У чым сакрэт поспеху?

Дзве каманды ад Гомельшчыны на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах выступілі вельмі стабільна і прывезлі максімальную колькасць дыпломаў: інфарматыкі і фізкультурнікі. Разам з трэнерамі абласных каманд па гэтых прадметах аналізуем праведзеную напярэдадні работу.

Пераможцы ад Гомельшчыны па інфарматыцы.

Інфарматыка: пяць дыпломаў

Трэнер Аляксей Баруноў:

— Чацвёра выхаванцаў нашага клуба юных пажарных у Мазыры вярнуліся з узнагародамі. У Андрэя Мішчанкі дыплом І ступені, у Рыгора Бараболі і Ягора Кучара — ІІ ступені. Багдан Канопліч мае дыплом ІІІ ступені.

Алімпіяда па інфарматыцы сёлета праходзіла ў пінскай сярэдняй школе № 10. Задачы для фіналістаў, як і раней, былі цікавыя. Трэба было не проста напісаць шаблонны алгарытм, а распрацаваць праграму зыходзячы з уласцівасцей, якія схаваны ва ўмовах задачы. Удзельніку неабходна было знайсці гэтыя ўласцівасці, прыдумаць алгарытмы, якія можна прымяніць, змяніць іх. Толькі потым, змяніўшы алгарытмы, выкарыстоўваць гэтую новую тэорыю і напісаць праграму. Акрамя таго, яе неабходна напісаць без памылак. Любая дапушчаная памылка можа прывесці да таго, што праграма будзе працаваць некарэктна. Напрыклад, апрацоўваць вялікія аб’ёмы даных з памылкай.

На інфарматыцы вельмі ўдала склаліся правілы апошнія два гады: удзельнікі атрымліваюць зваротную сувязь пасля пасылкі рашэння ў аўтаматычную сістэму. Гэта азначае, што яны бачаць вынікі тэсціравання, можна сказаць, імгненна — праз некалькі секунд пасля адпраўкі. А гэта значыць, што калі ўдзельнік дапусціў памылку і бачыць адзнаку не 100 балаў, а менш, ён можа выказаць здагадку, дзе памылка дапушчана, і правяраць сваю праграму, выпраўляючы яе. Такіх задач у кожным з двух тураў было чатыры. Важна, што яны былі ідэйныя, на канструктыў.

Я назіраю за дзецьмі не першы год. Для іх важны дух спаборніцтва і добры калектыў. Калі дзеці ўвесь час удзельнічаюць у розных спаборніцтвах, у трэніроўках праз інтэрнэт, дзе дзясяткі тысяч удзельнікаў з розных краін, яны могуць параўнаць свае сілы, атрымаць дадатковую матывацыю для самаразвіцця. Наш клуб дае гэтыя магчымасці.

Каманда Гомельскай вобласці па фізкультуры.

Трэнер Уладзімір Кумакоў:

— Летась з рэс­публіканскай алімпіяды навучэнец сярэд­няй школы № 8 Светлагорска Дзмітрый Буракоў прывёз пахвальны водзыў. А вось сёлета ў яго — дыплом ІІІ ступені.

У гэтым годзе, да­рэчы, ён паспеў пабываць на вельмі сур’ёзнай алімпіядзе ў Казані: прывёз дыплом І ступені са спаборніцтваў Інаполіс IT РОСТ. Ён збіраецца, зразумела, паступаць на спецыяльнасць, звязаную з IT. Цяпер выбірае УВА ў Беларусі. Яму падабаецца адукацыя ў нашай краіне.

Што тычыцца рэспубліканскай алімпіяды, тут ідзе сур’ёзнае саперніцтва, у тым ліку паміж абласцямі. Велізарную канкурэнцыю ўсім складае Ліцэй БДУ, у якога асобная каманда па інфарматыцы.

Як трэнер, я займаюся з вучнямі, пачынаючы з малодшых класаў. Гэта тэорыя, лекцыі, разборы і г.д. Калі дзіця ў прынцыпе навучылася нядрэнна праграма­ваць, яму трэба даваць такія задачы, якія б дазволілі здзейсніць рост да самастойнага рашэння. Чым больш спаборніцтваў, тым лепш для школьніка. Менавіта на іх ён сустракаецца з новымі задачамі і трапляе ў такія сітуацыі, калі неабходна хутка рашыць аўтарскую задачу. Да таго ж вучань павінен мець вялікі вопыт у рашэнні задач і з гэтым багажом прыходзіць на алімпіяду. Яшчэ адзін важны складнік — гэта псіхалагічная ўстойлівасць. Тут як у спартсменаў: чым больш бегаюць вызначаную дыстанцыю, тым больш упэўненымі становяцца на гэтай дыстанцыі. У нас аналагічна.

Фізічная культура: чатыры дыпломы, два пахвальныя лісты

Трэнер Наталля Шаюк:

— З сямі чалавек, якіх мы рыхтавалі да рэспубліканскай алімпіяды, шэсць вярнуліся з Гродна з узнагародамі. Дыплом ІІ ступені — у Міхаіла Слепакурава з сярэдняй школы № 5 Рагачова (настаўнік Валерый Драпкоў). Дыпломы ІІІ ступені — у Дар’і Герман з сярэдняй школы № 3 Рагачова (настаўніца Наталля Шаюк), Ксеніі Малашанка з гомельскай гімназіі № 10 (настаўніца Вольга Андрыянава) і Савелія Цыбліенкі з Козенскай сярэдняй школы Мазырскага раёна (настаўнік Аляксандр Міцура). Яшчэ двое школьнікаў вярнуліся з пахвальнымі лістамі: Хрысціна Глушакова з сярэдняй школы № 11 Жлобіна (настаўніца Юлія Казачук) і Артур Раманоўскі з гімназіі № 51 Гомеля (настаўнік Аляксандр Назаранка).

Трэба адзначыць, што з нашымі школьнікамі працаваў вялікі трэнерскі калектыў, у тым ліку трэнер абласной каманды — Максім Мядзведзеў з сярэдняй шклолы № 61 Гомеля. Напярэдадні ў Гомелі былі арганізаваны зборы: спачатку тыдзень, а потым яшчэ два.

Першы тур быў тэарэтычны. Трэба было адказваць на пытанні, якія тычыліся фізічнай культуры. Другі тур — плаванне, у трэцім трэба было прадэманстравац­ь узровень фізічнай падрыхтаванасці. Тут школьнікі здавалі нарматывы па нахіле наперад па лінейцы са становішча седзячы, чаўночны бег. Хлопчыкі — падцягванне, дзяўчынкі — падыманне тулава са становішча лежачы за мінуту і скачок у даўжыню з месца. Чацвёрты тур — гэта комплекс з элементаў чатырох спартыўных гульняў: футбола, гандбола, баскетбола, валейбола. Вельмі разнапланавая падрыхтоўка вучняў павінна быць.

Алімпіяда складаная наогул. Няпроста было сарыентавацца, у якім кірунку працаваць па тэорыі, не маючы падручніка па фізічнай культуры. Дзіця павінна быць не толькі фізічна развітым, але яшчэ і інтэ­лектуалам. На спаборніцтвах трэба было адказаць на 50 пытанняў. Вядома, педагогі шукалі нейкія пытанні ў тым ліку ў інтэрнэце.

Што тычыцца спартыўных гульняў і ўзроўню фізпадрыхтоўкі, вельмі многае залежыць ад фізічных даных школьніка і ад настаўніка, які даў навыкі — гэта цэлы комплекс. Між тым чатыры ўдзельнікі нашай абласной каманды збіраюцца паступаць ва ўніверсітэт фізкультуры ў Мінск.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.