У чым сакрэт эфектыўнай самападрыхтоўкі? Вопыт выхавальніцы групы прадоўжанага дня

- 15:09Образование

У чым сакрэт эфектыўнай самападрыхтоўкі? Для выхавальніка групы прадоўжанага дня час самападрыхтоўкі — няпросты момант рэжыму дня. Большая частка бацькоў ацэньвае якасць працы педагога па тым, наколькі добра выкананы дамашнія заданні, ці не давядзецца потым усё перарабляць, дапрацоўваць.

Склад маёй групы рознаўзроставы. Такім чынам, аб’ём дамашняга задання, хуткасць яго выканання ў кожнага дзіцяці розныя. Выхавальніку неабходна ўлічваць узровень агульных вучэбных навыкаў, уменняў навучэнцаў, навыкаў самастойнай работы, узроста­выя і індывідуальныя асаблівасці навучэнцаў.

Актуальным з’яўляецца пытанне, як правільна арганізаваць самападрыхтоўку, каб былі максімальна задзейнічаны ўсе выхаванцы групы? Практыка работы паказ­вае, што дзеці ўключаюцца ў дзейнасць, калі заданне імі ўспрымаецца як цікавае. Адсюль вынікае, што трэба прадставіць школьнікам самападрыхтоўку не як абавязковы рэжымны момант, а як занятак, які выклікае цікавасць і стварае станоўчы настрой. Як гэта рэалізаваць? Падзялюся сваім вопытам.

Першым структурным элементам самападрыхтоўкі выступае арганізацыйны момант. Дзеці даволі хутка пачына­юць работу, бо ведаюць, што рацыянальнае выкарыстанне часу, адведзенае на самападрыхтоўку, дазволіць выканаць усе дамашнія заданні. Дадаткова даю эмацыянальна-валявую ўстаноўку. Словы могуць быць рознымі, але сэнс адзін — настроіць дзяцей на пазітыў, дапамагчы паверыць ва ўласныя сілы. Напрыклад, перад вамі стаіць задача замацаваць атрыманыя веды і падрыхтавацца да наступнага працоўнага дня так, каб назаўтра на ўроках адчуваць сябе ўпэўнена і дасягнуць новых поспехаў. Галоўны мой інфармацыйны пасыл: “У вас усё атрымаецца!” Вельмі важна, каб дзіця не баялася няўдач. На гэтым этапе працуе правіла пяці літар:

Р — руку трэба паднімаць;

Н — не замінай суседу па парце;

С — сядзі правільна, беражы паставу;

П — прыгожа афармляй работу;

К — калi парадак на парце, то і работа пойдзе правільна.

Такім чынам, паступова падрыхтоўваю дзяцей да самастойнай разумовай дзейнасці. Часцей за ўсё менавіта самастойная праца — самы цяжкі для дзяцей этап самападрыхтоўкі, падчас якога яны пры мінімальнай старонняй дапамозе (а лепш — зусім без яе) павінны выканаць дамашняе заданне. На гэтым этапе фарміруюцца на­дзвычай карысныя навыкі і працуе правіла трох “я сам”:

Я сам выконваю.

Я сам правяраю.

Я сам ацэньваю.

Падчас самастойнай работы стараюся трымаць у полі зроку кожнага вучня, каб своечасова заўважыць цяжкасці. Аказаная дапамога дазваляе прадухіліць узнік­ненне ў навучэнца хвалявання, трывогі, страты цікавасці да дзейнасці. Таму ра­зам з індывідуальнай работай мэта­згодна прымяняць такія формы, як работа ў парах, дапамога кансультантаў. Памочнікамі-кансультантамі прызначаюцца старэйшыя дзеці, гатовыя і здольныя дапамагчы малодшым у самападрыхтоўцы. Усе незразумелыя школьнікам пытанні па тым ці іншым прадмеце мае другакласнікі могуць адрасаваць кансультанту. Выхавальнік тым часам кантралюе правільнасць адказу. Навучэнцам 2-х класаў вельмі падабаецца, калі дапамогу ім аказ­ваюць чацвёртакласнікі. Прычым гэта ўзаемна іх стымулюе і адначасова матывуе. Адны імкнуцца быць больш адказнымі, другія — больш уважлівымі. Самых слабых навучэнцаў у плане падрыхтаванасці па прадмеце кантралюю сама. Прапаную паўтарыць правіла і падумаць, як яго прымяніць да канкрэтнага задання, перагледзець класную работу з аналагічным заданнем, выкарыстаць алгарытм ра­шэння.

Неад’емным складнікам на этапе самападрыхтоўкі з’яўляюцца перапынкі для адпачынку дзяцей. Заняткі трэба чаргаваць з дынамічнымі гульнямі, правядзеннем фізкультхвілінак для вачэй. Момант правя­дзення фізкультхвілінкі ці дынамічнай паўзы станоўча адбіваецца па фізічным стане і здароўі школьнікаў.

Наступны этап самападрыхтоўкі — праверка работы. Падчас кантролю выканання дамашняга задання прымяняю розныя яго віды: самакантроль, узаемакантроль, кантроль выхавальніка. Карысна ўстанавіць у групе правіла: выканаў заданне — уважліва правер яго сам. Калі дазваляе час, можна рэкамендаваць узаемаправерку. Гэта значыць, што любое заданне навучэнцы правяраюць адно ў аднаго, што садзейнічае выхаванню адказнасці, патрабавальнасці да сябе і да таварышаў, выпрацоўвае ўменне даваць аб’ектыўную ацэнку рабоце. Ацэньваюцца правільнасць, старан­насць, самастойнасць. Нават калі ў дзіцяці былі памылкі, падкрэсліваю яго імкненне да працы, стараннасць. Задача выхавальніка заключаецца ў такой арганізацыі работы, каб да завяршэння выканання дамашняга  задання дзеці не страцілі бадзёры настрой, адчулі задавальненне. Гэта аснова паспяховай, зацікаўленай работы вучняў у далейшым. Ва ўсіх дзяцей розны тэмп выканання заданняў. Навучэнцы, якія хутка справіліся з работай, могуць па QR-кодзе зайсці ў віртуальны кабінет групы прадоўжанага дня і знайсці дадатковае заданне або займальны занятак па душы (крыжаванкі, галаваломкі, рэбусы). Хтосьці проста чытае ці малюе. Гэта стымул пры выкананні школьнікамі дамашніх заданняў.

Заключны этап работы навучэнцаў — рэфлексія. Дзеці самастойна ацэньва­юць свой стан, эмоцыі і перажыванні, вынік дзейнасці па раней вызначаных выхавальнікам крытэрыях. Школьнікі адчуваюць радасць ад таго, што яны пераадолелі тыя ці іншыя цяжкасці. Наша самая любімая фраза: “А заўтра атрымаецца яшчэ лепш!”

Аксана ПАРУСАВА,
выхавальніца групы прадоўжанага дня
сярэдняй школы № 2 Оршы