У часовы прытулак — з пастаянным клопатам

- 11:20Адукацыйная прастора

…Некалькі хлопчыкаў і дзяўчынак, малодшаму з якіх няма і трох гадоў, адкрывалі школьныя ранцы, рознакаляровыя пакеты і паказвалі адно аднаму яркія цацкі, абутак, алоўкі, сшыткі, цукеркі: “А ў мяне лялька! А мне машынку падарылі!” У кожнага дзіцяці свой, індывідуальны падарунак: па ўзросце, інтарэсах. А побач стаіць пакет са спартыўным абуткам і адзеннем. Усё гэта — падарункі выхаванцам аддзялення дзіцячага сацыяльнага прытулку Дзяржынскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Мінскай вобласці, што ў вёсцы Станькава, ад Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Падарункі малым прывёз старшыня галіновага прафсаюза Аляксандр Аляксандравіч Бойка, які, дарэчы, распачаў гэты вераснёўскі дзень таксама з сустрэчы з дзецьмі. Ён разам са старшынёй Мінскага гарадскога аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Мікалаем Аляксандравічам Беланоўскім пабываў на гасцявым прафсаюзным уроку ў штаб-кватэры Федэрацыі прафсаюзаў у Мінску, куды прыйшлі дзесяцікласнікі сталічнай гімназіі № 24 на ўрок “Моладзь і прафсаюзы”.У Станькава ж А.А.Бойка прыехаў не ўпершыню — галіновы прафсаюз шэфствуе над прытулкам з 2006 года, калі той і быў створаны. — Падарункі ад галаўной прафсаюзнай арганізацыі нашы дзеці атрымліваюць не радзей, чым тры разы ў год, — расказвае дырэктар СПЦ Вацлаў Аляксандравіч Макарэвіч, — да Новага года, да Дня абароны дзяцей і на пачатку навучальнага года.
А яшчэ галіновы прафсаюз дапамагае прытулку з набыццём неабходнага абсталявання, бытавой тэхнікі і г.д. Так, дзякуючы гэтай падтрымцы, у прытулку абсталяваны пакой аказання псіхалагічнай дапамогі, у гульнявым пакоі з’явіўся вялізны тэлевізар, па якім можна глядзець мульцікі і кіно ў 3D-фармаце, створана прыгожая актавая зала, набыты сушыльны барабан, шафы, іншыя рэчы. А яшчэ напрыканцы лета хлопчыкі і дзяўчынкі з прытулку з’ездзілі на дабрачынны спектакль “Падарожжа з ветрам” у Рэспубліканскі палац культуры ветэранаў. Перадаў білеты і аплаціў аўтобус таксама Беларускі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі.
— Там былі клоўны! Быў сабака! Страусы! Іншыя лялькі! — перабіваюць адно аднаго малыя. — Там было весела!
І адразу зразумела, што хаця пасля паездкі прайшоў пэўны час, яна іх настолькі ўразіла, што помніць яе дзеці будуць доўга, не выключана, што ўсё жыццё. Бо, магчыма, гэта пакуль іх адзінае падобнае падарожжа, і ў тэатры яны былі ўпершыню, змаглі паехаць туды толькі пасля таго, як трапілі ў сацыяльны прытулак.
На момант прыезду сюды кіраўніка галіновага прафсаюза ў прытулку знаходзілася 10 дзяцей, двое, праўда, прыхварнулі, трапілі ў медустановы. А самая старэйшая з выхаванак — 16-гадовая дзяўчына — якраз збіралася да ад’езду на вучобу ў абласны аграрна-тэхнічны прафесійны ліцэй, што ў Дзяржынску. За ўвесь перыяд існавання прытулку рэабілітацыю тут прайшлі больш за 300 выхаванцаў, зварот дзяцей у родныя сем’і стабільна складае 60—70%, так што і ў большай часткі яго сённяшніх выхаванцаў ёсць нядрэнны шанс вярнуцца дадому. Дапамагаюць жа дзецям, якія часова трапілі сюды, не толькі галіновы прафсаюз, але, скажам, і Дзяржынскі райкам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, які нядаўна перадаў дзецям у прытулку падарункі да навучальнага года.
Зрэшты, і ў галіновага прафсаюза сярод падапечных не толькі сацыяльны дзіцячы прытулак у Станькаве. Сёлета, напрыклад, прафсаюз аказаў фінансавую дапамогу Нараўлянскаму раённаму сацыяльна-педагагічнаму цэнтру Гомельскай вобласці, Навасадскай сярэдняй школе Барысаўскага раёна Мінскай вобласці, гімназіі № 3 Барысава на стварэнне музея гісторыі адукацыі Барысаўскага раёна. Усяго, уключаючы пастаяннае шэфства над Дзяржынскім сацыяльным прытулкам, ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі выдаткаваў з пачатку года да 31 жніўня больш за 135 млн рублёў у рамках акцыі “Прафсаюзы — дзецям”.
Падобныя акцыі праводзяць таксама ўсе абласныя, раённыя, гарадскія прафсаюзныя арганізацыі. Так, прафсаюзныя арганізацыі ўсіх узроўняў у Мінскай вобласці ў рамках акцыі “Збяры партфель у школу” дапамаглі 428 сем’ям работнікаў галіны амаль на 160 млн рублёў. У асноўным дапамогу атрымалі мнагадзетныя, няпоўныя, малазабяспечаныя сем’і. А прафсаюзныя арганізацыі сістэмы адукацыі Гомельшчыны ахапілі дабрачыннай акцыяй больш за 1700 школьнікаў на суму звыш 570 млн рублёў.
…Між тым у Станькаве кіраўнік галіновага прафсаюза развітваўся з выхаванцамі прытулку, узяўшы з тых, хто ўжо ходзіць у школу, абяцанне добра вучыцца. І па вачах малых было бачна — яны гэтае абяцанне выканаюць. Калі не перашкодзяць дарослыя — родныя мамы і таты, якім абавязкова трэба вярнуцца да нармальнага жыцця і вярнуць яго сваім дзецям.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара.