У дзіцячы сад — з ахвотай і задавальненнем!

- 11:45Дашкольная адукацыя

Наколькі задаволены бацькі атрыманнем адукацыйных паслуг у дашкольнай установе? Як эфектыўна арганізаваць інавацыйную дзейнасць? Якія шляхі ўдасканалення кіраўніцкай кампетэнтнасці кіраўнікоў дашкольных устаноў? На гэтыя і многія іншыя пытанні паспрабавалі адказаць удзельнікі секцыі “Сучаснае кіраванне і эфектыўнасць дашкольнага навучання і выхавання”. Каардынатары гэтай секцыі — кансультант аддзела дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Любоў Гарэлава і дацэнт кафедры дашкольнай і пачатковай адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Марына Ярмалінская. Некаторыя выказванні ўдзельнікаў секцыі мы прапануем вашай увазе.

Аб задаволенасці бацькоў

Кацярына ПАЛХОЎСКАЯ, кіраўнік праектаў кампаніі MASMІ, кандыдат сацыялагічных навук:
— Кампаніяй MASMІ ў нашай краіне было праведзена даследаванне якасці адукацыйных паслуг ва ўстановах дашкольнай адукацыі і задаволенасці бацькоў гэтымі паслугамі. Рэспандэнтамі сталі 200 выхавальнікаў і 400 бацькоў, дзеці якіх наведваюць дзіцячыя сады Мінска, абласных цэнтраў, сярэдніх і невялікіх гарадоў з насельніцтвам да 50 тысяч чалавек.
У бацькоў пацікавіліся, ці даводзілася ім пры ўладкаванні дзіцяці ў дашкольную ўстанову дадаткова прыкладаць нейкія намаганні? Большасць бацькоў канстатавалі, што нічога дадаткова не рабілі (62%). Аднак трэць апытаных прызналіся, што ім давялося аказваць дашкольнай установе спонсарскую дапамогу. 7% паведамілі, што шукалі ўплывовых знаёмых, а 3% (яны самі або іншыя члены сям’і) былі вымушаны ўладкоўвацца на работу ў дашкольную ўстанову, каб туды прынялі іх дзіця. Як правіла, звяртацца да дадатковых мер даводзілася бацькам, якія хацелі ўладкаваць у дашкольныя ўстановы дзяцей ва ўзросце да трох гадоў.У адпаведнасці з Кодэксам аб адукацыі, напаўняльнасць груп у дзіцячых садах не павінна перавышаць 20 выхаванцаў, але ж ці вытрымліваецца гэты нарматыў? Трэцяя частка бацькоў паведаміла, што колькасць дзяцей у групе вар’іруецца ад 21 да 25 чалавек, 6% канстатавалі, што выхаванцаў у групе больш як 25 чалавек. Найбольш напружаная сітуацыя з перавышэннем напаўняльнасці груп складваецца ў дашкольных установах Мінска, Мінскай і Брэсцкай абласцей.
Яшчэ адзін блок даследавання тычыўся якасці здароўезберагальнага асяроддзя ў дашкольнай установе. Большасць бацькоў лічаць колькасць гадзін, якая выдаткоўваецца на вучэбныя, гульнявыя заняткі і адукацыйныя паслугі на платнай аснове (гурткі), аптымальнай, аднак 17% хацелі б, каб пад дадатковыя заняткі на платнай аснове адводзілася больш часу.
Нас цікавіў таксама стыль узаемадзеяння з дзецьмі ў дашкольных установах. І тут мы пачулі шмат добрага. Бацькі ацэньвалі сваю задаволенасць стаўленнем да дзіцяці выхавальніка і памочніка выхавальніка. Сярэдняя адзнака па пяцібальнай шкале атрымалася 4,6 бала. Большасць бацькоў заявілі, што іх дзіця з задавальненнем ідзе ў сад.
Яшчэ адным прадметам вывучэння сталі змест адукацыі і аснашчанасць адукацыйнага працэсу (колькасць цацак, вучэбных дапаможнікаў у групе, якасць кніг і вучэбна-метадычных дапаможнікаў у групе, колькасць гадзін групавых заняткаў, іх тэматыка і інш.). Выхавальнікі паставілі даволі высокія адзнакі ўсім пералічаным паказчыкам, акрамя якасці і колькасці гульнявых комплексаў на вуліцы. Тут адзнака набліжаецца да 3 па пяцібальнай шкале.
“Што б вам хацелася палепшыць у адукацыйных занятках і гульнях?” — пацікавіліся мы ў выхавальнікаў. З асноўных прапаноў — часцей выкарыстоўваць сучасныя метады падачы матэрыялу, камп’ютары і электронныя сродкі навучання. Асабліва на гэтым робяць акцэнт маладыя выхавальнікі.
Цікава, што больш за палову бацькоў цалкам задаволены прагрэсам у развіцці сваіх дзяцей за апошні год. А вось што тычыцца падрыхтаванасці да школы дзяцей старшай узроставай групы, то тут толькі 20% бацькоў палічылі, што іх дзеці падрыхтаваны да вучобы ў школе. Большасць ацанілі гатоўнасць на 4 і 3 балы.
Рэспандэнтам было прапанавана ацаніць узровень нагрузкі на выхавальнікаў, іх памочнікаў і ўзровень іх заробкаў. Усе канстатавалі вельмі высокі ўзровень нагрузкі і адказнасці на педагогаў. Прычым бацькі ўзровень нагрузкі на выхавальнікаў і іх памочнікаў ацэньваюць нават вышэй, чым самі педагогі. А вось узровень заробкаў выхавальнікаў і іх памочнікаў бацькі ацанілі ніжэй, чым самі работнікі дзіцячых садкоў. Атрымліваецца, што бацькі больш крытычна ставяцца да памераў заробку людзей, якія выхоўваюць іх дзяцей, чым самі выхавальнікі і іх памочнікі? Між іншым, калі ў выхавальнікаў запыталіся, які заробак яны хацелі б атрымліваць, тыя называлі суму ў 6—7 млн рублёў (апытанне праводзілася на пачатку бягучага года).
У выхавальнікаў цікавіліся, што ўваходзіць у іх асноўныя абавязкі ва ўстанове дашкольнай адукацыі. Акрамя непасрэдных абавязкаў (навучанне дзяцей, правядзенне гульняў, прагулак і інш.), большасць выхавальнікаў называлі такія неўласцівыя педагогам абавязкі, як ажыццяўленне рамонтна-будаўнічых работ, арганізацыя збору грошай на ўмацаванне матэрыяльнай базы ўстановы, адсочванне памераў порцый у дзяцей і выкананне абавязкаў памочнікаў выхавальніка (напрыклад, мыццё посуду).
Як вядома, частку выдаткаў на ўтрыманне ўстановы дашкольнай адукацыі нясуць бацькі, хоць афіцыйна яны павінны кампенсаваць толькі кошт харчавання дзіцяці. Мы папрасілі бацькоў і выхавальнікаў ацаніць гэтую сітуацыю. І тут ацэнкі вар’іраваліся ад абуральных да больш нейтральных. Выхавальнікі часцей успрымаюць гэтую сітуа-цыю як абуральную і гавораць катэгарычна, што так быць не павінна. А вось бацькі больш спакойна ставяцца да дадатковых выдаткаў.
Большасць бацькоў станоўча ацанілі работу ўстановы дашкольнай адукацыі (у сярэднім на 4,3 бала) і заявілі пра сваю гатоўнасць рэкамендаваць дзіцячы сад, у які ходзіць іх дзіця, іншым бацькам. На пытанне “Калі б вы працавалі ў Міністэрстве адукацыі і адказвалі за дашкольную адукацыю, вырашэннем якіх пытанняў заняліся б у першую чаргу?” бацькі на першае месца паставілі павышэнне заробкаў выхавальнікам і іх памочнікам. А матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне і фінансаванне ўстаноў адукацыі яны паставілі толькі на другое месца.

Аб інавацыйнай дзейнасці

Наталля ЛІТВІНАВА, кандыдат педагагічных навук, дацэнт БДПУ імя Максіма Танка:
— Адным з вырашальных фактараў развіцця сучаснай установы дашкольнай адукацыі выступае арганізацыя ў ёй інавацыйнай дзейнасці. Кіраванне інавацыйнай дзейнасцю ажыццяўляецца згодна з прагрэсіўнымі тэндэнцыямі ў адукацыйным працэсе, з улікам аб’ектыўных магчымасцей педагогаў, узроўню іх прафесійнай і метадычнай кампетэнтнасці, гатоўнасці асвойваць, укараняць і распрацоўваць інавацыі, запатрабаваныя сучаснай адукацыйнай практыкай.
Гаворачы аб кіраванні інавацыйнай дзейнасцю, многія даследчыкі робяць акцэнт на важнасці правільнай фармулёўкі мэты гэтай дзейнасці. Мэта павінна быць зразумела і прынята ўсімі ўдзельнікамі педагагічнага працэсу. Важна, каб яна дазваляла атрымаць больш высокія вынікі пры тых жа ці меншых выдатках (фізічных, маральных, матэрыяльных, часу). Новаўвядзенне можна лічыць паспяховым, калі яно дазволіць вырашыць тыя ці іншыя канкрэтныя задачы ўстановы дашкольнай адукацыі.
Кіраўнік установы дашкольнай адукацыі, які плануе інавацыйную дзейнасць, павінен умець адрозніваць рэальна выканальныя мэты ад недасягальных; быць падрыхтаваным прапанаваць сваім падначаленым зразумелую, заснаваную на цікавых ідэях праграму ці план дзеянняў; умець данесці ідэі да сваіх калег такім чынам, каб яны не толькі зразумелі, але і прынялі іх, захацелі ажыццявіць; мець у калектыве групу аднадумцаў; мысліць катэгорыямі поспеху. Самае важнае заключаецца ва ўменні кіраўніка вылучыць праблемы, актуальныя для яго ўстановы, убачыць розніцу паміж жаданым і сапраўдным. А для гэтага неабходна дакладна сфармуляваць адказы на наступныя пытанні: “Што мы маем?”, “Якіх вынікаў дасягнулі?”, “Што нас не задавальняе ў рабоце?”, “Што мы хочам змяніць у адпаведнасці з новымі патрабаваннямі?”, “Якія вынікі хочам атрымаць?”.
Кіраўніку, які арганізоўвае інавацыйную дзейнасць, важна ўмець ацаніць інавацыйны патэнцыял педагагічнага калектыву, які характарызуецца трыма паказчыкамі: успрымальнасцю педагогаў да новага — гэта патрэба ў пастаянным прафесійным росце; ступенню наватарства педагогаў у калектыве; падрыхтаванасцю да асваення новаўвядзенняў, якая ўключае ў сябе інфармаванасць аб новаўвядзеннях, наяўнасць патрэбы ў абнаўленні педагагічнага працэсу, ведаў і ўменняў для паспяховай прафесійнай і даследчай дзейнасці.
Можна выдзеліць пяць стадый дзеянняў кіраўніка па ўкараненні інавацый. Першая стадыя — зараджэнне інавацый (усведамленне патрэб і вызначэнне магчымасцей, пошук адпаведнага новаўвядзення, выбар інавацый). Тут адбываецца выяўленне праблем на аснове высвятлення перашкод, якія замінаюць дасягненню намечаных мэт (мікрадаследаванні, аналіз, вызначэнне розніцы паміж жаданым і дасягнутым). Другая стадыя — падрыхтоўка інаватараў. На гэтай стадыі ідзе адбор удзельнікаў творчых груп на добраахвотнай аснове і навучанне педагагічнага калектыву. Трэцяя стадыя — распрацоўка і праектаванне новаўвядзення (фармулёўка мэты, распрацоўка зместу, вызначэнне крытэрыяў ацэнкі інавацый). Тут ажыццяўляецца распрацоўка праграмы развіцця, унясенне змяненняў у гадавы план, правядзенне семінараў; складанне праграмы доследна-эксперыментальнай работы. Чацвёртая стадыя — доследна-эксперыментальная праверка. Ёй адпавядае арганізацыя, кантроль за ходам работы, унясенне карэктываў у праграму, інфармаванне калектыву аб ходзе работы; метадычная дапамога, псіхалагічная падтрымка. Пятая стадыя — шматразовае паўтарэнне новаўвядзенняў на розных аб’ектах, шырокае выкарыстанне на практыцы.
Такім чынам, арганізацыя інавацыйнай дзейнасці садзейнічае паляпшэнню здольнасці педагагічнай сістэмы ўстаноў дашкольнай адукацыі дасягаць якасна больш высокіх вынікаў адукацыі.

Аб павышэнні кіраўніцкіх кампетэнцый

Марына ЯРМАЛІНСКАЯ, кандыдат педагагічных навук, дацэнт кафедры дашкольнай і пачатковай адукацыі АПА:
— Кіраўніцкая дзейнасць у дашкольнай установе — складаны працэс, які сёння прадугледжвае паступовае абнаўленне і ўдасканаленне зместу, метадаў, сродкаў, тэхналогій кіравання, што ў канчатковым выніку аказвае ўплыў на якасць адукацыйнага працэсу. На фарміраванне і ўдасканаленне кіраўніцкай кампетэнтнасці кіраўнікоў устаноў дашкольнай адукацыі ўплывае і сістэма дадатковай адукацыі дарослых (у тым ліку і павышэнне іх кваліфікацыі). Павышэнне кваліфікацыі кіраўнікоў накіравана на ўдасканаленне іх прафесійнай дзейнасці, зносін, валоданне новымі спосабамі вырашэння прафесійных праблем і новымі прыёмамі прафесійнага мыслення, пераадольванне негатыўных установак і негатыўнага ўплыву мінулага вопыту і інш.
Адным са шляхоў фарміравання і развіцця кіраўніцкай кампетэнцыі з’яўляецца выбар эфектыўных форм арганізацыі адукацыйнага працэсу. На кафедры дашкольнай і пачатковай адукацыі АПА вялікая ўвага ўдзяляецца актыўным формам арганізацыі адукацыйнага працэсу, выкарыстанню ў ім дзелавых гульняў, трэнінгаў, круглых сталоў. Так, вучэбныя дзелавыя гульні дазваляюць кіраўнікам дашкольных устаноў ажыццяўляць прамую і зваротную сувязь, атрымліваць неабходную інфармацыю, выкарыстоўваць свой уплыў для рэалізацыі кіраўніцкай стратэгіі, па-новаму паглядзець на праблемы, актуалізуюць рэфлексіўную пазіцыю кіраўніцкіх кадраў. Усё большае распаўсюджанне атрымліваюць трэнінгі лідарскіх навыкаў кіраўнікоў, падчас якіх яны асвойваюць розныя аспекты кіравання. У выніку такога навучання педагогі не толькі аналізуюць сам працэс кіраўніцкай дзейнасці, але і засвойваюць веды і алгарытмы вырашэння кіраўніцкіх задач.
Уключэнне актыўных форм у працэс павышэння кваліфікацыі кіраўнікоў дашкольных устаноў дазваляе актывізаваць слухачоў, выкарыстоўваць іх веды і практычны вопыт, ацаніць ступень засваення матэрыялу, выпрацаваць дзелавыя навыкі, неабходныя ў сучасных умовах: самастойнасць у прыняцці рашэнняў, уменне адстойваць сваю думку, арыентацыю на паспяховасць і супрацоўніцтва за кошт пашырэння камунікацыйнай прасторы.
Эфектыўнымі тэхналогіямі павышэння прафесійнай кампетэнтнасці кіраўнікоў выступаюць ІКТ. Так, пры арганізацыі дыстанцыйнай формы павышэння кваліфікацыі фарміруецца гнуткая даступная сістэма, якая развіваецца на аснове фармалізацыі, алгарытмізацыі вучэбнай інфармацыі, аўтаматызаванай яе перадачы і кантролю якасці адукацыі. Асноўны матэрыял, які прапаноўваецца для вывучэння, пабудаваны на змесце функцый кіраўніцкай дзейнасці. Зыходзячы з уласнага вопыту кіравання дашкольнай установай, удзельнікі дыстанцыйнага павышэння кваліфікацыі асвойваюць новы матэрыял ці штосьці замацоўваюць, удакладняюць, сістэматызуюць. Вывучаючы матэрыял, з’яўляецца магчымасць ажыццявіць рэфлексію ўласнай дзейнасці. Павышаная ўвага ўдзяляецца вывучэнню нарматыўна-прававой базы, пытанням якасці адукацыі.
Развіццё прафесійнай кампетэнтнасці кіраўніцкіх кадраў павінна разглядацца ў якасці сістэмаўтваральнага кампанента іх прафесійнай дзейнасці, які забяспечвае бесперапыннасць удасканалення навыкаў рэалізацыі кіраўніцкіх функцый, развіцця асобна прафесійных якасцей кіраўніка ўстановы дашкольнай адукацыі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.