У дызайнера — фірменны стыль

- 14:45World Skills

Прафесійная кампетэнцыя “Графічны дызайн” выйшла на арэну WorldSkills Belarus 2 гады назад, на ІІ Нацыянальным чэмпіянаце, і адразу заваявала папулярнасць. Калі ўспамінаеш конкурсную пляцоўку чэмпіянату 2016 года, то якраз-такі каля будучых графічных дызайнераў тоўпілася больш за ўсё гледачоў, бо гэтая кампетэнцыя прыцягвала да сябе сваёй відовішчнасцю. Можна было паназіраць сваімі вачыма, як з непрыглядных схем і графічных ліній атрымоўваецца ярка афарбаваная рэкламная прадукцыя.

Два гады назад у рэспубліканскім конкурсе па гэтай кампетэнцыі прынялі ўдзел 7 чалавек, сярод якіх былі навучэнцы ССНУ і студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі. Тады лаўры першынства дасталіся навучэнцы Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К.Глебава Вользе Броўкінай. Свой высокі статус мінскі каледж пацвярджае яшчэ адной важнай акалічнасцю: экспертам у кампетэнцыі “Графічны дызайн” выступае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Віктараўна Аляб’ева, якая прыняла ўдзел у многіх міжнародных спаборніцтвах, у тым ліку ў чэмпіянаце краін — членаў Еўразійскай прасторы ў рамках фіналу V Нацыянальнага чэмпіянату “Маладыя прафесіяналы” (WorldSkills Russia) — 2017, уваходзіць у міжнароднае экспертнае супольніцтва, мае пэўны вопыт у падрыхтоўцы нашых канкурсантаў. На сёлетняй пляцоўцы ў “Графічным дызайне” свае прафесійныя веды і ўменні дэманстравала навучэнка каледжа Ірына Царык. Поруч з ёй выступалі прадстаўнікі Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа, Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта і інш.

Графічны дызайн сёння — адзін з найбольш перспектыўных кірункаў. Складана знайсці зараз сферу жыцця, дзе б дызайн не быў задзейнічаны. Усё, што акружае нас на вуліцах, у магазінах, транспарце, офісах і навучальных установах, СМІ і ў інтэрнэце, — вынік работы графічных дызайнераў. Аднак спецыяльнасць “Графічны дызайн” для нашай адукацыі новая, рыхтуюць па ёй толькі адзінкавыя навучальныя ўстановы, і пакуль няма асобнага, істотнага аналізу таго, як працуюць выпускнікі ўстаноў непасрэдна на рабочым месцы і ці хапае ім атрыманых ведаў. Гэтая галіна ў краіне толькі-толькі набірае моц, заказчыкаў кадраў графічнага дызайну яшчэ нямнога, і ў большасці гэта прадпрыемствы і арганізацыі прыватнага характару. Пакуль не канчаткова акрэслены патрабаванні да падрыхтоўкі і ў змест навучання ўносяцца новыя карэктывы ў залежнасці ад патрэб работадаўцаў, у тым ліку і згодна з міжнароднымі тэндэнцыямі, прадстаўленымі WorldSkills.

Галоўная ідэя графічнага дызайну — злучыць у адным выкананні эстэтычныя прынцыпы і функцыянальныя задачы, а да вырабленай прадукцыі прыцягнуць увагу звычайнага карыстальніка або непасрэднага спажыўца. Сфера выкарыстання графічнага дызайну разнастайная: газетны і часопісны дызайн, шрыфты, фірменны стыль, рэклама, выставы і выставачныя стэнды і многае іншае, што нас акружае. Напрыклад, сучасныя кампаніі абавязкова бяруць у штат прафесійных дызайнераў, якія ствараюць фірменны стыль і візуальны імідж. У сучаснай графіцы выкарыстоўваюцца лічбавыя тэхналогіі. Гэта палягчае працэс стварэння, а зыходны прадукт становіцца больш якасным. Калі разглядаць графічны дызайн як памочніка рэкламнай кампаніі, то варта вылучыць некалькі асноўных кірункаў: графічны дызайн офіснай прадукцыі (дызайн візітовак, бланкаў, канвертаў, заставак на рабочы стол і інш.), графічны дызайн рэкламнай прадукцыі (дызайн рэкламы ў СМІ, дызайн вонкавай рэкламы, графічны дызайн плакатаў, прэзентацый), графічны дызайн паліграфічнай прадукцыі (дызайн каталогаў, флаераў, лістовак, буклетаў), графічны дызайн сувенірнай прадукцыі (дызайн паштовак, календароў, блакнотаў, ручак, кубкаў, сцяжкоў і г.д.). Да распрацовак графічнага дызайну адносяцца элементы фірменнага (карпаратыўнага) стылю кампаніі: лагатып, гандлёвы знак, фірменны персанаж і г.д. Афармленне вэб-сайта з улікам фірменнага стылю таксама не абыходзіцца без графічнага дызайну. Заказчыку вэб-сайта графічны дызайн дапамагае стварыць індывідуальны, непаўторны стыль. А гэта значыць, што мала ўмець выконваць тэхнічныя задачы, якія закладзены ў графічны дызайн, трэба быць творчым, эрудзіраваным, з шырокім кругаглядам чалавекам.

— Графічны дызайн — гэта від сучаснага мастацтва, якому ўласцівы творчы ўзлёт, тонкі густ, эстэтычны падыход, — адзначыла Таццяна Віктараўна Аляб’ева. — Таму ў навучэнцаў трэба развіваць не толькі прафесійныя ўменні валодаць неабходнай тэхнікай, лічбавымі тэхналогіямі, але імкнуцца ўзбагачаць іх свет, фарміраваць мастацкія пачуцці, душэўную гармонію. — Такія конкурсы не толькі спрыяюць праяўленню гэтых якасцей, але і замацоўваюць байцовы дух нашых выхаванцаў. Яны скіраваны на ўдасканаленне зместу навучання, матывуюць педагагічны калектыў на ўкараненне новых педагагічных тэхналогій, сусветных тэндэнцый, на імкненне да таго, каб быць у гушчыні падзей, знаходзіць новых партнёраў і аднадумцаў. Безумоўна, усе гэтыя захады не толькі станоўча паўплываюць на сам адукацыйны працэс у каледжы, але і ўздымуць імідж навучальнай установы, дадуць новы штуршок да ўдасканалення прафесійнага майстэрства.

На першым для графічнага дызайну конкурсе WorldSkills канкурсанты выраблялі элементы фірменнага стылю для ўмоўнага выдавецтва дзіцячай літаратуры — аднастаронкавую прадукцыю, куды ўвайшлі рэкламны плакат і афіша, якія спачатку ствараліся на камп’ютары, а потым раздрукоўваліся на прынтары. Таксама канкурсанты афармлялі ўпакоўку, якая была прапанавана ў разгорнутым выглядзе і якую трэба было графічна аформіць. Заданні неабходна было выканаць за 3 дні. Два дні ўдзельнікі конкурсу працавалі па 8 гадзін, а адзін дзень — 6.

На сёлетнім чэмпіянаце ў гэтай кампетэнцыі спаборнічалі 11 чалавек. На гэты раз было адведзена 2 дні. Заданні нашмат аб’ёмнейшыя, чым раней, бо арыентаваліся на міжнародны конкурс 2017 года: першы дзень — 8 гадзін (распрацоўка лагатыпа, элементаў фірменнага стылю, а таксама шматстаронкавага кіраўніцтва па фірменным стылі для зададзенага заказчыка), другі дзень — 4 гадзіны (распрацоўка ўпакоўкі пад канкрэтны прадукт).

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.