У дзейнасці Адміністрацыі прэзідэнта дробязей не бывае

Аб асноўных выніках праведзенай у кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі нарады з кіраўніцтвам Адміністрацыі прэзідэнта расказала журналістам кіраўнік гэтага дзяржаўнага органа Наталля Качанава.

У ліку асноўных пытанняў, якімі павінна займацца Адміністрацыя прэзідэнта, Наталля Качанава назвала кадравую палітыку, ідэалагічную работу, кантроль за выкананнем даручэнняў кіраўніка дзяржавы, узаемадзеянне з органамі выканаўчай улады і іншымі рэспубліканскімі органамі. “Самыя сур’ёзныя задачы былі пастаўлены нам у плане кантролю, узаемадзеяння з Саветам Міністраў, адпрацоўкі дакументаў, якія паступаюць у Адміністрацыю прэзідэнта і ў далейшым — кіраўніку дзяржавы”, — сказала яна.

З аднаго боку, неабходна поўнае ўзаемадзеянне Адміністрацыі з іншымі дзяржаўнымі органамі, а з іншага — гэты орган павінен выконваць ролю фільтра. “Усё дакладна павінна быць адпрацавана, праведзена экспертыза дакументаў, перш чым прадаставіць іх на разгляд кіраўніка дзяржавы. З боку Адміністрацыі прэзідэнта мы разумеем, што гэта вельмі адказная, важная работа. Але вынік можа быць тады, калі будзе поўнае ўзаемадзеянне. Гэта асноўнае, аб чым ішла размова”, — падкрэсліла Наталля Качанава.

Паводле яе слоў, на нарадзе ўзнімаліся і пытанні ў эканамічнай сферы, у прыватнасці па заработнай плаце, цэнах і занятасці. “Гэта трыадзіная задача, якая была пастаўлена кіраўніком дзяржавы фактычна некалькі гадоў назад. Вядома, кантроль за выкананнем гэтых даручэнняў будзе самы строгі”, — сказала кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.

Размова ішла і аб маючых адбыцца мерапрыемствах, прымеркаваных да дзяржаўных свят і юбілейных дат. Так, у 2019 годзе будзе адзначацца 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, споўніцца 25 гадоў інстытуту прэзідэнцтва.

Гаворачы аб кадравай рабоце, кіраўнік Адміністрацыі падкрэсліла, што ў аснову павінна ставіцца справядлівасць у адносінах да людзей і вырашэння тых пытанняў, якія ўзнікаюць у тым ці іншым рэгіёне. “Таму ўдасканаленне кадравай палітыкі вельмі важнае. Павінна быць амаладжэнне кадравага складу, ратацыя”, — адзначыла Наталля Качанава.

Яна дадала, што Адміністрацыя прэзідэнта ўдасканальвае формы работы ў сферы кадравай палітыкі, сфарміраваны спецыяльны кадравы рэзерв, вядзецца работа з маладымі перспектыўнымі кіраўнікамі, у тым ліку ў фармаце школы настаўніцтва, арганізуюцца стажыроўкі. “На гэта робіцца стаўка: каб сёння прафесійныя спецыялісты, сумленныя, якія ўмеюць працаваць з людзьмі і разумеюць людзей, прыйшлі працаваць ва ўладу і займалі ключавыя пасады, займаліся рэалізацыяй пастаўленых задач”, — рэзюмавала кіраўнік Адміністрацыі.