Стварэнне спецыялізаванага класа — знакавая падзея не толькі для Гомеля і ўсёй вобласці, але і ў цэлым для краіны. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».
Клас прававой накіраванасці ўрачыста адкрылі ў гімназіі № 51 Гомеля. У ім будуць вучыцца адораныя дзеці, якія ў будучыні жадаюць звязаць сваю прафесійную дзейнасць з работай у дзяржаўных органах.
— Пры падтрымцы Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь і па ініцыятыве абласной пракуратуры Гомельскай вобласці быў заключаны дагавор аб супрацоўніцтве і адкрыцці профільнай групы прававой накіраванасці, — кажа дырэктар гімназіі Аляксандр Пахучы. — Упор у навучанні будзе рабіцца на грамадазнаўства і англійскую мову. Работнікі пракуратуры стануць частымі гасцямі і спікерамі на розных мерапрыемствах у гімназіі, яны не толькі будуць праводзіць гутаркі прававой накіраванасці, але і часцей стануць запрашаць навучэнцаў на розныя экскурсіі ў ведамства.
У групу залічаны 12 дзесяцікласнікаў, самі гімназісты сустрэлі ініцыятыву з энтузіязмам. Вядома, яны ж будуць вывучаць такі запатрабаваны сёння напрамак, а нехта стане крыху бліжэй да рэалізацыі мары. Дзесяцікласнікам нават пашылі асаблівую школьную форму цёмна-сіняга колеру, сваімі элементамі яна падобная да формы пракурорскага работніка.
— Толькі без пагонаў, у астатнім усё адпавядае, — адзначыў Аляксандр Паўлавіч. — Стварэнне спецыялізаванага класа — важная частка прафарыентацыйнай работы з падрастаючым пакаленнем. Тут ёсць усе ўмовы для іх паспяховага навучання ў новым напрамку, будзем спадзявацца на добры вынік, строім прафесійныя перспектывы. Усё ж гэтыя дзеці плануюць звязаць сваё жыццё з прававым напрамкам. Магчыма, не ўсе навучэнцы будуць працаваць у органах пракуратуры, але атрыманыя тут веды стануць зыходным пунктам на іх жыццёвым шляху і пабудове кар’еры на карысць дзяржавы.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота гімназіі № 51 Гомеля