У БНТУ пашыраецца падрыхтоўка педагогаў

- 12:53Уступная кампанія
Многія ведаюць, што Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт рыхтуе не толькі інжынераў, але і педагогаў — на інжынерна-педагагічным факультэце. А вось тое, што факультэт пашырае кола педагагічных спецыяльнасцей, — мы ўпэўнены, для многіх навіна.

Сёлета інжынерна-педагагічны факультэт пачне прыём абітурыентаў на дзве новыя спецыяльнасці: “Тэхнічная праца і прадпрымальніцтва”, а таксама “Прафесійнае навучанне” з напрамкам “Інфарматыка”.
Першая з гэтых спецыяльнасцей бярэ свой пачатак са спецыяльнасці “Тэхналогія. Дадатковая спецыяльнасць”, па якой кафедра “Тэхналогія і методыка выкладання” факультэта рыхтавала спецыялістаў для ўстаноў адукацыі на працягу 12 гадоў. У сувязі з тым, што спецыяльнасць была анулявана ў 2012 годзе, на кафедры знайшлі эквівалентную замену. Дарэчы, з наступнага года плануецца пачаць прыём на яшчэ адну новую спецыяльнасць — “Абслуговая праца і прадпрымальніцтва”.
— Каб высветліць, ці будуць новыя спецыяльнасці запатрабаваны, мы вывучылі меркаванні не толькі патэнцыяльных абітурыентаў, але і работадаўцаў. Яны пацвердзілі, што спецыялісты па тэхнічнай і абслуговай працы патрэбны, — запэўніў дэкан інжынерна-педагагічнага факультэта БНТУ, доктар тэхнічных навук, прафесар Сяргей Анатольевіч Івашчанка.
Так, камітэт па адукацыі Мінскага гарвыканкама пацвердзіў, што патрэба ў выпускніках спецыяльнасці “Тэхнічная праца і прадпрымальніцтва” ў 2013 годзе складае 20 чалавек, а далей, да 2019 года спатрэбіцца яшчэ каля 20 спецыялістаў. І гэта толькі ў Мінску.
Галоўным прызначэннем выпускнікоў будзе выкладанне ва ўстановах агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай або вышэйшай адукацыі, прычым як тэхнічнай працы, так і эканамічных дысцыплін. Для работы ва ўніверсітэтах трэба будзе скончыць магістратуру па спецыяльнасці “Тэорыя і методыка прафесійнай адукацыі”. Акрамя таго, выпускнікі змогуць знайсці сябе ў сферы прадпрымальніцтва.
Зыходзячы з дзвюх гэтых задач і складзена адукацыйная праграма новай спецыяльнасці. Крыху пра яе змест: гэта асновы прадпрымальніцкай дзейнасці, віды і формы арганізацыі бізнесу, арганізацыя і рэгістрацыя новага прадпрыемства, прызначэнне і структура бізнес-плана, інвесціраванне, менеджмент і маркетынг у дзейнасці фірмы, асновы бухгалтарскага ўліку, падаткаабкладанне малых прадпрыемстваў, аналіз вынікаў дзейнасці прадпрыемстваў ва ўмовах рыначнай эканомікі, прадпрымальніцкая дзейнасць на базе адукацыйных устаноў. Прадугледжаны і такія модулі, як тэхналогія апрацоўкі драўніны, металаў, мастацкая апрацоўка матэрыялаў, гісторыя тэхнікі, камп’ютарнае мадэляванне і камп’ютарная графіка, асновы мастацкага канструявання і мадэлявання, тэхнічная творчасць, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.

Што да другой спецыяльнасці (“Прафесійнае навучанне”), аб якой мы хацелі расказаць, то па ёй на факультэце ўжо вядзецца падрыхтоўка па напрамках “Машынабудаванне”, “Будаўніцтва”, “Аўтамабільны транспарт”, “Энергетыка”. А з гэтага года адкрываецца напрамак “Інфарматыка”. Няцяжка здагадацца, што ў межах гэтай спецыяльнасці інжынерна-педагагічны факультэт рыхтуе педагогаў для ўстаноў адукацыі адпаведнага профілю (машынабудаўнічага, энергетычнага і г.д). Чаму цяпер яшчэ і інфарматыка, таксама зразумела. Інфармацыйныя тэхналогіі трывала ўвайшлі ў наша жыццё і адукацыйны працэс, і выкладчыкаў па гэтым напрамку не хапае. Адметна, што выпускнікам будзе прысвойвацца кваліфікацыя “педагог-праграміст”, значыць, яны змогуць знайсці прымяненне сваім ведам і ў ІТ-сферы.
Спецыяльнасць мае на ўвазе інтэграваную інжынерную, псіхолага-педагагічную і вытворчую падрыхтоўку. Як расказала намеснік дэкана па вучэбнай рабоце Ірына Уладзіміраўна Ігнатковіч, студэнты, якія вучацца па спецыяльнасці “Прафесійнае навучанне”, атрымліваюць яшчэ і рабочую прафесію з прысваеннем 2—4 разрадаў.

Іна НІКІЦЕНКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.