У добры шлях, у “зорны” шлях!

У аўторак студэнты і выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка 56-ы раз адправіліся ў інтэрнацыянальны “Зорны паход” па месцах баявой і працоўнай славы нашага народа. Якраз у гэтыя мінуты восем атрадаў у складзе больш за 250 “зорнікаў” сустракаюцца з ветэранамі вайны і працы, расказваюць вучням пра важнасць міру і захавання памяці пра Вялікую Перамогу, выступаюць з канцэртамі ў дамах культуры, праводзяць прафарыентацыйныя мерапрыемствы са школьнікамі.

Калісьці многія ўстановы вышэйшай адукацыі ганарыліся традыцыяй правядзення “Зорных паходаў”, аднак толькі ў БДПУ гэтая традыцыя стала візітоўкай, сапраўдным брэндам, маштабным праектам, у якім удзельнічала не адно пакаленне студэнтаў і выкладчыкаў. 56 разоў “зорнікі” збіраліся ва ўнутраным дворыку ўніверсітэта каля помніка сваім калегам і аднагодкам, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны, і пасля ўрачыстай цырымоніі адпраўляліся ў шматкіламетровы зімовы паход працягласцю некалькі незабыўных дзён. Студзень 2021 года не стаў выключэннем.

“Зорныя паходы” БДПУ пачалі сваю гісторыю ў далёкім 1966 годзе. У іх удзельнічала шмат інстытутаў і ўніверсітэтаў усяго Савецкага Саюза. Наш Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка захаваў і памножыў гэтую традыцыю. Дзякуй, што вы цэніце, разумееце значнасць праекта. І гэта невыпадкова, таму што вы, будучыя педагогі нашай краіны, на сваім прыкладзе падчас паходу будзеце паказваць, як эфектыўна праводзіць выхаванне грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці. Вашы мерапрыемствы адбудуцца з удзелам людзей рознага ўзросту. У першую чаргу гэта ветэраны вайны і працы, гэта дзеці вайны, гэта школьнікі, моладзь, студэнцтва, бацькі і настаўнікі. Вы будзеце таксама праводзіць мітынгі каля абеліскаў. Пакланіцеся тым людзям, якія аддалі свае жыцці за росквіт нашай краіны”, — звярнулася да ўдзельнікаў паходу першы прарэктар БДПУ Святлана Іванаўна Копцева.

Па словах міністра культуры Анатоля Мечыслававіча Маркевіча, любая краіна, любая нацыя захоўвае сваю духоўную спадчыну і прымнажае вялікі патэнцыял моладзі. Вельмі важна, каб малады чалавек быў не толькі адукаваным, інтэлектуалам, але і любіў, паважаў сваю краіну, сваю родную зямлю. Наведванне месцаў працоўнай і баявой славы беларускага народа з’яўляецца неад’емным фактарам патрыятычнага выхавання маладых людзей. Гэтую думку дапоўніў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Уладзіміравіч Кадлубай: “У рамках маладзёжнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь праводзіцца шмат мерапрыемстваў. Захаванне гістарычнай памяці сёння асабліва актуальна ў маладзёжным асяроддзі. Важным элементам “Зорнага паходу” з’яўляецца непасрэдны педагагічны і праф­арыентацыйны складнік, калейдаскоп форм і метадаў работы з моладдзю. Несумненна, дні паходу будуць насычаныя і цікавыя”.

Сёлета “Зорны паход” пралягае па тэрыторыі Лідскага і Навагрудскага раёнаў Гродзенскай вобласці. Аднак большая частка маршруту пройдзе па тэрыторыі Дзяржынскага, Слуцкага, Крупскага, Любанскага, Чэрвеньскага і Салігорскага раёнаў Мінскай вобласці. “Шэсць з васьмі атрадаў акажуцца ва ўстановах адукацыі нашай вобласці. Мы будзем рады вас бачыць, ацаніць вашу творчасць, правесці праф­арыентацыйную работу і, канечне, будзем чакаць вас праз некалькі гадоў маладымі спецыялістамі ва ўстановах адукацыі Мінскай вобласці. Студэнт, які прайшоў “Зорны паход”, — гэта студэнт са знакам якасці. І тое плячо адно аднаго, якое вы адчуеце ў паходзе, дапаможа вам у далейшым і ў жыцці, і ў прафесійнай дзейнасці”, — адзначыў Мікалай Мікалаевіч Башко, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама, выпускнік БДПУ і таксама ў мінулым удзельнік “Зорных паходаў”.

“Зорнікі” наведаюць населеныя пункты, пазнаёмяцца з іх адметнасцямі, аддадуць даніну павагі старэйшаму пакаленню, засведчаць, што сучасная моладзь не забывае ваеннага ліхалецця, помніць, што, дзякуючы савецкаму салдату, партызану, падпольшчыку, працаўніку тылу, здабыта Вялікая Перамога. Дарэчы, падчас паходу будзе рэалізаваны маладзёжны праект “Дзеці вайны”. Студэнты пагутараць з людзь­мі, чыё дзяцінства выпала на гады Вялікай Айчыннай вайны, запішуць гісторыі, зробяць фота- і відэаматэрыялы, каб захаваць памяць і перадаць яе падрастаючаму пакаленню. Таму асабліва каштоўнымі былі словы-наказ старшыні Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў генерал-маёра ў адстаўцы Анатоля Аляксеевіча Адоньева.

Па традыцыі падчас мітынгу, прысвечанага старту паходу, ускладаліся кветкі да помніка студэнтам і выкладчыкам Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, ушаноўвалася іх памяць мінутай маўчання. І традыцыйна з усмешкамі, добрым настроем будучыя педагогі адправіліся ў незабыўны паход. У добры шлях, “зорнікі”!

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.