У добры шлях па дарозе ведаў

Аналіз работы па павышэнні якасці навучання і выхавання навучэнцаў стаў галоўнай тэмай абмеркавання на абласной жнівеньскай канферэнцыі педагагічных работнікаў Магілёўскай вобласці, якая прайшла ў Клічаве напярэдадні новага навучальнага года. Удзельнікі абмеркавалі актуальныя праблемы развіцця рэгіянальнай сістэмы адукацыі, унеслі прапановы па яе далейшым удасканаленні, падвялі вынікі работы галіны і вызначылі задачы на найбліжэйшую перспектыву.

Па словах начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміра Уладзіміравіча Рыжкова, на пачатак навучальнага года ўсе ўстановы адукацыі вобласці ў поўным аб’ёме ўкамплектаваны педагагічнымі кадрамі. Так, адукацыйны працэс у рэгіёне забяспечваюць 23 тысячы педагагічных работнікаў, 76,2% з ліку якіх — настаўнікі з вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыяй. З 1 верасня да працы прыступяць яшчэ 490 маладых спецыялістаў, з іх 240 атрымалі сваё першае працоўнае месца ў навучальных установах, размешчаных у сельскай мясцовасці.

“У вобласці адзначаецца станоўчая дынаміка паказчыка замацавання маладых педагогаў: з выпускнікоў 2015 года на першым працоўным месцы працягнулі работу 67,4% спецыялістаў,— адзначыў Уладзімір Уладзіміравіч. — Для параўнання, у 2013 годзе было замацавана 62%. Дастаткова стабільных вынікаў па замацаванні маладых спецыялістаў дасягнулі Клімавіцкі, Касцюковіцкі, Краснапольскі і Слаўгарадскі раёны — больш як 90%”.

У адпаведнасці з усталяванымі нарматывамі дзяржаўных сацыяльных стандартаў, адным з асноўных арыенціраў з’яўляецца рост заработнай платы. Так, па выніках работы за студзень — чэрвень 2018 года намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата па галіне склала амаль 600 беларускіх рублёў, у тым ліку педагагічных работнікаў — 701,2 рубля, настаўнікаў — 740,7 рубля. Тэмп яе росту да адпаведнага перыяду 2017 года роўны 116,3%, 118,2% і 116,9% адпаведна.

Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі таксама звярнуў увагу на рост колькасці выхаванцаў дзіцячых дашкольных устаноў: у бягучым навучальным годзе дашкольную адукацыю будуць атрымліваць 45,8 тысячы дзяцей, што перавышае леташні кантынгент на 1,5 тысячы дзяцей. У сувязі з гэтым ёсць патрэба ў прадастаўленні месцаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі ў Магілёве, Бабруйску, Горках, Асіповічах, Шклове і Магілёўскім раёне. Сярод перспектыўных прапаноў — ініцыіраваць размяшчэнне дзіцячых садкоў на першых паверхах будынкаў пры праектаванні і будаўніцтве жылых дамоў.

Што тычыцца агульнай сярэдняй адукацыі, то 1 верасня ў школах вобласці за парты сядуць 110 тысяч навучэнцаў, з якіх 11 тысяч — першакласнікі. Гэтыя лічбы адпавядаюць узроўню мінулага года, аднак сярэдняя напаўняльнасць класаў павялічылася да 17,8 чалавека, у тым ліку ў сельскай мясцовасці — да 8,4.

У новым навучальным годзе 62,4% вучняў дзясятых класаў будуць ахоплены профільным навучаннем: у тым ліку ў класах педагагічнай накіраванасці будуць займацца 5% дзяцей, аграрнай накіраванасці — амаль 6%. Атрымліваць прафесійную падрыхтоўку з прысваеннем рабочай кваліфікацыі з 1 верасня пачнуць 37,6% навучэнцаў.

У 2018 годзе выпуск з устаноў прафесійнай адукацыі вобласці склаў 6,9 тысячы чалавек. Падрыхтавана 4 тысячы рабочых і служачых з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй, з іх 50% — з павышаным узроўнем кваліфікацыі, 2,9 тысячы спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. У цэлым гэта дазволіла забяспечыць заказ галін эканомікі ў адпаведнасці з заключанымі дагаворамі і заяўкамі. Больш за тое, 99,8% выпускнікоў атрымалі пасведчанні аб накіраванні на работу ў арганізацыі. Зараз вядзецца маніторынг працаўладкавання размеркаваных выпускнікоў.

Асобная ўвага ў рамках педагагічнай канферэнцыі была ўдзелена выхаваўчай і сацыяльнай рабоце. Так, у кожным раёне вобласці плануецца стварыць рэгіянальныя адукацыйныя міні-цэнтры па асновах бяспекі жыццядзейнасці. Гэта дазволіць прааналізаваць і скараціць рост колькасці дзяцей, якія гінуць ад знешніх прычын. Пакуль такая ўстанова функцыянуе толькі ў Касцюковіцкім раёне.

Перад педагагічнай грамадскасцю выступіў старшыня Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Віктаравіч Даманеўскі. Праз ўдзельнікаў канферэнцыі ён павіншаваў усе педагагічныя калектывы і навучальныя ўстановы вобласці з Днём ведаў, а таксама сарыентаваў прысутных на пошук новых рашэнняў у сваёй працы. Вельмі часта нестандартныя падыходы, асабліва ў выхаваўчым і адукацыйным працэсах, даюць добрую выніковасць, падкрэсліў ён.

Па словах кіраўніка рэгіёна, навучанне і выхаванне — вельмі важныя складнікі любога грамадства. І нашым дзецям, навучэнцам устаноў адукацыі вобласці, неабходна задумвацца пра гэта значна раней, чым у выпускных класах, калі перад імі ўжо стаіць дылема, кім быць далей і як будаваць сваё жыццё. У гэтым пытанні іх павінен накіроўваць педагог.

У рамках праграмы жнівеньскай канферэнцыі старшыня Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта ўручыў кіраўнікам раёнаў вобласці сертыфікаты на набыццё 21 школьнага аўтобуса. Такі значны падарунак да новага навучальнага года атрымалі Бялыніцкі, Бабруйскі, Глускі, Дрыбінскі, Клімавіцкі, Клічаўскі, Круглянскі, Магілёўскі, Мсціслаўскі, Асіповіцкі, Чавускі і Шклоўскі раёны. Дарэчы, зараз школьны аўтапарк складае 235 транспартных сродкаў. Тым не менш неабходнасць у яго абнаўленні ўзнікае штогод.

Таксама ў рамках абласной жнівеньскай сустрэчы адбылося ўшанаванне лепшых педагогаў вобласці і ўручэнне сертыфікатаў аб прысваенні ганаровага звання ЮНІСЕФ “Горад, дружалюбны да дзяцей і падлеткаў”. Да міжнароднай ініцыятывы далучыліся чатыры гарады вобласці — Магілёў, Шклоў, Горкі і Касцюковічы.

Прадстаўнік ЮНІСЕФ у Беларусі Рашэд Мустафа Сарвар, які ўручыў сертыфікаты, высока ацаніў развіццё сацыяльнай сферы Магілёўскай вобласці, а таксама адзначыў мэтанакіраваную работу па паляпшэнні якасці жыцця жыхароў рэгіёна. Акрамя таго, ён падтрымаў меркаванне Уладзіміра Даманеўскага па паляпшэнні прафарыентацыйнай работы сярод навучэнцаў, а таксама прапанаваў аб’яднаць намаганні ў найбольш актуальных для падрастаючага пакалення пытаннях дзіцячага траўматызму, занятасці, працаўладкавання моладзі. Такое супрацоўніцтва павінна прынесці ў найбліжэйшай будучыні станоўчы вынік і будзе садзейнічаць дасягненню Мэт устойлівага развіцця на мясцовым узроўні, падкрэсліў ён.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.