатацыю спецыяльных калёсных транспартных сродкаў павышанай праходнасці, якія могуць перавозіць нават ракетныя комплексы. Гэта вельмі запатрабвана ў эканоміцы — шмат прадукцыі нашага МЗКТ пастаўляецца на экспарт. І мяне здзіўляе, што абітурыенты не рвуцца на гэтую спецыяльнасць (на раніцу серады на 20 месцаў пададзена 12 заяў). Або спецыяльнасць “Гідрапнеўмасістэмы мабільных і тэхналагічных машын” (таксама АТФ) — 22 заявы на 40 месцаў. У кожнай сістэме, у кожнай машыне, у кожным агрэгаце, нават у робатах і лятальных апаратах выкарыстоўваецца і пнеўматыка, і гідраўліка. І ў рамках згаданай спецыяльнасці мы рыхтуем распрацоўшчыкаў, якія могуць працаваць у любой, нават касмічнай, галіне. Незразумела, як гэта можа быць нецікава. Тое ж магу сказаць і пра спецыяльнасці “Пад’ёмна-транспартныя, будаўнічыя, дарожныя машыны і абсталяванне” (факультэт транспартных камунікацый) — 10 заяў на 30 месцаў, “Нізкатэмпературная тэхніка” (факультэт тэхналогій кіравання і гуманітарызацыі) — 9 заяў на 20 месцаў. Вядома, мы гаворым пра абітурыентаў, якія ўказалі згаданыя спецыяльнасці першымі ў спісе, і ў працэсе залічэння па групах усе месцы будуць заняты. Але хацелася б, каб абітурыенты ад пачатку былі зацікаўлены ў гэтых спецыяльнасцях.

Дзяніс Капскі звярнуў увагу, што ў БНТУ дзейнічае вельмі моцны ваенна-тэхнічны факультэт. І студэнты, якія вучацца на грамадзянскіх спецыяльнасцях, могуць атрымаць таксама і ваенна-ўліковую спецыяльнасць.

— Навучанне на ваеннай кафедры вядзецца па праграмах падрыхтоўкі малодшых камандзіраў і афіцэраў запасу, — тлумачыць Дзяніс Васільевіч. — Пры адборы кандыдатаў (як правіла, пасля 1 курса) улічваюцца вынікі медыцынскага агляду, сярэдні бал паспяховасці, профіль навучання студэнта па асноўнай спецыяльнасці ў БНТУ. Зрэшты, магчымасць трапіць на ваенную кафедру ёсць у студэнтаў практычна ўсіх спецыяльнасцей універсітэта. Хлопцы, якія прайшлі падрыхтоўку на першай ступені, атрымліваюць званне сяржанта і прызываюцца на тэрміновую службу толькі на 6 месяцаў. Тыя з іх, хто рэкамендаваны для далейшага навучання на ваеннай кафедры, праходзяць дадатковую падрыхтоўку і пасля праходжання медкамісіі атрымліваюць званне лейтэнанта запасу. Пры неабходнасці іх таксама могуць прызваць у армію, але ўжо на афіцэрскія пасады. Дарэчы, многія выпускнікі грамадзянскіх спецыяльнасцей самі потым выбіраюць армейскую кар’еру.

***

Такім чынам, сёння апошні дзень прыёму дакументаў на бюджэтнае навучанне. Выбар спецыяльнасцей, факультэтаў, ды і ўніверсітэтаў велізарны. Жадаем абітурыентам, каб усё ў іх атрымалася. Удачы!

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.