Вынікі патрыятычнага праекта «Месцы сілы Чашніччыны» падвялі ў раённым цэнтры дзяцей і моладзі

- 12:18Новости

У Чашніцкім раённым цэнтры дзяцей і моладзі падвялі вынікі інфармацыйна-­патрыятычнага праекта “Месцы сілы Чашніччыны”, прымеркаванага да 80­-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка­-фашысцкіх захопнікаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Раённы праект аб’яднаў юных даследчыкаў ваеннай гісторыі малой ра­дзімы. Школьнікі вывучалі гісторыю помнікаў, біяграфіі ўдзельнікаў вайны — як па ўспамінах відавочцаў і іх нашчадкаў, так і ў архівах, а таксама сістэматызавалі атрыманыя звесткі на розных рэсурсах. Такая работа дала ім магчымасць дакрануцца да жывой гісторыі, даведацца пра ўчынкі мужных і стойкіх людзей.

— Абеліскі, помнікі і мемарыялы — гэта памяць аб героях і ахвярах той вайны. Гэта сімвалы ўсенароднага згуртавання, супраціўлення фашызму і перамогі над ім. Тут месцы нашай сілы, напоўненыя асаб­лівым духам патрыятызму і любоўю да Ра­дзімы, — адзначае Любоў Апанасёнак, загадчыца аддзела турызму, краязнаўства і экалогіі Чашніцкага РЦДіМ, адзін з аўтараў праекта, распрацаванага сумесна з аддзелам адукацыі. — Сюды наша падрастаючае пакаленне ідзе, каб атрымаць урокі мужнасці і гераізму ад людзей, якія са зброяй у руках абаранялі сваю зямлю. Нам важна захаваць памяць аб іх подзвігу. Менавіта такая ідэя лягла ў аснову праекта.

У яго рэалізацыі ўдзельнічалі 9 каманд з ліку навучэнцаў 14—16 гадоў са школ Чашніцкага раёна, за якімі былі замацаваны аб’екты культурна-гістарычнай значнасці. У іх ліку Алея Герояў Савецкага Саюза, помнік воінам-вызваліцелям у Чашніках, Алея памяці і смутку ў Зарэчнай Слаба­дзе, помнік Герою Савецкага Саюза Ф.Ф.Дуб­роўскаму, брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан у Старых Лаўках, Іванску, Кашчыне, магіла Ф.П.Булахава ў Красналуках, мемарыяльны комплекс “Вішанькі”…

З красавіка па верасень у чатыры этапы навучэнцы выконвалі карпатлівую даследчую работу па вывучэнні месцаў сілы Чашніччыны. Тры этапы прайшлі з завочным прадстаўленнем матэрыялаў. На першым этапе каманды падрыхтавалі відэаэкскурсіі “Помнім, ганарымся, шануем!”, дзе адлюстравалі гісторыю стварэння ваенна-гістарычных аб’ектаў, якія даследавалі, раскрылі іх сімволіку. На другім — прадставілі іх макеты ў намінацыі “Па­мяць у граніце”. Дзеці зрабілі паменшаныя копіі помнікаў, брацкіх магіл, мемарыяльных комплексаў, абеліскаў воінскай славы. На трэцім этапе распрацавалі і апрабавалі 6 турыстычна-экскурсійных маршрутаў па 25 месцах баявой славы, склалі “Дзённік турыста”. На працягу ўсяго перыяду выканання работы вёўся рэйтынг удзелу каманд на сайце праекта.

Нядаўна на базе Чашніцкага РЦДіМ адбыўся заключны вочны этап — конкурс-прэзентацыя. Каманды прадставілі свае міні-даследаванні па тэме захавання гістарычнай памяці, аўтарскія напрацоўкі. Дзеці расказалі аб рабоце, праведзенай у рамках розных этапаў праекта, прадставілі апісанне шматлікіх помнікаў ваеннай гісторыі на гераічнай чашніцкай зямлі. Усе матэрыялы ў далейшым будуць выкарыстаны ў выхаваўчай рабоце з навучэнцамі, пры правядзенні экскурсій і паходаў ваенна-патрыятычнай накіраванасці, а таксама падчас удзелу ў абласным этапе рэспубліканскай героіка-патрыятычнай акцыі “Вялікай Перамозе — 80!” (конкурс “Абеліскі памяці”) пры стварэнні інтэрактыўнага плаката памятных аб’ектаў Чашніцкага раёна. Гэта значыць, што любы не­абыякавы да гісторыі роднага краю чалавек зможа лёгка знайсці на сваёй зямлі месцы сілы, якія захавалі памяць аб мужнасці воінаў-чырвонаармейцаў, падпольшчыкаў, партызан…

Журы з ліку прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў, мясцовай прэсы, РЦДіМ па заслугах ацаніла актуальнасць і практычную значнасць вынікаў праектнай работы і вызначыла прызёраў. Пераможцай стала каманда “Баграціён” Кашчынскай сярэдняй школы імя М.А.Сурына, на 2-м месцы — каманда “Легіён” Чашніцкай гімназіі, замыкае тройку прызёраў каманда “Патрыёты” Цяпінскай сярэдняй школы. Дыпломам за актыўны ўдзел у мерапрыемствах праекта адзначана каманда “Дзеці міру” сярэдняй школы № 4 Чашнікаў.

— Мы не ставім кропку пасля завяршэння праекта, — падкрэслівае Любоў Пятроўна. — Яго практычныя вынікі — запрашэнне да дыялогу аб духоўным по­дзвігу герояў. Удзельнікамі гэтага дыялогу стане актыўная, творчая моладзь і старэйшае пакаленне. Месцы сілы Чашніччыны — гэта наша гістарычная па­мяць, сімвал адзінст­ва і пераемнасці пакаленняў.

Людміла КУРЫЛЬЧЫК
Фота прадастаўлены ўстановай дадатковай адукацыі