У дапамогу маладому настаўніку

- 13:35Навіны рэгіёнаў

На базе сярэдняй школы № 44 імя М.А.Лебедзева Гомеля прайшло пасяджэнне школы маладога настаўніка замежнай мовы па тэме “Спосабы рэалізацыі сучасных падыходаў у выкладанні замежнай мовы”. Слухачамі былі настаўнікі замежнай мовы адукацыйных устаноў абласнога цэнтра са стажам працы да двух гадоў.

Сярэдняя школа № 44 невыпадкова была выбрана пляцоўкай для правядзення мерапрыемства: педагогі, якія тут працуюць, — гэта спалучэнне вопыту і сучасных падыходаў у выкладанні, сувязь маладосці і традыцыйных метадаў. Ведамі з маладымі спецыялістамі дзяліліся як вопытныя настаўнікі, так і пачаткоўцы. Характэрна, што ўрок у 5 “А” класе праводзіла былая аднакурсніца многіх з тых, хто прысутнічаў на пасяджэнні школы маладога настаўніка, Аляксандра Ларчыкава, якую пяцікласнікі ўжо другі год паважліва называюць Аляксандрай Аляксандраўнай.

Лекцыю па тэме “Урок замежнай мовы: метады праектавання і правядзення” правяла настаўнік з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй М.М.Левіна. Пасля невялікага перапынку маладыя спецыялісты наведалі вучэбныя заняткі педагогаў Н.Б.Карэты, М.Л.Бародкі, А.А.Ларчыкавай, Н.Д.Сіманчук, на якіх змаглі азнаёміцца з методыкай выкладання англійскай мовы практыкуючых настаўнікаў. Тэмы заняткаў былі рознымі: “Мой лепшы выхадны”, “Пакой маёй мары”, “Пакупкі”, “Любімая школьная традыцыя” — і выбіраліся ў адпаведнасці з каляндарна-тэматычным планаваннем. Далей Г.В.Грачачына расказала пра арганізацыю пазакласнай працы па замежнай мове, якой удзяляецца шмат увагі ў нашай школе. Гэта і правядзенне традыцыйных масавых “Калядных канцэртаў”, “Дня капелюшоў”, “Дня яблыкаў”, “Чайнай вечарыны”, канечне, “Хэлоўіна”, які хутка адбудзецца, і многіх іншых мерапрыемстваў.

Завяршылася пасяджэнне школы маладога настаўніка падвядзеннем вынікаў, якое ўключала самааналіз праведзеных настаўнікамі гомельскай сярэдняй школы № 44 імя М.А.Лебедзева вучэбных заняткаў, рэфлексіяй слухачоў, абмеркаваннем праблемных для маладых спецыялістаў пытанняў і тыповых памылак у працы пачынаючага настаўніка.

Спадзяёмся, што вопыт, які атрымалі маладыя спецыялісты, дапаможа ім у далейшай працы.

Вольга РОЎБА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 44 імя М.А.Лебедзева Гомеля.