Галоўная задача вывучэння замежнай мовы ў пачатковай школе — увесці дзяцей у моўны свет і падрыхтаваць да чытання, для чаго яны павінны ведаць пэўную лексіку, алфавіт і асноўныя гукі, умець злучаць літары ў словы.

настаўніца англійскай мовы
сярэдняй школы № 5 Пружан
На гэтым этапе не абысціся без гульняў, бо вучэбны матэрыял дзеці ва ўзросце ад 6 да 11 гадоў лягчэй засвойваюць у гульнявой дзейнасці.
Каб пазбегнуць манатоннасці і суму пры завучванні гукалітарных спалучэнняў і аблегчыць іх запамінанне, можна звярнуцца да рыфмаванак. Так, гульня Chant уяўляе сабой простую і зразумелую рыфмаванку, якая суправаджаецца воплескамі: адзін воплеск на літару, два — на слова ці адзін воплеск на гук, два — на паўзу: Aa — acorn — [ei]; Aa — apple — [ae]; Bb — bus — [b]; Cc — cinema — [s].
Гульня Echo незаменная не толькі пры вывучэнні лексічных адзінак, але і пры трэніроўцы вымаўлення. Клас дзеліцца на 4 групы. Вядучы называе слова, першая група паўтарае яго гучна, другая — умераным голасам, трэцяя — яшчэ цішэй, а чацвёртая — шэптам.
Гульня Chinese whispers нагадвае гульню “Сапсаваны тэлефон”. Клас дзеліцца на 2 групы, якія выстройваюцца ў шарэнгу. Першы вучань з кожнай шарэнгі падыходзіць да настаўніка, а той шэпча яму слова ці кароткую граматычную структуру. Задача дзяцей — прашаптаць іх адно аднаму так, каб кожны зразумеў правільна і перадаў наступнаму. Апошні вучань вымаўляе слова ці граматычную структуру гучна, а першы вучань пераходзіць у канец шарэнгі — і ўсё паўтараецца.
Падчас гульні Train дзеці паўтараюць фразу павольна, затым хутчэй, яшчэ хутчэй, пасля чаго спыняюцца: This is my brother; My granny and grandad are great; Help! His horse is on her hat!; Sasha and Pasha help Natasha; A baby snake is on the cake; An apple and a cat are on a hat; Jill has got six big pizzas; Hi! I’m Nigel. I like ice cream.
Да гульні Ball game можна звяртацца не толькі ў пачатку ўрока для актывізацыі лексічных адзінак, але і падчас фанетычнай зарадкі ці фізкультхвілінкі. Сэнс гульні — у паўтарэнні за настаўнікам ці ў кароткім адказе. Дзеці стаяць, педагог кідае мяч кожнаму вучню ў адвольным парадку і вымаўляе пэўную структуру для паўтарэння. Вучань ловіць мяч і паўтарае яе ці коратка адказвае на пытан-
не.
Падчас гульні Snowball настаўнік вымаўляе гук і просіць дзяцей успомніць як мага больш слоў з ім. Першы вучань вымаўляе адно слова з гэтым гукам, другі — паўтарае яго і называе сваё слова і г.д. Звычайна дзеці здольны скласці ланцужок з 7 слоў. Вучняў можна паставіць у кола і пагуляць усім класам, дапоўніўшы гульню мячом ці цацкай, якія яны будуць перадаваць адно аднаму.
Калі ў гульні Snowball дзеці ўспаміналі любыя словы з пэўным гукам, то ў гульні Making a long train вучні да першапачатковага слова прычэпліваюць, як вагоны да паравозіка, іншыя, каб атрымаліся доўгае словазлучэнне ці сказ: the, the disco, at the disco, we are at the disco; theatre, the theatre, at the theatre, we are at the theatre.
У гульні Parrot вучні паўтараюць усё, што вымаўляе настаўнік: гукі, словы ці кароткія структуры.
Гульня Magic wand падыходзіць для трэніроўкі правільнага вымаўлення канчаткаў: утварэння множнага ліку назоўнікаў, парадкавых лічэбнікаў, форм прошлага часу для правільных дзеясловаў і інш. На дошцы — флэш-карты з малюнкамі, словамі, лічбамі і інш. Чароўнай палачкай настаўнік указвае на картку і просіць дзяцей змяніць форму слова, дабавіўшы канчатак ці суфікс.
Гульня Radio programme падыходзіць для вучняў, якія ўжо ўмеюць чытаць. Пасля праслухоўвання тэксту яны рыхтуюць выразнае чытанне ўголас яго ўрыўкаў. Выбіраюцца 3—4 вучні, якія чытаюць іх, нібыта дыджэі на радыё.
Падчас гульні Read my lips настаўнік вымаўляе слова ледзь чутна, толькі губамі. Задача вучняў — адгадаць яго і вымавіць.
У гульні What’s missing? на дошцы мацуюцца 5—7 флэш-карт са словамі ці карцінкамі. Трэніруецца іх вымаўленне па парадку. Затым дзеці заплюшчваюць вочы, адна картка прыбіраецца. Неабходна ўспомніць, якое слова знікла, і правільна яго вымавіць. Для ўскладнення гульні можна перамешваць карткі.
Разам з вымаўленнем гукаў, дзеці вучацца пісаць літары і словы. Для дэманстрацыі іх правільнага напісання падыходзіць гульня Guess, якая заключаецца ў напісанні літар у паветры. Настаўнік алоўкам ці ўказкай прапісвае літару ў паветры, а вучні называюць яе. Месца педагога можа заняць школьнік.
Гульня Spelling game ўяўляе сабой квадрацікі для слоў з карцінкамі. Настаўнік па літарах вымаўляе слова, а вучні запісваюць літары ў клеткі і чытаюць атрыманае слова ўголас, злучаючы яго з адпаведнай карцінкай.
Падчас гульні Collect the carriages вучні складаюць сказы. Настаўнік называе першае слова, а дзеці па чарзе дабаўляюць да яго па адным слове, каб атрымаўся звязны сказ. Апошні вучань запісвае яго на дошцы.
Не варта забываць пра дыдактычную мэтазгоднасць гульнявых тэхналогій. Гульня дзеля гульні не прынясе жаданага выніку, а толькі дарэмна будзе патрачаны час. Падчас названых гульняў дзеці вывучаюць лексіку па тэме, адпрацоўваюць вымаўленне, знаёмяцца з новымі граматычнымі структурамі, вучацца выразна чытаць і правільна будаваць сказы.