У чэмпіёны з дзіцячага сада

Алімпійскія гульні, чырлідынг і лыжы круглы год — гэта і многае іншае выкарыстоўвае ў рабоце з дзецьмі Алена Баранава, кіраўнік фізічнага выхавання ясляў-сада № 411 Мінска. Больш за 10 гадоў установа супрацоўнічае з Беларускім дзяржаўным універсітэтам фізічнай культуры. Студэнты праходзяць тут практыку, а педагогі павышаюць кваліфікацыю. Для калег Алена Барысаўна праводзіць майстар-класы, выступае на семінарах, арганізоўвае навукова-даследчую работу. 

Галоўнае — захапіць дзіця

— Лыжны спорт мне вельмі блізкі, паколькі я з дзяцінства шмат трэніравалася. Вучыць хадзіць на лыжах мы пачынаем дзяцей з 4—5 гадоў. Навучанне ладзіцца круглы год. Асноўны сезон праходзіць з лістапада па сакавік. У астатні час — падрыхтоўчы перыяд, калі ў фізкультурнай зале дзеці выконваюць спецыяльныя практыкаванні, адпрацоўваюць тэхніку руху, умацоўваюць неабходныя групы мышцаў. Імітаваць рухі лыжнікаў дапамагае спецыяльнае абсталяванне (мяккія модулі, гумкі, вяроўкі). Мы раскладваем у зале дываны-дарожкі, дзеці надзяваюць лыжы і рухаюцца па імправізаванай лыжні, адпрацоўваючы крок у пэўным тэмпе і рытме. Быў зняты вучэбны фільм “Маленькія лыжнікі” (https://youtu.be/y18wJl9Po7Q) з удзелам педагогаў і выхаванцаў сада, з якога можна даведацца пра тое, як навучыць дзіця 4 гадоў хадзіць на лыжах, з чаго пачынаць, якія практыкаванні выкарыстоўваць і, увогуле, як зацікавіць малога.

Алена Барысаўна — сапраўдны энтузіяст. Пры неабходнасці педагог працуе з дзецьмі дадаткова індывідуальна і ў падгрупах. Але і за той невялікі час, што адведзены на адны заняткі з выхаванцамі (20—30 мінут), яна паспявае многае. Кожнаму малому трэба дапамагчы надзець і зняць лыжы, адпрацаваць тэхніку, ды яшчэ паклапаціцца пра тое, каб яму падабаўся сам працэс. Асобная задача — пераканаць бацькоў не баяцца ставіць дзіця на лыжы, запэўніць, што яно не спацее, будзе пераапранута, не ўпадзе і не ўдарыцца.

Для таго каб утрымаць увагу дзяцей, выклікаць цікавасць да заняткаў, педагог выкарыстоўвае гульні. Часта суадносіць іх з тэмамі, якія дзеці вывучаюць на занятках з выхавальнікамі. Калі гэта тэма “Агарод”, то на фізкультуры малыя будуць дзейнічаць згодна з прыдуманым Аленай Барысаўнай сюжэтам: бегчы ў агарод, аббягаць змейкай (або пераскокваць) праз агародніну (спецыяльныя наборы), адначасова называючы іх. 

Настасся МАЙСЕЙЧЫК:

“Гавораць, што дзіця адпачывае ў руху, а стамляецца седзячы. Рух — гэта натуральная патрэба малых, першасны стымул развіцця розуму. Практычна ўсе дзеці ў меру здольнасцей і магчымасцей могуць займацца чырлідынгам з аздараўленчай мэтай. Хаця допуск да заняткаў у любым выпадку дае ўрач”.

— Можна загадаць камандным голасам: “Дзеці, хутка пастроіліся!”, а можна сказаць з інтрыгай: “Сёння кожны з вас будзе капітанам, становімся ў рад”. Эфект будзе іншым, у малых загарацца вочы,— гаворыць педагог. — Яшчэ ад зін спосаб захапіць дзіця — рухальныя апавяданні, спартыўныя казкі і падарожжы. Пачынацца яны могуць са слоў: “Мы идём, мы идём, никогда не устаём, в лес пришли, видим мы…”.  Педагог абапіраецца на кругагляд дзяцей пэўнага ўзросту. Напрыклад, выконваючы рытмічныя заданні пад музыку, малыя паўтараюць казку “Калабок”, імітуючы рухі яе персанажаў. 

Адзін з напрамкаў работы — спартыўна арыентаваная фізкультура, або алімпійская адукацыя для дашкольнікаў. Штогод у яслях-садзе № 411 Мінска праводзяцца малыя алімпійскія гульні. Кожны год праходзіць свята “З днём нараджэння, спартыўная сталіца”, калі мы знаёмім выхаванцаў са спартыўнымі збудаваннямі Мінска, праводзім віртуальную экскурсію па горадзе, расказваем аб розных відах спорту. Калі ў нашай краіне праходзіў чэмпіянат свету па хакеі, нашы выхаванцы на адным з мерапрыемстваў паказвалі элементы хакея на ролікавых каньках. Яшчэ мы вучым дзяцей катацца на скейтбордзе, скакаць на батуце, уключаем у заняткі элементы фітнесу. 

Чырлідынг — спорт для кожнага

На працягу некалькіх месяцаў Алена Баранава двойчы на тыдзень вядзе ў садзе гурток па чырлідынгу на платнай аснове для дзяцей сярэдняй і старшай груп. Яго наведваюць 50 дзяцей ад 4 гадоў, што даволі шмат, бо ў садзе крыху больш за 200 выхаванцаў, а выбар адукацыйных платных паслуг вялікі. Элементы чырлідынгу педагог уключае і ў штодзённыя заняткі фізкультурай, а таксама ў спартыўна-масавыя мерапрыемствы, забавы, дні здароўя. Маляўніча, з яркай атрыбутыкай праходзяць у садзе хвіліны адпачынку дзяцей, змена відаў дзейнасці. 

Захапленне чырлідынгам у Алены Барысаўны пачалося з наведвання курсаў у ІППК БДУФК, дзе яна пазнаёмілася з Настассяй Майсейчык — на той час старшым выкладчыкам інстытута, а сёння кіраўніком фізвыхавання дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 75 Мінска. Настасся Мікалаеўна папулярызуе чырлідынг як даволі новы для Беларусі від спорту. У нашай краіне ёсць федэрацыя чырлідынгу і каманд падтрымкі, наша зборная па чырлідынгу перамагае на чэмпіянатах Еўропы. У свеце як від спорту ён быў прызнаны ў 2017 годзе, а сёлета стаў алімпійскім відам спорту. Родапачынальнік чырлідынгу — Амерыка, там гэта базавы від спорту, на ім грунтуецца сістэма фізічнага выхавання дзяцей. 

Алена БАРАНАВА:

“У мяне быў выхаванец Сяргей Грынкевіч, які ўпершыню стаў на лыжы ў дзіцячым садзе і настолькі захапіўся, што працягнуў вучыцца ў спартыўнай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву па фрыстайле і акрабатычных відах спорту. Сяргей пачаў рабіць поспехі ў спорце, атрымліваць першыя ўзнагароды”.

Настасся Майсейчык — суаўтар праграмы факультатыўных заняткаў “Чырлідынг” для вучняў 3—8 класаў, якая ў 2010 годзе атрымала грыф Міністэрства адукацыі. Праграма не мае аналагаў у Беларусі. У Настассі Мікалаеўны распрацавана свая праграма гуртка па чырліынгу для дашкольнікаў, выйшаў аўтарскі дапаможнік для педагогаў, запланаваны вучэбныя курсы па гэтым кірунку для кіраўнікоў фізвыхавання. Задача, якую спецыяліст ставіць перад сабой і калегамі, — прывіць дзецям любоў да фізкультуры праз заняткі складана каардынацыйнымі відамі дзейнасці, выхаваць у іх патрэбу ў рухальнай актыўнасці.

— Чэрлідынг — гэта камандны від спорту, які спалучае ў сабе элементы гімнастыкі, акрабатыкі і харэаграфіі. Паміж удзельнікамі каманды размяркоўваюцца ролі ў залежнасці ад узроўню фізічнай падрыхтоўкі кожнага. Вялікае значэнне чырлідынг мае для развіцця ў дзяцей упэўненасці ў сабе, валявых і лідарскіх якасцей, матывацыі на поспех, — гаворыць Настасся Мікалаеўна. — У свае заняткі з выхаванцамі я ўключаю танцавальныя элементы (фрыстайл) з выкарыстаннем пампонаў і крыху акрабатыкі, калі дзеці выконваюць мост, стойку на лапатках і руках, кола, шпагат і паўшпагат, “кошык”, “кольца”, падтрымкі, кулькі і г.д. Вучу іх адчуваць рытм з дапамогай рэчытатываў, рытмічных практыкаванняў, спалучаць рух з маўленнем. Сачу за паслядоўным і дакладным выкананнем агульных практыкаванняў: хадзьба — выпады — пераступанне — стойкі. Ідзём ад простага да складанага, у адпаведнасці з методыкай фізвыхавання дашкольнікаў. Ад асноўнай праграмы па фізкультуры не адыходзім, перагрузкі быць не можа.

— Перш чым вучыць дзяцей чырлідынгу, неабходна падрыхтаваць іх да гэтага, — працягнула Алена Барысаўна. — Развіваць пачуццё тэмпу і рытму, вучыць чуць музыку. — У гэтым дапамагаюць калегі. Выхавальнікі падчас ранішняй гімнастыкі пачалі праводзіць з дзецьмі лагарытмічныя практыкаванні. Дарэчы, гэта дапамагае малым і на занятках па грамаце вылучаць гукі. Музычныя кіраўнікі параілі звярнуцца да сістэмы музычнага выхавання дзяцей вучонага і музыканта Карла Орфа, яго музычна-рытмічных заданняў, актыўнага слухання музыкі. Практыкаванні, карысныя пры падрыхтоўцы дзяцей да заняткаў чырлідынгам, прапанавала і настаўнік-дэфектолаг. 

На гурток да мяне ходзяць як дзяўчынкі, так і хлопчыкі. Адразу стараюся акрабатыку не даваць, заахвочваю танцавальнымі рухамі. Хлопчыкам замест пампонаў прапаноўваю для практыкаванняў бра ць у рукі пэўныя прадметы: гантэлі, цацкі, тэнісныя мячыкі. Сярод маіх чырлідараў ёсць і выхаванцы санаторных груп, у якіх аслабленае здароўе. Буду назіраць у дынаміцы за аздараўленчым эфектам, які аказваюць нашы заняткі. Асноўная мая задача — дасягнуць усвядомленага выканання рухаў дзецьмі, сфарміраваць у іх актыўную жыццёвую пазіцыю. Нягледзячы на тое, што ўсе працуюць у камандзе, кожны павінен адчуваць сваю значнасць, свой уклад у агульны поспех. Пакуль выкладанне чырлідынгу вядзецца ў рамках гуртковай работы, але ў далейшым гэты вопыт будзе распаўсюджвацца.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.