У добры шлях пад ветразямі верасня

- 10:00Адукацыйная прастора

Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі паўночнага рэгіёна Беларусі сёлета селі за парты 114 923 навучэнцы — амаль на тысячу больш, чым у мінулым навучальным годзе. У школы прыйшлі 12 375 першакласнікаў. Аб гэтым паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома 1 верасня ў ходзе наведвання Суражскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза М.Ф.Шмырова. Сярод ганаровых гасцей, якія завіталі 1 верасня на ўрачыстую школьную лінейку, былі старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў, старшыня Віцебскага райвыканкама Генадзь Сабыніч, старшыня Віцебскага раённага Савета дэпутатаў Віктар Дарожкін.

Галоўным адкрыццём у Дзень ведаў для суражскіх навучэнцаў стала непазнавальнае пераўтварэнне роднай школы, якая набыла прывабнае сучаснае аблічча. Прыемныя змены закранулі практычна ўсё — ад ганка, фасада, асвятлення да абсталявання вучэбных кабінетаў, новых варштатаў у майстэрні і ложкаў у дзіцячым садку. У мінулым го­дзе ўстанова адукацыі атрымала новыя кабінеты фізікі, хіміі, біялогіі, клас інфарматыкі, абсталяваны камп’ютарамі і мультыбордам.

“Сёння ідзём у класы з радасным настроем, — падзяліўся ўражаннямі дырэктар школы Віктар Міхасевіч. — Столькі адрамантавалі! Дапамагла ў гэтым дзяржава, пашчыравалі педагогі, бацькі, старшакласнікі. Школа зусім не тая, што была два гады назад. Навучэнцы прыехалі з далёкіх вёсак, захо­дзяць у сталовую, спартзалу — а ўсюды ўсё новае. Усяго ў нас цяпер 135 навучэнцаў школы і 33 выхаванцы дзіцячага сада. Як ніколі ў нас многа першакласнікаў: 17 хлопчыкаў і дзяўчынак. Заўсёды рады, калі з’яўляюцца новыя дзеці, настаўнікі, бо менавіта тады школа жыве. У гэтым годзе на нашай базе таксама пачне працаваць школа мастацтваў”. 

Дзмітрый Хома адзначыў: “У адпаведнасці з праектам “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь”, які Міністэрства адукацыі рэалізуе сумесна з Сусветным банкам, абласнымі і раённымі выканаўчымі камітэтамі, у Віцебскай вобласці да 2025 года запланавана мадэрнізацыя 30 аб’ектаў (школа ў Суражы — адзін з іх). На гэта прадугледжаны фінансавыя сродкі ў памеры 16,6 мільёна еўра, прычым 7,5 мільёна з іх на сёння ўжо асвоена, а да наступнага верасня асваенне чакаецца ў поўным аб’ёме. Работы па праекце выкананы альбо працягваюцца цяпер у 27 установах адукацыі. Нягле­дзячы на тое, што праграма разлічана на 2021—2025 гады, мы паставілі перад сабой задачу асноўную работу завяршыць у гэтым годзе, на 2022-і застануцца тры школы. Усе нашы ўстановы адукацыі ў цэлым гатовы да новага навучальнага года: праве­дзены неабходныя рамонты, набыта дастатковая колькасць абсталявання для ажыццяўлення адукацыйнага працэсу”.

У Суражскай школе створаны выдатныя ўмовы для атрымання глыбокіх ведаў і практычных навыкаў, што яскрава пацвярджа­юць дасягненні навучэнцаў. У мінулым дзевяцікласніца Кацярына Паснова перамагла на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы, яна з’яўляецца стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Выдатныя вынікі выпускнікі з глыбінкі прадэман­стравалі на цэнтралізаваным тэсціраванні, пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі.

“У нас сёлета ўсяго чатыры выпускнікі, бо пасля 9 класа адзінаццаць чалавек працягнулі адукацыю ў іншых установах, — расказала настаўніца англійскай і нямецкай моў класны кіраўнік 11 класа Таццяна Лясковіч. — Паліна Клюева збіраецца вучыцца ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце на дызайнера, Віка Цітова — у Полацкім дзяржаўным універсітэце на юрыста. Віка Ларыёнава і Максім Серабракоў плануюць паступаць зноў жа ў Полацк, адпаведна ў лясны і хіміка-тэхналагічны каледжы, Максім перад гэтым рыхтуецца прайсці службу ў арміі. Добрыя дзеці”. 

Мікалай Шарснёў павіншаваў навучэнцаў, педагогаў і баць­коў з Днём ведаў, уручыў першакласнікам іх першую кнігу “Беларусь — наша Радзіма” — падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — і салодкія падарункі, а са старшакласнікамі пагутарыў аб выбары прафесіі і аб тым, як знайсці сябе ў самастойным жыцці, адказаў на іх пытанні і падкрэсліў: іх ужо ў якасці маладых спецыялістаў чакаюць на малой радзіме. Дарэчы, па выніках уступнай кампаніі — 2021 спецыяльнасці аграрнага напрамку выбраў 31 выпускнік устаноў адукацыі Віцебскага раёна, заключана 14 дагавораў з мясцовымі прадпрыемствамі аб мэтавай падрыхтоўцы спецыялістаў.

У гэтым годзе Сураж (разам з Асвеяй Верхнядзвінскага раёна) трапіў у абласную праграму развіцця малых гарадоў, таксама тут правядуць раённыя Дажынкі. Вялікія сродкі ўкладаюцца ў развіццё дарожнай інфраструктуры, сацыяльнай і культурнай сфер, мадэрнізуюцца вытворчасць і адукацыя. На падрыхтоўку да новага навучальнага года Суражская школа асвоіла каля 500 тысяч рублёў, за апошнія пяць гадоў на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы адукацыі выдаткавана каля 1,7 мільёна рублёў.

 “Некалькі гадоў назад мы вырашылі ў Суражы і падобных населеных пунктах праводзіць комплексную работу, — адзна­чыў кіраўнік вобласці. — Сама па сабе школа, калі няма сацыяльнай сферы, дарог, жылля, працоўных месцаў, бесперспектыўная. Калісьці можна было сказаць, што Сураж ішоў да заняпаду. Але прывялі ў належны стан найперш дарогу Віцебск — Сураж. Побач дагледжаныя палі, добраўпарадкаваныя населеныя пункты, працоўныя месцы ёсць — у гэтым напрамку ад Віцебска з’явіліся новыя аб’екты сельскагаспадарчага профілю. Усё пералічанае дае перакананасць, што пасёлак жыве і будзе жыць. Калі дайшла чарга да абнаўлення школы, то планамерная работа дала чаканы вынік. Я прыехаў на лінейку менавіта сюды, каб яшчэ раз падкрэсліць, што не толькі ў гарадах жыццё, але і ў вёсцы, у невялікіх пасёлках. Тут выдатныя дзеткі, кампетэнтныя педагогі, гатовыя свае веды праз сучаснае абсталяванне данесці да вучняў. Такія школы павінны развівацца. Перыферыі мы ўдзяляем і будзем удзяляць асаблівую ўвагу. Калі мы гаворым па Суражы, Расонах, Верхнядзвінску, Браславе — гэта ўязныя вароты ў Віцебскую вобласць, дзе парадак павінен быць ва ўсім”.

Адноўленым паўстаў перад навучэнцамі і помнік дзецям легендарнага Бацькі Міная, размешчаны на тэрыторыі ўстановы адукацыі. Удзельнікі вераснёвай урачыстасці ўшанавалі памяць загінуўшых у Вялікай Айчыннай вайне ўскладаннем вянкоў і кветак. Пасля завяршэння лінейкі госці з задавальненнем прымералі на сябе ролі вучняў, папрацавалі з мікра­скопам у новым кабінеце біялогіі, а затым адправіліся на экскурсію па школе, азнаёміліся з творчымі і даследчымі работамі навучэнцаў, выставай букетаў і кветкавых кампазіцый “Подых восені”, вучэбнымі кабінетамі, спартзалай, сталовай і харчаблокам. Мікалай Шарснёў і Генадзь Сабыніч уручылі кіраўніку педкалектыву грашовыя сертыфікаты на агульную суму 15 тысяч рублёў — сродкі таксама адрасаваны на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы адукацыі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота Алены ЧАПЛЕВАЙ.