У дзіцячым садзе № 1 Докшыц практыкуюць рухавыя нейрагульні, якія спрыяюць гарманічнаму развіццю выхаванцаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Нейрагульні — гэта практыкаванні, якія дазваляюць праз цела станоўча ўздзейнічаць на мазгавыя структуры дзіцяці, — расказвае выхавальніца Наталля Дабравольская. — Варыянтаў такіх гульняў шмат, і яны ўжо сталі папулярнымі сярод малышоў. Многія вельмі падобныя на тыя, што мы самі любілі ў дзяцінстве. Напрыклад, нейракласікі: некаторыя бацькі адразу адзначалі іх падабенства са звычайнымі класікамі, але ёсць значныя адрозненні. Падчас гульні на асфальце ці на паперы (калі гуляем у памяшканні) мы малюем не толькі звычайныя квадраты, але і кругі, рысы, лічбы, іншыя выявы, якія ўскладняюць задачу для дзяцей. Яны сімвалізуюць розныя заданні, якія трэба выконваць аператыўна і творча.
Педагог адзначае, што гульня ў нейракласікі павышае канцэнтрацыю ўвагі, стрэсаўстойлівасць дзіцяці, развівае яго памяць, прасторавае ўяўленне, спрыяе развіццю маўлення і дробнай маторыкі.
— Мозг чалавека мае два паўшар’і, кожнае з якіх адказвае за пэўныя функцыі, — працягвае размову Наталля Дабравольская. — Паміж імі знаходзіцца пучок нервовых валокнаў, што спрыяе перадачы інфармацыі з аднаго паўшар’я ў другое, а значыць, садзейнічае развіццю інтэлекту. Падчас гульні ў нейракласікі ў мозгу ўтвараюцца новыя нейрасувязі.
Акрамя незвычайных класікаў, дашкалятам дзіцячага сада № 1 Докшыц палюбіліся іншыя рухавыя нейрагульні: “Касмічнае падарожжа”, “Шлях з сябрам” ці “Палі, рэкі, горы” — спачатку дзяцей знаёмяць з маршрутам, які трэба прайсці (ён малюецца на асфальце ці на лістах паперы), расказваюць невялікую гісторыю. Потым хлопчыкі і дзяўчынкі адпраўляюцца ў “падарожжа”, падчас якога самі становяцца аўтарамі гульняў: мяняюць маршрут, дадумваюць сюжэт, дамалёўваюць перашкоды. Усе нейрагульні накіраваны на развіццё фантазіі выхаванцаў, іх унутранага свету, а таксама навыку ўзаемадзеяння са светам навакольным.
Якім дзецям асабліва рэкамендаваны нейрагульні
- Гіперактыўным.
- Дзецям с сіндромам дэфіцыту ўвагі.
- Малым, якія блытаюць права і лева.
- Выхаванцам, у якіх ёсць праблемы з маўленнем.
- Малышам, у якіх слаба развіта агульная ці дробная маторыка.
Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота прадастаўлены дзіцячым садам