У будучыню з упэўненасцю

- 15:19Нам пішуць

Нядаўна ў сярэдняй школе № 1 Быхава прайшла дэкада псіхалогіі і прафарыентацыі “Пазнавай і развівай!”. Усе маглі паўдзельнічаць у псіхалагічных акцыях, конкурсах, аўкцыёнах, якія дапамагалі лепш спазнаць сябе, адно аднаго і проста палепшыць настрой. Зрабіць гэта атрымалася дружна, усім разам: і дзецям, і педагогам.

Кожны дзень дэкады адлюстроўваў пэўную галіну ведаў, быў прысвечаны развіццю якасцяў: шчырасці, дабрыні, адказнасці і інш.

Дэкада пачалася днём роднай школы “Школа, школа — дом родны!”, прайшлі акцыі “Адкрытыя сэрцы”, “Бясплатныя абдымкі”. Наступным стаў дзень дружбы “Разам мы моцныя, разам мы сябруем!”, які запомніўся акцыяй “Знайдзі сабе сябра”, гульнямі “Далічы да 10” і “Зразумець без слоў”. У суботу ладзіўся псіхалагічны КВЗ паміж дзецьмі і педагогамі “Псіхалогія — гэта цікава!”.

Новы тыдзень пачаўся днём адкрыццяў “Жыццё вучыць тых, хто яго вывучае”. На наступны дзень школа акунулася ў свет чараўніцтва “Жыццё дадзена на добрыя справы”.

Прафесіям быў прысвечаны наступны этап “З упэўненасцю ў заўтрашні дзень”. Дзень самапазнання “Быць чалавекам проста, стаць асобай складаней” пачаўся правядзеннем акцыі “Выберы сябра”. Дзецям было неабходна на бланку напісаць самага прыязнага чалавека ў школе або свайго сябра і кінуць у скрыню для галасавання. Па выніках галасавання былі выяўлены самыя прыязныя дзеці. Працягнуў гэты дзень конкурс “Сам сабе графолог”.

У пятніцу ў школе прайшоў дзень добрага настрою “Ісці па жыцці з усмешкай”. Завяршылася дэкада псіхалогіі і прафарыентацыі падвядзеннем вынікаў, узнагароджаннем пераможцаў конкурсаў, віктарын, гульняў. У гэты дзень таксама прайшла “Смехапанарама”: дэманстраваліся вясёлыя відэафільмы пра школу, якія прымусілі пасмяяцца ад душы.

Таццяна НАВУМЕНКА,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 1 Быхава.