У духу адзінства культур

Наўрад ці знойдзецца ў Беларусі яшчэ адзін горад, дзе з такім шанаваннем ставіліся б да вялікага рускага паэта А.С.Пушкіна, як у Брэсце. Імя класіка сусветнай літаратуры носяць універсітэт, гарадская бібліятэка і ліцэй № 1. У кожнай з гэтых устаноў праводзяцца шматлікія мерапрыемствы па папулярызацыі творчай спадчыны паэта.

Сёлетні Міжнародны дзень ліцэяў надоўга запомніцца брэсцкім ліцэістам. У гэты дзень іх установа атрымала ў падарунак бюст А.С.Пушкіна, які размясціўся ў фае першага паверха. З нагоды ўрачыстага мерапрыемства да педагогаў і вучняў завіталі генеральны консул Расіі ў Брэсце І.Ю.Канякін, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі А.М.Дашко, начальнік аддзела па адукацыі Брэсцкага гарвыканкама А.М.Наскоў і інш.

Адкрываючы бюст, І.Ю.Канякін зачытаў прывітальны адрас ад імя пасла Расіі ў Беларусі Д.Ф.Мезенцава, які падзякаваў калектыву ўстановы адукацыі за захаванне ліцэйскіх традыцый, высокую якасць вучэбнага працэсу і выхаванне моладзі ў духу любові да рускай культуры і літаратуры.

А.М.Наскоў адзначыў, што творчасць А.С.Пушкіна садзейнічае ўзаемапранікненню славянскіх культур і іх узаемаўзбагачэнню, наладжванню міждзяржаўных кантактаў у сферы адукацыі і культуры.

— Пры стварэнні нашай установы, якая сёлета адзначае 30-гадовы юбілей, былі ўзяты за аснову лепшыя традыцыі царскасельскага ліцэя, — расказала дырэктар ліцэя В.М.Ганчарэнка. — Пушкінская тэма вырасла з пазакласнай работы і абумовіла філасофію адукацыйнага працэсу, які грунтуецца на ідэалах грамадзянска-патрыятычнага выхавання, фарміраванні высокамаральнай і прыстойнай асобы.

Імя А.С.Пушкіна было прысвоена ліцэю 16 гадоў назад рашэннем Брэсцкага аблвыканкама. Летась у рамках 1000-годдзя горада пасольства Расіі ў Беларусі перадало яму ў дар бюст вялікага рускага паэта, які быў устаноўлены ў скверыку БрДУ імя А.С.Пушкіна. Адміністрацыя ліцэя пры падтрымцы гарвыканкама звярнулася ў расійскае пасольства з просьбай аб устаноўцы бюста яшчэ ў адной установе. Пасол Д.Ф.Мезенцаў і Міжнародны дабрачынны грамадскі фонд “Дыялог культур — адзіны свет” зрабілі ўсё, каб мара брэстаўчан ажыццявілася.

— Мы ўпэўнены, што ўстаноўка бюста вялікага паэта будзе абагачаць братэрскія сувязі паміж Расіяй і Беларуссю, натхняць на новыя веды і вучэбныя дасягненні, уносіць важкі ўклад ва ўмацаванне культурных зносін і захаванне духоўных каштоўнасцей двух народаў, — адзначыла В.М.Ганчарэнка.

Падчас урачыстага мерапрыемст­ва гучалі вершы А.С.Пушкіна. Вучні гаварылі пра актуальнасць яго паэзіі і яе ролю ў маральным выхаванні, захапляліся геніем класіка.

Расійскае консульства падарыла ліцэю рознатэматычную літаратуру.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.