Што ўпрыгожвае нашых жанчын, стварае іх асаблівы вобраз? Безумоўна, усмешка, добры настрой, букет кветак, прафесія, лад жыцця, сапраўдны мужчына побач. А яшчэ… фотаапарат. Ды не проста “мыльніца”, а прафесійны, з фіксам або тэлевіком. Можна бясконца назіраць за тым, як струменіць крыніца, патрэсквае вогнішча і як жанчына-фатограф пяшчотнымі рукамі спрытна абыходзіцца з фотатэхнікай. Асаблівай таямнічасці вобразу жанчыны-фатографа надае прырода, напрыклад, бераг рэчкі ці возера. Калі ў такія імгненні знаходзішся побач, то здаецца, каля цябе сапраўдная русалка з фотаапаратам.
Пра сям’ю і птушак
Пра мужчыну, які адпраўляецца ў лес, каб не грыбоў і ягад назбіраць, а злавіць у відашукальнік фотаапарата вяртлявую птушку ці асцярожнага звера, мы скажам так: “Аматар прыроды, фотапаляўнічы”. А вось падобныя паводзіны жанчыны хутчэй за ўсё выклічуць непаразуменне. Як гэта, у выхадны дзень пасля працоўнага тыдня ды не паваляцца лішнюю гадзінку ў ложку, не паэксперыментаваць на кухні з кулінарнымі шэдэўрамі, не сустрэцца з сяброўкамі і наогул прамяняць сям’ю на нейкіх птушак? Не жаночая гэта справа блукаць у адзіноце па лясах. Іншыя запярэчаць: “Па-першае, прыгатаваць ежу можна і ў паходных умовах. Па-другое, адправіцца на прыроду можна і ўсёй сям’ёй. Па-трэцяе, на фотапрагулку можна ўзяць і сябровак”.
Менавіта такой думкі прытрымліваюцца нашы гераіні, для якіх фотаанімалістыка (мастацкае фатаграфаванне прыроды) з’яўляецца не проста захапленнем, а ладам жыцця. Нехта скажа, што для гэтага цікавага хобі патрэбна шмат вольнага часу, таму пажадана быць незамужняй, да таго ж жыць у гарадской кватэры, каб не ведаць клопату па гаспадарцы. Усё гэта праўда, але і ў педагога-псіхолага ясляў-сада № 6 Навагрудка Кацярыны Віктараўны Чыжэўскай, і ў настаўніцы біялогіі і хіміі Лемяшэвіцкай сярэдняй школы Пінскага раёна Святланы Анатольеўны Барычэўскай ёсць і гаспадарка, і сям’я, прычым у Святланы Анатольеўны, акрамя мужа, яшчэ тры сыны-волаты. Аднак жанчыны не толькі выдатна выконваюць сямейныя абавязкі, але і могуць з лёгкасцю за адзін дзень прайсці некалькі кіламетраў у пошуках удалага кадра. Мужныя і вынослівыя, лагодныя і пяшчотныя, клапатлівыя і каханыя. І адкуль у іх знаходзіцца час яшчэ і для прагулак з фотаапаратам? Адкуль цікавасць да фотаанімалістыкі?
Больш чулым і добрым
— Мастацкае фатаграфаванне прыроды — гэта не толькі блуканне па лясах і палях, а ў першую чаргу чаканне цуду. А як па-іншаму назваць моманты, калі, напрыклад, на лясной сцяжынцы ты раптоўна сустракаеш сойку з жолудам у дзюбе і якая, пабачыўшы цябе, не спяшаецца ўзляцець на дрэва, а нібыта знарок чакае, што ты навядзеш рэзкасць і зробіш фота на памяць. Альбо калі любуешся, як вечаровае сонца хаваецца за даляглядам і дорыць на развітанне незвычайны феерверк з жоўтага, аранжавага, чырвонага, блакітнага і сіняга колераў. І як тут не дастаць фотаапарат і не занатаваць гэты цуд, — дзеліцца Кацярына Віктараўна.
І ў пацвярджэнне сваіх слоў мая суразмоўніца паказала серыю фотаздымкаў, на якіх і тая самая сойка, і той самы вечаровы феерверк. Нельга не пагадзіцца з педагогам і ў тым, што дзякуючы фотаапарату можна не толькі навучыцца заўважаць прыгажосць роднага краю, але і зрабіць сваё сэрца больш чулым і добрым.
Сапраўды, хіба можа быць жорсткім чалавек, які здольны цэлы дзень любавацца заходам сонца або ранішняй расой, слухаць спеў птушак, назіраць за незвычайным жыццём насякомых.
Свой фотапочырк
Да фотаанімалістыкі Кацярына Віктараўна далучылася шэсць гадоў назад, калі нарадзілася дачка. Занатаванне першых дзіцячых крокаў з дапамогай фотаапарата паступова перарасло ў больш шырокае захапленне. Паколькі педагог любіць праводзіць вольны час з сям’ёй на прыродзе, то аб’ектам фатаграфавання сталі расліны, птушкі, звяры, насякомыя.
— Праз фатаграфію намагаюся перадаць сваім родным, блізкім і калегам прыгажосць роднага краю, паказаць, сведкам якога цуду можна стаць, калі правесці выхадны дзень не на канапе, а ў лесе ці на лузе, — адзначыла Кацярына Віктараўна.
Як у кожнага фатографа, у нашай гераіні ёсць свае сакрэты ўдалых здымкаў, свой фотапочырк.
— Я зрэдку заходжу на форумы фатографаў. Не хочацца пераймаць у кагосьці ідэю, сюжэт і кампазіцыю здымка, як і не хочацца прыніжаць самаацэнку, параўноўваючы свае здымкі з работамі сапраўдных прафесіяналаў. Адзінае, што не пашкодзіла б, дык гэта скончыць спецыяльныя курсы, бо адчуваю, што тэарэтычных ведаў па фотасправе ў мяне недастаткова. А цікавасць да ўсяго жывога ў мяне ад бацькі. Хоць ён і не фатограф, аднак вельмі творчы чалавек, займаецца аграэкатурызмам, таксама любіць прыроду, — падзялілася Кацярына Віктараўна.
Па трафей — хоць у балота
А вось Святлану Анатольеўну да фотаанімалістыкі далучыў яе старэйшы калега, апантаны фотапаляўнічы, настаўнік геаграфіі Лемяшэвіцкай сярэдняй школы Мікалай Аляксандравіч Ляцук. Наогул, на першае сваё фотапаляванне Святлана Анатольеўна адправілася яшчэ ў студэнцкія гады ў гарадскі парк. Самы ўдалы трафей таго часу: здымак рыжай вавёркі з шышкай у лапках. Як і кожная жанчына, Святлана Анатольеўна вельмі любіць кветкі, у тым ліку і самастойна іх вырошчваць, а таксама збіраць ягады і грыбы. Нездарма менавіта рамонкі, хрызантэмы, апенькі, суніцы і іх шматлікія суродзічы з’яўляюцца галоўнымі героямі фотаздымкаў. І, канечне, адметны палескі пейзаж.
Не сакрэт, што ў кожнага фотаанімаліста ёсць свая мара, свой герой, якога абавязкова хочацца сфатаграфаваць на памяць. Для Святланы Анатольеўны такім героем, а дакладней гераіняй, з’яўляецца беларуская архідэя, або венерын чаравічак, — расліна, занесеная ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Настаўніца і да сённяшняга часу выдатна помніць той момант, калі ў дзяцінстве разам з сяброўкамі нарвала на ўскрайку балота цэлы букет ярка-жоўтых з чырвонымі крапінкамі кветак і прынесла іх у школу.
— Пасля таго, як настаўнік растлумачыў, што гэта рэдкая расліна і яе нельга рваць, нам стала сорамна. Шкада, канечне, што тады не было фотаапарата, бо мне больш ніколі не давялося любавацца прыгажосцю гэтай кветкі. І ўсё ж спадзяюся, што здымак венерынага чаравічка абавязкова ўпрыгожыць калекцыю маіх фотатрафеяў, — падзялілася настаўніца.
Імкненне як мага часцей выстаўляць свае работы на фотасайтах, абмяркоўваць на форумах фатографаў трафеі аднадумцаў — гэта не пра нашых гераінь. Аднак узнагарода, як вядома, абавязкова знаходзіць героя. Так, адпраўляючы свае работы на раённы этап рэспубліканскага конкурсу “Маёй зямлі вянкі сплятаю”, які праводзіўся ў мінулым годзе ў рамках акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” Міністэрствам адукацыі і Рэспубліканскім цэнтрам тэхнічнай творчасці, і Кацярына Віктараўна, і Святлана Анатольеўна не думалі, што іх фотатрафеі будуць прызнаны лепшымі не толькі ў раёне, вобласці, але і рэспубліцы ў намінацыях “Свет жывёл” і “Дзівоснае побач” (макраздымкі).
Замест утульнай канапы
Зацікаўленыя педагогі пастаянна шукаюць эфектыўныя формы і метады правядзення выхаваўчай работы. Гэта могуць быць і рознатэматычныя класныя гадзіны, і адмысловыя экскурсіі, і незабыўныя вандроўкі, паходы. Адносна нядаўна ў багатай скарбонцы беларускага педагагічнага вопыту з’явілася і фотаанімалістыка. Ці трэба далучаць навучэнцаў да гэтай справы? Дзеля чаго ў выхадны дзень мяняць утульную канапу на лясныя і палявыя сцежкі? Вось некалькі рэкамендацый ад нашых гераінь.
Дачакайцеся выхаднога дня. Загадзя вызначце маршрут падарожжа ў бліжэйшы лес, парк або поле. Устаньце як мага раней, калі прырода толькі прачынаецца і рыхтуецца сустрэць новы дзень. Хуценька збярыцеся, акрамя бутэрбродаў і чаю ў тэрмасе, абавязкова вазьміце фотаапарат, пажадана прафесійны ці паўпрафесійны, пры адсутнасці падыдзе і “мыльніца”. Падчас прагулкі, каб зрабіць удалы кадр, для пачатку хаця б некалькі хвілін пастойце моўчкі, палюбуйцеся колерамі неба, якое адбіваецца ў люстэрку ракі або возера, паслухайце шапаценне хваляў, паназірайце за тым, як вецер калыша прыбярэжную траву, і незвычайны кадр вы заўважыце абавязкова.
Калі ўжо дома падчас прагляду фотаздымкаў у вас усё ж з’явяцца сумненні наконт карысці ад праведзенага сярод прыроды дня, паспрабуйце ўзгадаць, ці ўзнікалі ў вас падчас фотапрагулкі дрэнныя думкі, ці ўзрушылі сэрца благія ўспаміны. Думаю, стане зразумелым, што фотаанімалістыка вартая недагледжаных сноў, непрыгатаванага на кухні смачнага абеду і непрачытаных у інтэрнэце апошніх навін.