У будучыню — з робатамі

- 12:23Навіны рэгіёнаў

Сёння робаты выконваюць разнастайныя задачы: працуюць на Марсе, у заводскіх цэхах, ратуюць людзей падчас небяспечных сітуацый, малююць карціны. Што яшчэ яны змогуць рабіць у будучыні? Адказ на гэтае пытанне ўжо выспявае ў думках хлопчыкаў і дзяўчынак, захопленых робататэхнікай. Менавіта такіх дзяцей сабраў абласны конкурс “Дарога ў будучыню”.

— Конкурс называецца так не выпадкова. Тут і сапраўды можна адчуць атмасферу інавацый, атмасферу будучыні. Яе мы ствараем сёння, зараз, — расказвае Людміла Віктараўна Камлюк-Ярашэнка, прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Мінскага абласнога ІРА. — У Мінскай вобласці актыўна развіваецца LEGO-канструяванне, робататэхніка, праграмаванне. І мы бачым плён такой работы на конкурсе. У гэтых дзяцей іншы тып мыслення, яны інакш успрымаюць інфармацыю і працуюць з ёй.

З кожным годам удзельнікаў конкурсу становіцца больш. Так, сёлета некаторыя раёны і нават установы праводзілі папярэднія спаборніцтвы, каб выбраць кандыдатаў для абласнога конкурсу. І ўвогуле, з кожным годам павялічваецца колькасць дзяцей, якія цікавяцца заняткамі такога кшталту. Напрыклад, у Жодзіне аб’яднанне па робататэхніцы — адно з самых запатрабаваных.

— Сёння ў нас займаецца каля 70 чалавек, і ёсць яшчэ жадаючыя. У гэтым годзе мы пачалі праводзіць заняткі для дзяцей з 5-гадовага ўзросту. І яны таксама карыстаюцца попытам, — расказвае Вольга Ягораўна Герасімовіч, педагог філіяла “ТэхнаАрт” Цэнтра творчасці, турызму і экскурсій дзяцей і моладзі Жодзіна. — Прыемна, што дзяцей у іх жаданні займацца робататэхнікай падтрымліваюць бацькі, таму што яны вельмі хутка заўважаюць, наколькі станоўча заняткі ўплываюць на дзяцей, усебакова развіваючы іх.

Па традыцыі спаборніцтвы конкурсу “Дарога ў будучыню” праходзілі на факультэце інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі БНТУ, супрацоўнікі ўніверсітэта ўвайшлі ў склад журы. Свае ўменні і сваіх робатаў дэманстравалі на конкурсе 112 удзельнікаў з устаноў адукацыі вобласці.

Самыя юныя канкурсанты спаборнічалі ў кірунку “Робататэхніка” — яны збіралі пэўную мадэль спачатку па інструкцыі, а потым па малюнку. Лідарамі ў гэтай намінацыі сталі Сямён Дарошка, навучэнец гімназіі № 1 Салігорска, Канстанцін Дудкін, прадстаўнік Путчынскага ясляў-сада — пачатковай школы Дзяржынскага раёна, Максім Зайцаў, які вучыцца ў Мачулішчанскай сярэдняй школе Мінскага раёна, і Максім Юша, вучань гімназіі № 1 Барысава.

Для спаборніцтваў “Міні-сумо” кожны ўдзельнік стварыў робата і прадставіў яго на рынгу. Задачай робата было выпхнуць робата-саперніка за абазначаныя межы. Нікому не ўдалося супрацьстаяць робату, якога сабраў Яўген Драздоў, навучэнец сярэдняй школы № 20 Барысава. Дарэчы, юныя барысаўчане вельмі ярка выступілі менавіта ў гэтай намінацыі — атрымалі таксама дыпломы ІІ і ІІІ ступені.

У кірунку “Траекторыя” ўдзельнікам трэба было запраграмаваць створанага робата так, каб ён хутка і без памылак прайшоў па зададзеным маршруце. Найлепш з гэтым справіўся Андрэй Маліноўскі, прадстаўнік гімназіі-інтэрната Мядзела. Каманда менавіта згаданай установы была найбольш паспяховай у гэтым кірунку — яе прадстаўнік атрымаў таксама дыплом ІІ ступені. Мядзельскія навучэнцы не першы раз сярод лідараў гэтага і іншых конкурсаў па робататэхніцы. Зусім нядаўна гімназісты мелі гонар прадстаўляць нашу краіну на Сусветнай алімпіядзе робатаў у Тайландзе. Узнагароду на абласным конкурсе атрымаў і кіраўнік каманды Вячаслаў Станіслававіч Саўчык. Яму ўручаны спецыяльны прыз Мінскага абласнога ІРА за выніковую падрыхтоўку найбольшай колькасці ўдзельнікаў конкурсу. Такой жа ўзнагароды ўдастоена Наталля Генадзьеўна Коўшар, педагог сярэдняй школы № 2 Мар’інай Горкі Пухавіцкага раёна.

Арганізатары прадугледзелі цікавыя мерапрыемствы для дзяцей і па-за конкурснымі спаборніцтвамі. Навучэнцы наведалі музей БНТУ і сталі ўдзельнікамі навукова-забаўляльнага шоу. А каб дапамагчы зняць напружанне педагогам і бацькам, якія падтрымлівалі канкурсантаў і хваляваліся больш за іх, ім прапанавалі лекцыю “Аб робататэхніцы, дызайне і будучых інжынерах”. Перад прысутнымі выступіў Рыгор Аляксандравіч Пракаповіч, загадчык лабараторыі робататэхнічных сістэм Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.