У дабро верыць той, хто яго робіць

- 13:46Навіны рэгіёнаў

Валанцёры Малейкаўскай сярэдняй школы Брагінскага раёна разам з Гомельскай абласной дабрачыннай арганізацыяй “Лепшы шлях” аб’ядналі свае сілы дзеля добрых спраў і сумесна правялі некалькі дабрачынных мерапрыемстваў у вёсках Брагіншчыны.

Першым пунктам у спісе была вёска Кірава, што амаль на мяжы з Украінай. Зімовым вечарам сельскі клуб запоўніла вясковая моладзь і дзетвара. У гэты дзень для іх прайшоў дабрачынны канцэрт, на якім перад юнымі гледачамі выступалі мясцовыя самадзейныя артысты. Сут­насць мера­прыемства арганізатары разглядалі значна шырэй, чым проста сабраць хлопцаў і дзяўчат на прагляд канцэртных нумароў.

— У год малой радзімы мы вяртаемся да вытокаў і імкнёмся ўнесці сваю пэўную лепту ў падтрымку родных мясцін, — дзеліцца думкамі старшыня дабрачыннай арганізацыі “Лепшы шлях” Юрый Куніцкі. — Спадзяюся, што народныя песні і вершы, якія сёння жывуць дзякуючы мясцовай самадзейнасці, прымусяць падрастаючае пакаленне задумацца над тым, які скарб захоўваецца ў іх родных вёсках, і адчуць неабходнасць зберагаць яго як частку гісторыі малой радзімы.

Наступным крокам добрых спраў школьных валанцёраў і дабрачыннай арганізацыі стала наведванне дзіцячага сацыяльнага прытулку ў вёсцы Асарэвічы. Для выхаванцаў гэтай установы, якія па розных прычынах на нейкі час трапілі сюды, госці былі вельмі жаданымі, тым больш што прыехалі яны не з пустымі рукамі. Валанцёры раздавалі дзецям падарункі, але далёка не ўсе спяшаліся хутчэй адкрыць прыгожыя каляровыя каробкі. Здаецца, многім з іх хацелася паразмаў­ляць, пазадаваць пытанні і проста абняць тых, хто прынёс ім свята.

Рабіць дабро і прыносіць радасць — гэта як прызванне. У дзяцей і дарослых розныя магчымасці, але, калі яны аб’ядноўваюць свае сілы, вынік памнажаецца. Малейкаў­ская школа невялічкая, але славіцца сваімі вучнямі.

— Нашы старшакласнікі са школьнага валанцёрскага атрада “Добрая справа” заў­сёды з задавальненнем удзельнічаюць у дабрачынных мерапрыемствах, якія прахо­дзяць у раёне, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Людміла Раманюк. — Дзеці з разуменнем ставяцца да ўсяго, у чым яны могуць аказаць пасільную дапамогу. Гэта вельмі цэнна, бо выхоўвае ў іх лепшыя чалавечыя якасці. Леў Талстой сказаў: “Каб паверыць у дабро, трэба пачаць рабіць яго”. Добрыя справы вучаць нашых юнакоў і  дзяўчат быць адчувальнымі і неабыякавымі, дапамагаюць ім сталець і прымаць адказнасць за свае ўчынкі.

Дарэчы, гэта не першае мерапрыемства, якое Малейкаўская сярэдняя школа і дабрачынная арганізацыя правялі разам. Адной са сваіх задач Юрый Куніцкі ставіць супрацоўніцтва з аддзеламі адукацыі, паколькі іх дабрачынная дзейнасць перш за ўсё накіравана на дзяцей.

— Наша супрацоўніцтва з аддзеламі адукацыі Гомельшчыны ладзіцца вельмі добра, — гаворыць старшыня арганізацыі “Лепшы шлях”. — А ў партнёрстве з аддзелам адукацыі, спорту і турызму Брагінскага райвыканкама мы не першы год рэалізоўваем сумесныя праекты, накіраваныя на вырашэнне пытанняў сацыяльнага выхавання падрастаючага пакалення. Акрамя таго, разам арганізоўваем адпачынак у летні перыяд. Атрымліваецца цікава і з карысцю.

Як расказаў Юрый Аляксандравіч, адным з кірункаў дзейнасці яго арганізацыі з’яўляецца дабрачынны праект “Крокi разам”, накіраваны на падтрымку сем’яў, якія маюць патрэбу ў дапамозе, а таксама дзіцячых сацыяльных прытулкаў. У гэты праект уключаны і валанцёры, разам з якімі арганізоўваюцца дабрачынныя канцэрты, вечары, прафілактычныя гутаркі з вучнёўскай моладдзю.

— Несумненна, некалькі мерапрыемст­ваў, праведзеных у далёкіх рэгіёнах нашай краіны, могуць камусьці падацца кропляй, — разважае Юрый Куніцкі. — Але ці ёсць мера ў дабра? І тое, што падлеткі-валанцёры, пакінуўшы дамашнюю ўтульнасць, адправіліся ў невялічкае падарожжа, каб прынесці ра­дасць людзям, іх не толькі выхоўвае, але і робіць шчаслівымі. 

Наталля ЛУТЧАНКА.