У дружным тандэме

Сёлетняе жніво для Аляксандра Васільевіча Лук’янюка ўжо 35-е па ліку, а для Анатоля Сцяпанавіча Вабішчэвіча — 20-е, прычым для абодвух яшчэ і юбілейнае. На працягу 20 гадоў настаўнікі фізічнай культуры і здароўя з Астрамечаўскай сярэдняй школы Брэсцкага раёна працуюць летам плячо ў плячо ў ААТ “Астрамечава” — спачатку камбайнерамі, а сёння аператарамі зернесушыльнага комплексу.

— У пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя ў калгасах не хапала памочнікаў камбайнераў, — успамінае А.В.Лук’янюк. — Райвыканкам мабілізоўваў для дапамогі гаспадаркам розных спецыялістаў, якія не баяліся цяжкай працы на зямлі. У іх ліку аказаўся і я. Да сялянскай працы мне, вясковаму хлопцу, было не прывыкаць. Пасля месячных курсаў атрымаў права працаваць памочнікам камбайнера. А 20 гадоў назад падахвоціў да ўдзелу ў жніве і свайго калегу. З таго часу кожнае лета дапамагаем мясцовай гаспадарцы ў бітве за ўраджай.

А.С.Вабішчэвіч таксама не ўяўляе свайго жыцця без працы на зямлі. “Многія здзіўлена пытаюцца: “Навошта табе гэта трэба? Лепш на мора з’ездзіў бы”, — усміхаецца педагог. — Не разумеюць людзі, што я кожнае лета і так на моры. У гаспадарцы мяне заўсёды чакае мора зерня, мора цяжкасцей і мора незабыўных эмоцый. Не магу доўга сядзець без справы ў адпачынку. Лепш прыносіць карысць, а не ляжаць на канапе перад тэлевізарам”.

З калегам цалкам згодны яго таварыш. А інакш і быць не можа. Першы вопыт работы ў сельскай гаспадарцы яны атрымалі яшчэ ў школьныя гады. У адносінах да працы на зямлі Аляксандр Васільевіч і Анатоль Сцяпанавіч аднадумцы. Гэта вельмі дапамагае ў сумеснай дзейнасці.

— Заўсёды шчыра радуюся далучанасці да агульнай і важнай справы, няхай і вельмі напружанай, але надзвычай прыемнай, — нарыхтоўкі збожжа, — прызнаецца А.В.Лук’янюк. — Змена дзейнасці — адна з лепшых форм адпачынку. Хапіла б толькі здароўя на такі адпачынак. (Усміхаецца.)

Педагогі ўдзячны кіраўніцтву ААТ “Астрамечава” за добрыя ўмовы для працы, уважлівае і паважлівае стаўленне да работнікаў. Задача Аляксандра Васільевіча і Анатоля Сцяпанавіча заключаецца ў ачыстцы і сушцы харчовай пшаніцы.

— Гэтая работа, хаця і часткова аўтыматызаваная, патрабуе вялікай уважлівасці і адказнасці, правільнай тактыкі і нават пэўнай творчасці, — заўважае А.В.Лук’янюк. — Больш за тое, яна звязана з павышанай небяспекай. Неабходна пастаянна пільна сачыць, каб не перасушыць ці недасушыць зерне і, крый божа, не дапусціць узгарання з-за высокага тэмпературнага рэжыму работы комплексу. Многае прыходзіць з вопытам, дзякуючы якому працуеш ужо інтуітыўна.

Летась дружны тандэм астрамечаўскіх педагогаў заняў 1-е месца ў вобласці за тое, што насушыў каля 8 тысяч тон зерня. Сёлетнія вынікі больш сціплыя з-за неспрыяльных умоў надвор’я — амаль 5 тысяч тон. Але і гэтая лічба даволі значная. Падчас гэтага жніва Аляксандр Васільевіч і Анатоль Сцяпанавіч першымі ў раёне насушылі 2 тысячы тон зерня, за што атрымалі ад профільнага прафсаюза падзячнае пісьмо, каштоўныя падарункі і грашовую прэмію.

Прыемна, што А.В.Лук’янюк і А.С.Вабішчэвіч адносяцца з любоўю і душой да працы не толькі на зямлі, але і ў школе. І ў гэтым у іх таксама шмат агульнага. Абодва актыўна ўдзельнічалі ў дзяцінстве ў спартыўных спаборніцтвах, абодва не планавалі працаваць настаўнікамі, абодва скончылі факультэт фізічнага выхавання тагачаснага Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна і абодва працуюць усё жыццё ў адной школе — адзін 37 гадоў, другі — 24.

— У кожнага чалавека — свой рэцэпт жыццёвага шчасця. Для нас ён непарыўна звязаны з працай на зямлі, якая прыносіць карысць іншым, а сабе — радасць і задавальненне, — прызнаюцца педагогі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.