У чаканні навагодніх цудаў

Бываюць імгненні, калі шчыра верыш у цуды, у тое, што спраўдзяцца мары і, як у казцы, пераможа дабро. У чараўніцтва вераць не толькі дзеці, але часам і дарослыя. Хто ж падорыць дзецям сапраўдную навагоднюю казку? Педагогі дзіцячага сада Копішча Мінскага раёна падрыхтавалі незвычайнае свята “Новы год у падводным царстве” з персанажамі Вадакрутам і Квакуняй, жабамі,  русалкамі, медузамі і, вядома ж, Дзедам Марозам і Снягуркай.

Свята для Вадакрута

Дзіцячы сад сустрэў мяне яркім убраннем, па-мастацку аформленымі фотазонамі з сімвалам будучага года Тыграм. Каля галоўнага ўвахода заўважыла скрыню для лістоў Дзеду Марозу і святочныя паштоўкі, якія дзеці разам з бацькамі падпісвалі і адпраўлялі па назначэнні. Усе навагоднія атрыбуты, як стала вядома потым, зроблены рукамі педагогаў установы. Накіравалася ў музычную залу, а па шляху спынялася, каб палюбавацца навакольнай прыгажосцю.

…У музычнай зале я адразу акунулася ў падводны свет феерычных танцаў, песень і вершаў у выкананні дзяцей — маленькіх медуз, русалак, жабак і гномікаў. Весяляцца ўсе. Вось толькі адзін Вадакрут, седзячы на троне, сумна заўважае: “Ох, якая нудота ўся вось гэтая прыгажосць!”. Яго ролю таленавіта выконвае музычны кіраўнік Алена Навумчык. І нават пацешнаму жабяняці Квакуні, у вобразе якога выступае музычны кіраўнік Ірына Заўгародняя, не ўдаецца падняць настрой марскому ўладару. “Адно і тое ж круглы год, а на сушы — Новы год! Дзеці водзяць карагод вакол ёлкі. Дзед Мароз там са Снягуркай падарункі направа і налева раздаюць, а мы сядзім тут адны, так і састарэем з нуды, — незадаволена бурчэла марская вялікасць. — Вось калі б нам выкрасці Снягурку, тады Дзед Мароз да нас прыйдзе яе вызваляць, тут мы і павесялімся!”.

Падманным шляхам Вадакрут выкрадае ўнучку Дзеда Мароза, калі тая выходзіць па ваду да калодзежа, а разам з ёй і падарункі забірае. Усхваляваныя дзеці паклікалі на дапамогу Дзеда Мароза. …Вызваленая з воднага палону, Снягурка расказвае, што Вадакрут на самай справе вельмі добры, толькі сумны. Яму проста хочацца навагодняга свята. “Відаць, ніхто ніколі казак яму не чытаў! Бо ў казках заўсёды дабро перамагае!”, — упэўнена прамовіў Дзед Мароз. Вадакрут паслухмяна вяртае падарункі, што прыхаваў у ракавінцы. Хоць яны там змерзлі, дзеці адагрэлі іх цяплом сваіх далонек. Усе разам пачалі гуляць у папяровыя снежкі і ляпіць снегавіка. Нарэшце, наступіў доўгачаканы момант: Дзед Мароз, чыю ролю артыстычна сыграў тата выхаванца, уручае дзецям падарункі. Дзіўна, але яго маленькі сын нават не пазнаў тату на свяце, што гаворыць аб бліскучым уменні мужчыны пераўвасабляцца.

 У атмасферы радасці

   — Да Новага года мы пачалі рыхтавацца ў лістападзе сіламі ўсяго калектыву,— расказала загадчыца дзіцячага сада Юлія Панкрацьева. — Усе супрацоўнікі ўклалі ў гэтую справу часцінку сваёй душы і працы. Для кожнай дашкольнай групы рыхтаваўся арыгінальны сцэнарый са сваімі творчымі нумарамі і касцюмамі. Сюжэт ранішніка “Новы год у падводным царстве” для старшай групы распрацавала музычны кіраўнік Настасся Камлюк. На працягу некалькіх месяцаў педагогі развучвалі з дзецьмі танцы, песні і вершы.

—Некаторыя выхаванцы наведваюць у садзе дадатковыя заняткі па вакале і харэаграфіі. Падчас ранішніка кожны праявіў свае творчыя ўменні і навыкі. Дзеці добра спявалі, інтанавалі. Як цудоўна яны выканалі рытмадэкламацыю “Сардзінкі”! А як добра трымалі ножку ў танцах, спраўна выконвалі спартыўныя элементы! — расказала Настасся. — Падчас такіх свят педагогі бачаць вынік сваёй карпатлівай штодзённай работы з малышамі. Дарэчы, харэаграфію ў гэтай групе выкладае кіраўнік фізвыхавання Кацярына Сахнова, якая сёння была ў ролі Снягуркі. 

—І пры падрыхтоўцы да свят, і падчас выступленняў дзецям надзвычай важна адчуваць падтрымку дарослых, — адзначыла выхавальніца групы Настасся Хрышчановіч. — Маёй задачай было не проста дапамагчы дзецям ужыцца ў ролі, я ўсяляла ў іх упэўненасць, шукала падыход да кожнага, каб раскрыць іх здольнасці. Кожнага малога варта пахваліць, нават калі ў яго нешта не атрымліваецца, калі ён разгубіўся, забыўся словы. Бо самае галоўнае на дзіцячым свяце — не дух спаборніцтва, а атмасфера радасці.

Пазітыўныя эмоцыі падчас паказу зашкальвалі. Бацькі выхаванцаў, якія прыйшлі падтрымаць дзяцей, адзначалі, што на такім цудоўным свяце раней не бывалі. Шкада толькі, што казка так хутка скончылася. Вельмі хочацца затрымацца ў гэтым чараўніцтве як мага даўжэй.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.