У чым перавага сучасных цэнтраў кампетэнцый устаноў адукацыі

- 15:26Образование

У цэнтрах кампетэнцый Міншчыны створаны ўмовы для апрабацыі вучэбных трэнажораў, лабараторнага абсталявання і іншых сучасных сродкаў навучання. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Сёння ў Мінскай вобласці дзейніча­юць 9 цэнтраў кампетэнцый, 7 з якіх знаходзяцца ва ўстановах адукацыі ў падпарадкаванні галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама.

Пра гэта падчас рэспубліканскага семінара-нарады “Аб эфектыўнасці работы цэнтраў кампетэнцый устаноў прафесійнай адукацыі”, які прайшоў у Слуцкім дзяржаўным каледжы, нагадала першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінабл­выканкама Соф’я Філістовіч.

“У 7 цэнтрах створаны неабходныя ўмовы для асваення навучэнцамі сучаснага абсталявання, інавацыйных вытворчых і адукацыйных тэхналогій, перадавых прыёмаў і метадаў работы па 10 спецыяльнасцях і 15 кваліфікацыях, — паведаміла Соф’я Філістовіч. — Функцыянаванне цэнтраў кампетэнцый дазваляе забяспечыць эфектыўнасць выкарыстання матэрыяль­ных, кадравых, інфармацыйных, дыдактычных і метадычных рэсурсаў за кошт канцэнтрацыі і пашырэння доступу да іх, а падыход да арганізацыі вытворчага навучання забяспеч­вае якасную прафесійную падрыхтоўку пры мінімізацыі выдаткаў на стварэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы, якая адпавядае патрабаванням сучасных тэхналогій”.

Сёння ў цэнтрах кампетэнцый Міншчыны створаны ўмовы для апрабацыі вучэбных трэнажораў, лабараторнага абсталявання і іншых сучасных сродкаў навучання. Менавіта тут фарміруюцца і ўдасканальваюцца прафесійныя навыкі, адбываецца навучанне дзяцей на тым абсталяванні, якое прызначана для высокатэхналагічных вытворчасцей і валоданне якім неабходна маладым спецыя­лістам пасля размеркавання на рабочыя
месцы.

Акрамя гэтага, у цэнтрах кампетэнцый Слуцкага дзяржаўнага каледжа, Смілавіцкага дзяржаўнага каледжа і Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа па адукацыйных праграмах дапрафесійнай падрыхтоўкі праходзяць навучанне 55 вучняў 8—9 класаў.

У рэсурсным цэнтры Капыльскага дзяржаўнага каледжа працягваецца стварэнне музея электратэхнікі.

А на прафесійных пляцоўках Слуцкага, Маладзечанскага і Вілейскага дзяржаўных каледжаў арганізавана прафесійная падрыхтоўка навучэнцаў 10—11 класаў згодна з адукацыйнай праграмай па працоўным навучанні. Так, у першым паўгоддзі бягучага навучальнага года тут займаліся 122 навучэнцы па такіх прафесіях, як сталяр, слесар па рамонце аўтамабіляў, тынкоўшчык, пячнік і кухар.

“У першым паўгоддзі 2022/2023 навучальнага года ў цэнтрах кампетэнцый па сеткавай форме прайшлі навучанне 1453 навучэнцы, з якіх 349 — гэта навучэнцы ўстаноў адукацыі, у структуры якіх працуюць цэнтры, і 1104 навучэнцы з іншых устаноў адукацыі, — звярнула ўвагу С.Філістовіч. — Акрамя гэтага, у 2022/2023 навучальным годзе ў цэнтрах кампетэнцый па сеткавай форме прайшлі стажыроўку 43 педагогі”.

У межах конкурсаў прафесійнага майстэрства ў цэнтрах кампетэнцый вобласці праводзяцца прафарыентацыйныя мерапрыемствы для навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і майстар-класы для навучэнцаў прафесійнай адукацыі.

“У мінулым годзе 2703 навучэнцы сталі ўдзельнікамі інтэрактыўных пляцовак “Прафарыенцір” і “Зрабі правільны выбар”, інтэрактыўных выстаў, прафесійных проб, IT-прафхола, профі-парка, праф-квіза, — звярнула ўвагу першы намеснік начальніка. — На базе цэнтраў кампетэнцый у бягучым навучальным годзе арганізавана 47 прафарыентацыйных мерапрыемстваў (экскурсіі, адкрытыя ўрокі, майстар-класы) з удзелам больш чым 1120 навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. А на працягу снежня — лютага наведванне цэнтраў кампетэнцый было арганізавана для 1079 будучых абітурыентаў у рамках “Кірмашу мэтавай падрыхтоўкі”. Сёння многа цікавых праектаў рэалізуецца ў цэнтры кампетэнцый Слуцкага дзяржаўнага каледжа, а ў рэсурсным цэнтры Капыльскага дзяржаўнага каледжа працягваецца стварэнне музея электратэхнікі”.

У цэнтрах кампетэнцый Міншчыны вялікая ўвага ўдзяляецца вучэбна-метадычнаму забеспячэнню. Да бягучага навучальнага года распрацаваны і прайшлі экспертызу 59 вучэбных праграм па вучэбным прадмеце “Вытворчае навучанне”.

У цэнтрах кампетэнцый вобласці праводзяцца прафарыентацыйныя мерапрыемствы для навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і майстар-класы для навучэнцаў прафесійнай адукацыі.

“Ва ўсіх цэнтрах кампетэнцый створаны камфортныя ўмовы для вядзення адукацыйнай дзейнасці: забяспечана аснашчэнне вучэбнага працэсу па ўсіх адукацыйных праграмах неабходнай дакументацыяй, вучэбнымі, інфармацыйнымі, дыдактычнымі матэрыяламі і дапаможнікамі, — падсумавала Соф’я Філістовіч. — Вядзецца метадычнае суправаджэнне распрацоўкі і сістэматызацыі матэрыялаў вучэбна-метадычных комплексаў, ствараюцца і абнаўляюцца электронна-адукацыйныя рэсурсы.

Акрамя гэтага, база цэнтраў выкарыстоўваецца для адпрацоўкі практычных уменняў і навыкаў падчас правядзення лабараторна-практычных заняткаў, практычных работ навучэнцаў, а таксама для правядзення практычнай часткі дзяржаўных экзаменаў па спецыяльнасцях, распрацаваны вучэбныя праграмы і метадычныя матэрыялы да іх”.

Наталля САХНО