У дружным коле

- 11:38Людзі адукацыі

Пачатковыя класы нездарма называюцца пачатковымі. Гэта пачатак жыццёвых дарог чалавека. Менавіта ў 6—10-гадовым узросце ў дзяцей закладваецца схільнасць да пэўных навук, актыўна раскрываюцца таленты, фарміруюцца рысы характару. Таму ад настаўніка І ступені навучання ў многім залежыць фарміраванне асобы навучэнца. З гэтай думкай настаўніцы пачатковых класаў сярэдняй школы № 11 Мазыра Вікторыі Эдуардаўны Сташэлеўскай складана не пагадзіцца.

Як складана не пагадзіцца і з тым, што ў пачатковых класах закладваецца фундамент любові да малой радзімы, Айчыны. Наколькі моцным будзе гэты фундамент, ці не разбурыцца ён пад уздзеяннем жыццёвых сітуацый, ужо залежыць ад сям’і, узроўню ўзаемадзеяння настаўніка з бацькамі. Кожная экскурсія (ці на прыроду, ці ў музеі Мазыра, ці ў іншыя гарады Беларусі) для выхаванцаў Вікторыі Эдуардаўны абавязкова праводзіцца з удзелам бацькоў.

“Сустрэчы з бацькамі ў класным пакоі заўсёды карысныя, асабліва калі таты і мамы расказваюць пра сваіх продкаў, пра мясціны свайго дзяцінства. Калі мы ідзём на прыроду, асабліва да нашых знакамітых мазырскіх яроў, і дзеці ба­чаць прыгажосць роднага краю — гэта прывіццё любові да сваёй зямлі. Калі наладжваем з бацькамі спартыўныя эстафеты на адкрытым паветры — гэта таксама фарміраванне любові да малой радзімы. І калі ездзім у іншыя беларускія гарады, знаёмімся з гераічнымі старонкамі Бацькаўшчыны, таксама выхоўваем грамадзяніна і патрыёта”, — падзялілася настаўніца.

Вікторыя Эдуардаўна невыпадкова робіць жыццё сваіх выхаванцаў насычаным. На думку педагога, дзіцячы садок — значны перыяд развіцця хлопчыка або дзяўчынкі, аднак толькі ў пачатковых класах дзеці найбольш актыўна, больш усвядомлена пачынаюць спазнаваць свет і ў першую чаргу родны край. Ім цікавы лёс пэўнага гістарычнага будынка, чаму тая ці іншая рэчка або возера называецца менавіта так, а не інакш. Вялікая ўвага ўдзя­ляецца тэме Вялікай Айчыннай вайны. З ветэранамі цяпер складана сустрэцца, не заўсёды па стане здароўя ў школу могуць прыйсці і дзеці вайны, таму ўхіл робіцца на гісторыі сям’і. Дзеці распытваюць сваіх родных пра лёс продкаў, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне, складаюць старонкі памяці, альбомы. Асабліва падабаюцца дзецям мерапрыемствы, калі ўсе навучэнцы класа збіраюцца разам з бацькамі, бабулямі і дзядулямі і расказваюць пра лёс продкаў у гады вайны, прыносяць сямейныя рэліквіі. Асабліва цікава дзецям разглядваць ордэны і медалі. Такія мерапрыемствы яскрава сведчаць, што клас Вікторыі Эдуардаўны — гэта вялікая дружная сям’я. Толькі цесная сувязь з бацькамі, на думку настаўніцы, дазваляе зрабіць паспяховым выхаваўчы працэс.

“Дзеці актыўна растуць, развіваюцца, у іх з’яўляюцца новыя зацікаўленні, таму кожную экскурсію абавязкова напаўняем навукова-пазнавальнымі момантамі, момантам чакання захапляльнай сустрэчы. Напрыклад, калі едзе­м у Брэст, то, акрамя Брэсцкай крэпасці, музея “Бярэсце”, наведваем яшчэ і музей чыгуначнай тэхнікі. Дзецям цікава не толькі пагля­дзець на паравозы, але і дакрануцца да іх, залезці ў кабіну машыніста, адчуць сябе вагонаважатым. Усё гэтае спазнанне павінна адбывацца праз гульню. Напрыклад, мазырская вяслярная база знакамітая сваімі выхаванцамі. Можна, канечне, расказваць дзецям, што тут займаўся алімпійскі чэмпіён Раман Петрушэнка. Аднак чаму б не арганізаваць сустрэчу з гэтым чалавекам, тым больш ён жыве ў нашым горадзе? А пасля сустрэчы чаму б не прапанаваць хлопчыкам і дзяўчынкам прынесці і паказаць аднакласнікам свае ўзнагароды, прычым не толькі спартыўныя. Дзеці з захапленнем слухаюць таварышаў і абавязкова запішуцца ў тыя ж самыя спартыўныя секцыі, іншыя аб’яднанні па інтарэсах”, — падзялілася Вікторыя Эдуардаўна.

Сучасныя дзеці не ўяўляюць свайго жыцця без гаджэтаў, і, як здаецца многім дарослым, сённяшнія вучні іншыя, адрозніваюцца ад пакалення іх бацькоў. Аднак, на думку настаўніцы, дзеці ва ўсе часы застаюцца дзецьмі з галоўнай па­трэбнасцю — ісці ў нагу з часам. Калі дзіця занята кожную хвіліну, то ў яго не ўзнікне жадання дастаць смартфон і забаўляцца. Менавіта так і адбываецца на занятках Вікторыі Эдуардаўны. Дзеці ве­даюць, што ім трэба падрыхтавацца да ўрока, паўтарыць матэрыял. Традыцыйна ў 11-й школе праводзяцца дынамічныя перапынкі, таму думаць пра смартфон, а тым больш карыстацца ім, няма часу. Вучні выкарыстоўваюць тэлефоны толькі для таго, каб патэлефана­ваць бацькам і сказаць, што прыйшлі ў школу або калі вернуцца дадому.

“Настаўніцай пачатковых класаў я стала, можна сказаць, выпадкова. У старшых класах сур’ёзна вывучала фізіку і матэматыку, хацела пайсці ў навуку, нават займалася на падрыхтоўчых курсах у ленінградскім універсітэце, аднак так склалася, што вырашыла паступаць у Мазырскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Н.К.Крупскай. Прычым не на настаўніцу фізікі і матэматыкі, а пачатковых класаў. Нават не ведаю, якім магло быць маё жыццё, калі вырашыла б усё ж пайсці ў навуку. Як бы я змагла жыць без маіх дапытлівых, гарэзлівых вучняў?!” — падзялілася Вікторыя Эдуардаўна.

Яшчэ адно захапленне нашай гераіні і яе выхаванцаў — тэатральная дзейнасць. “Бацькі шыюць касцюмы, задзейнічаны і бабулі, і дзядулі, прыходзяць на паказы вялікімі сем’ямі, — расказвае настаўніца. — У пастаноўцы казак мы выкарыстоўваем магчымасці і талент усіх дзяцей, распрацоўваем сцэнарый так, каб усе вучні змаглі паў­дзельнічаць. Мы імкнёмся, каб кожнае дзіця адчувала сябе камфортна і на ўроку, і пасля ўрокаў. Мае вучні — гэта мая гор­дасць. Кожны — асоба, вартая любові, шансу для самавыяўлення”.

Ігар ГРЭЧКА.