У БрДТУ для пераможцаў універсітэцкіх алімпіяд у будучым плануюць прапанаваць яшчэ эканамічныя і ІТ-спецыяльнасці

- 9:39Абитуриент, Образование, Приложение

Пра асаблівасці арганізацыі ўніверсітэцкіх алімпіяд карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» расказалі ў прыёмных камісіях БрДУ імя А.С.Пушкіна і БрДТУ.

Наш універсітэт і раней право­дзіў алімпіяды сярод высокаматываваных школьнікаў, якія не толькі дазвалялі патэнцыяльным абітурыентам пра­верыць веды, але і выконвалі важную прафарыентацыйную ролю, — паведаміла адказны сакратар прыёмнай камісіі БрДУ імя А.С.Пушкіна Святлана Ткач. — Цяпер універсітэцкія алімпіяды адкрываюць перад школьнікамі новыя магчымасці. Гэта дадатковы шанс стаць студэнтам, прычым без звычайных уступных іспытаў. І некаторыя гэтым шансам паспяхова скарысталіся.

У Пушкінскім універсітэце будучым абітурыентам прапанавалі паўдзельні­чаць у алімпіядах па беларускай і рускай мовах, матэматыцы і фізіцы. Атрымаўшы па выніках выпрабаванняў дыпломы І, ІІ, ІІІ ступені, школьнікі аўтаматычна залічваюцца па квоце на спецыяльнасці “Беларуская філалогія” — 4 чалавекі, “Руская філалогія” — 3, “Фізіка-матэматычная адукацыя (матэматыка, інфарматыка)” — 5 і “Фізіка-матэматычная адукацыя (фізіка, інфарматыка)” — 5 чалавек. Гэтыя спецыяльнасці былі выбраны зыходзячы з запытаў рынку працы.

Алімпіяды складаліся з двух этапаў — папярэдняга і заключ­нага. У першым удзельнічалі 119 школьнікаў (беларуская мова — 15, руская мова — 51, матэматыка — 39, фізіка — 14), у другім — 83 (беларуская мова — 10, руская мова — 41, матэматыка — 19, фізіка — 13). Большасць алімпіяднікаў прадстаўлялі ўстановы адукацыі Брэста і Брэсцкага раёна, Пінска, Камянца, Маларыты, Лунінца і Бярозы.

За 3 гадзіны матэматыкам і фізікам патрабавалася ра­шыць па 5 задач, а філолагам выканаць шэраг заданняў, якія не выходзілі за межы школьнай праграмы.

Алімпіяднікі паказалі дастаткова высокі ўзровень ведаў, які здольны выявіць матываваных абітурыентаў у пэўным прадмеце, — адзначыла Святлана Ткач. — Упэўнены, што ў будучыні зацікаўленасць школьнікаў універсітэцкімі алімпіядамі істотна павялічыцца. Гэтаму пасадзейнічае пашырэнне пераліку алімпіядных прадметаў і спецыяльнасцей, на якія абітурыенты змогуць быць залічаны без уступных выпрабаванняў. 

У БрДТУ, як расказаў адказны сакратар прыёмнай камісіі Андрэй Парфіевіч, школьнікі ўдзельнічалі ў алімпіядах па фізіцы і матэматыцы: у папярэднім этапе — 21 і 34 чалавекі, у заключ­ным — 18 і 29 адпаведна. Будучым абітурыентам прапанавалі 6 спецыяль­насцей па 15-працэнтнай квоце ад кантрольных лічбаў прыёму на 2023 год: “Тэхналогія машынабудавання, металарэжучыя станкі і інструменты”, “Экспертыза і кіраванне нерухомасцю”, “Прыродаахоўная дзей­насць”, “Тэхналагічныя машыны і абсталяванне”, “Узвядзенне будынкаў і збудаванняў” і “Інжынерныя сеткі, абсталяванне будынкаў і збудаванняў”. Спецыяль­насці падбіраліся з мэтай павышэння іх папулярнасці сярод моладзі.

Геаграфія ўдзельнікаў даволі шырокая: Брэст, Гродна, Светлагорск, Баранавічы, Кобрын, Іванава, Драгічын, Лунінец, Івацэвічы, Маларыта…

— Алімпіяднікі паказалі належную падрыхтоўку, — адзначыў Андрэй Парфіевіч. — У будучыні плануем пашы­рыць пералік спецыяльнасцей за кошт эканамічнага і ІТ-профілю. Патэнцыяльныя абітурыенты станоўча ацанілі такую форму ўступных выпрабаванняў, якая дазваляе яшчэ ў школе не толькі вызначыцца з будучай прафесіяй і ўстановай вышэйшай адукацыі, але нават набыць гарантаванае месца ў ёй.

Ва ўніверсітэцкіх алімпіядах, арганізаваных на базе БрДУ імя А.С.Пушкіна і БрДТУ, актыўна ўдзельнічалі вучні Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава, з якіх 9 ужо амаль студэнты. Слова пераможцам.

— Удзел ва ўніверсітэцкай алімпіядзе — гэта выдатны шанс паступіць у тую ўстанову вышэйшай адукацыі, куды хацеў, але значна раней, без экзаменаў і лішніх хваляванняў, — лі­чыць Аляксандра Яфрэмава, якую падахвоціла да алімпіяды яе класны кіраўнік настаўніца беларускай мовы і літаратуры Людміла Юр’еўна Кіргінцава. — Да спаборніцтва рыхтавалася даволі сур’ёзна: займалася з педагогам, рашала розныя варыянты заданняў са зборнікаў ЦТ. Асаблівых цяжкасцей алімпіядныя заданні не выклікалі. Часу на іх выкананне было дастаткова.

У будучыні зацікаўленасць школьнікаў універсітэцкімі алімпіядамі істотна павялічыцца. Гэтаму пасадзейнічае пашырэнне пераліку алімпіядных прадметаў і спецыяльнасцей, на якія абітурыенты змогуць быць залічаны без уступных выпрабаванняў.

Паўдзельнічаць ва ўніверсітэцкай алімпіядзе прапанавалі настаўнікі. Мяне гэта зацікавіла, і я вырашыла паспрабаваць, каб як мінімум праверыць узровень уласных ведаў, — расказала Ксенія Ярацэвіч. — Падрыхтоўка ўключала паўтарэнне вучэбнага матэрыялу мінулых гадоў. Прапанаваныя заданні па рускай мове не выходзілі за межы школьнай праграмы. Але невялікі адыход ад яе, лічу, цалкам дарэчны. Універсітэцкая алімпіяда — гэта цудоўная магчымасць для здольных вучняў паступіць у жаданую ўстанову адукацыі без дадатковага стрэсу на цэнтралізаваным экзамене.

Алімпіядай мяне зацікавіў аднакласнік, і я вырашыў па­ўдзельнічаць у ёй з цікавасці і для праверкі ведаў, — прызнаўся Ілья Хлус. — Да спаборніцтваў рыхтаваўся толькі штодзённым рашэннем заданняў па фізіцы, як да цэнтралізаванага тэсціравання. Школьных ведаў для алімпіяды цалкам хапае, але сустракаліся тэмы, якія мы яшчэ не праходзілі па праграме. Самае важнае — настойлівасць і ціка­васць да прадмета. Універсітэцкая алімпіяда дазваляе апраба­ваць сілы пры паступленні ў розныя ўстановы вышэйшай адукацыі, праверыць уласныя веды і быць залічаным туды амаль адразу пасля школы.

 Сяргей ГРЫШКЕВІЧ