Яркае сонца ў кожнай усмешцы, мора кветак і гоман хваляў Заходняй Дзвіны, вальс з любімай настаўніцай і ўрачысты марш па вуліцах роднага горада: свята выпускнікоў адбылося ў Полацку.
На мяжы вясны і лета наступае доўгачаканы хвалюючы дзень, калі ўладарамі старажытнага горада становяцца выпускнікі школ і гімназій. Збірацца разам “Пад ветразямі мары” стала добрай традыцыяй для Полаччыны. Варта зазначыць, што падобныя ўрачыстасці праходзяць у большасці гарадоў і раёнаў вобласці, але менавіта полацкае свята – з ліку самых самабытных і запамінальных. Найперш таму, што выпускнікі тут не проста прысутнічаюць і прымаюць віншаванні, а актыўна ствараюць яго і становяцца галоўнымі героямі. Гэта яшчэ адзін урок, які на развітанне прапануе школа, яшчэ адно выпрабаванне на самастойнасць. Юнакі і дзяўчаты вытрымалі яго на выдатна! Старт урачыстасцям быў дадзены на стадыёне “Спартак”.
Учарашнія навучэнцы разам з настаўнікамі параднымі калонамі на чале з духавым аркестрам вайсковай часткі 5530 і групай барабаншчыц з сярэдняй школы №18 імя Еўфрасінні Полацкай прайшлі перад трыбунамі, дзе іх віталі прадстаўнікі ўлады і грамадскіх арганізацый, родныя і сябры.
Падчас прадстаўлення ўстаноў адукацыі горда і звонка гучалі імёны іх лепшых вучняў, сярод якіх – неаднаразовыя і абсалютныя пераможцы рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару (канферэнцыі) навучэнцаў, міжнародных алімпіяд, творчых конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў. Кожнага з іх асабіста павіншаваў і ўручыў каштоўныя падарункі намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Пётр Пяткевіч. А потым героі дня занялі свае месцы на трыбунах і сталі гледачамі канцэртнай праграмы. І артыстамі – як жа інакш! Маладыя людзі спявалі і танцавалі, прызнаваліся ў любові і давалі клятву вернасці роднаму гораду. Дарэчы, з творчымі нумарамі выступалі не проста адвольна выбраныя калектывы, а пераможцы раённых конкурсаў сярод выпускных класаў – таксама полацкая традыцыя. Свае талент і мастацтва дарылі старэйшым сябрам удзельнікі самадзейных калектываў. Узляталі ў чысты блакіт рознакаляровыя паветраныя шарыкі і белыя галубы, кветкавая вясёлка ледзь прыкметна дрыжэла ў руках любімых настаўнікаў, а іх галасы падчас віншаванняў раптоўна перарываліся ад хвалявання, грацыёзна кружыліся настаўніцы ў развітальным вальсе са сваімі былымі навучэнцамі…
-Гэтае свята не пазначана ў календары, але з’яўляецца знакавай падзеяй не толькі для вас, але і для вашых бацькоў і педагогаў, – звярнулася да выпускнікоў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Гуйвік. – З 57 тысяч 500 выпускнікоў, якія сёлета выходзяць у самастойнае жыццё ў рэспубліцы, 550 – палачане. Перад вамі адкрываецца новы этап жыцця – адказны і сур’ёзны. І вельмі важна для Полацка, каб вы пасля набыцця прафесійнай адукацыі абавязкова вярнуліся сюды, тут знайшлі сябе ў працы і ў жыцці.
Кульмінацыйны момант свята – марш па вуліцах горада і спуск на ваду сімвалічных караблікаў, якім выпускнікі кожнага класа даверылі свае мары і пажаданні.
-Школьныя гады – вясновая, самая радасная і светлая пара ў жыцці кожнага чалавека. Гэта час пазнанняў і адкрыццяў, час сталення. Там засталіся ўрокі і пераменкі, дамашнія заданні і кантрольныя. Гэта было ўчора, а зараз Полаччына з любоўю і вялікай надзеяй праводзіць у самастойнае плаванне сваіх выпускнікоў, – у словах начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама Ірыны Драздовай выразна гучаць смутак раставання напалам з радасцю, шчырым гонарам за сваіх навучэнцаў. – Полацкая ладдзя ўжо 1154 гады плыве па хвалях гісторыі.
Сімвалічна, што менавіта напачатку лета мы штогод адзначаем новую дату ў летапісе роднага горада. Якім будзе наша агульная заўтра, найперш залежыць ад моладзі. Спадзяюся, што добрыя пажаданні, якія гучаць у гэтыя дні ў адрас выпускнікоў, “запраграмуюць” нашых дзяцей на поспех і абавязкова збудуцца.
Таццяна Бондарава.
Фота аўтара.