У дзіцячым садзе № 2 Дзятлава экалагічнае выхаванне — прыярытэтны напрамак работы

- 11:14Образование

У дзіцячым садзе № 2 Дзятлава экалагічнае выхаванне дашкалят — прыярытэтны напрамак работы. Ініцыятывы з паметкай “эка” не першы год рэалізуюць вопытныя педагогі. Паспяхова пераймаюць гэтую эстафету і іх маладыя калегі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

 Дзятлаўскія “баравічкі”

 Са снежня мінулага года ва ўстанове дашкольнай адукацыі пачало сваю гісторыю першае ў раёне дашкольнае лясніцтва. Яго першаадкрывальнікам стала выхавальнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі
Алена Капковіч.

— Нашы “баравічкі” сумесна з іншымі дзецьмі і бацькамі, прадстаўнікамі лясгаса і, вядома, намі, педагогамі, удзельнічалі ў розных акцыях. Мы збіралі макулатуру і кармілі птушак зімой, высаджвалі дрэвы і майстравалі шпакоўні… Заўсёды такім мерапрыемствам папярэднічалі тэматычныя заняткі. Чым можна карміць птушак зімой, даведваліся, напрыклад, у энцыклапедыях з яркімі карцінкамі, назіралі падчас прагулак, якія птушкі прылятаюць на нашы ўчасткі часцей за ўсё, — расказвае Алена Капковіч.

Са шчырай усмешкай, якую могуць выклікаць толькі цёплыя ўспаміны, гаворыць яна пра тое, што сапраўдным святам для сем’яў стала ўстаноўка на тэрыторыі сада шпакоўняў, якія дзеці майстравалі разам з бацькамі, пра сумесную экскурсію дзяцей і бацькоў у мясцовую лясную гаспадарку.

— Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі сада заклалі памятную алею туй. Сёння нашы першыя ўдзельнікі дашкольнага лясніцтва ўжо сталі выпускнікамі, а закладзеная імі алея набіраецца сіл і радуе іх паслядоўнікаў, — звяртае ўвагу педагог.

Да таго ж вясной юныя лесавічкі дзіцячага сада № 2 удзельнічалі ў закладцы на тэрыторыі дашкольнай установы яблыневага саду, і ўжо наступнай восенню іх добрае пачынанне прынясе свой плён — смачныя плады.

Намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Ілона Сіняк

Яшчэ адна цікавая форма работы — незвычайнае падвя­дзенне вынікаў. Кожны квартал у дзіцячым садзе выпускалі міні-часопіс “РостОК” з фотакалажамі з мерапрыемстваў, удзельнікамі якіх сталі юныя “баравічкі”, а таксама з карыснымі лайфхакамі, парадамі і рэкамендацыямі для дзяцей і бацькоў.

— Гэтыя часопісы ў нас былі сезоннымі і расказвалі пра першую зіму і вясну дашкольнага лясніцтва. У свабодным доступе тэматычныя выпускі былі для кожнага, і, трэба сказаць, чытачоў у нашай перыёдыкі было нямала, — успамінае педагог.

Працягваючы эстафету

Выхавальніца Ларыса Балбунова сёлета пераняла экалагічную эстафету ад сваёй калегі і будзе кіраваць дашкольным лясніцтвам, у якое ўвайшлі ўжо яе выхаванцы.

— У летні перыяд арганізавалі работу рознаўзроставай групы, у якой пра работу дашкольнага лясніцтва, цікавыя справы і мерапрыемствы расказ­валі выхаванцам не толькі мы, педагогі, але і іх старэйшыя таварышы. Размова ідзе пра дзяцей, якія гэтым летам сталі нашымі выпускнікамі, а падчас мінулага навучальнага года — першымі ўдзельнікамі адзі­нага ў раёне дашкольнага ляс­ніцтва “Баравічок”, — гаво­рыць Ларыса Балбунова.

На працягу трох месяцаў лета педагог рэалізоўвала праект “Цуды з лесу”. У цікавай і займальнай форме гульні дашкаляты даведваліся, чаму трэба берагчы лес, якімі цудамі пры такім падыходзе ён можа іх узнагародзіць.

— У пачатку стваралі экалагічныя знакі з непрыдатнага матэрыялу і такім чынам замацоўвалі веды аб правілах паво­дзін у лесе накшталт “не тапчы”, “не рві”… Актыўна падключаліся да гэтай работы бацькі нашых выхаванцаў, таму можна сказаць, што знаёмства з дзейнасцю дашкольнага лясніцтва ўвайшло і ў сем’і нашых дашкалят, — адзначае педагог.

Сумесна з выхаванцамі Ларыса Балбунова сфарміравала займальны кейсбук “Лес поўны цудаў” з пазнавальнай інфармацыяй. Знаёмяцца з ёй дзеці, зразумела, у гульнявой форме. Характэрна гэта і для яшчэ адной распрацоўкі педагога для юных абаронцаў лесу — лэпбука “Захавай прыроду”.

— Любыя веды для дашкалят павінны быць прадстаўлены менавіта ў гульнявой форме. Прычым абавязкова з улікам іх уцягнутасці ў працэс пазнання новага. Працуючы з лэпбукам, нашы выхаванцы складаюць
лагічныя ланцужкі экалагічнай тэматыкі, шукаюць лішняе і вызначаюць галоўнае, — знаёміць з цікавымі дыдактычнымі матэрыяламі Ларыса Балбунова.

Падчас летняга адпачынку яе выхаванцы атрымлівалі розныя заданні, напрыклад, сабраць лясныя травы і кветкі. Вынік сумесных пошукаў быў цікава аформлены. Лясны гербарый у групе юных аматараў лесу прадстаўлены ў форме картак-слоікаў з невялікай інфармацыяй пра “знаходкі” як педагога, так і дзяцей.

— Штосьці збіралі прама на тэрыторыі сада і адразу рабілі вось такія аплікацыі, — дэманструе педагог.

Частка прадстаўленага ў групе гербарыя працуе па прынцыпе гіперспасылкі. Як? Заўважыўшы на картцы тую ці іншую геаметрычную фігуру, адшукаць такую ж дзецям прапаноўваецца ў кошыку з мяшочкамі. І суаднесці, напрыклад, прадстаўленую ў “слоічку” галінку мяты з водарам гэтага ляснога “насельніка” ўжо ў аромамяшочку.

 

Прыклад для іншых

Пытанням экалагічнага выхавання дашкалят вялікую ўвагу ўдзяляюць і маладыя спецыялісты.

Усяго год пасля заканчэння Лідскага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы працуе выхавальніцай Вольга Грыцук. Але яна ўжо можа пахваліцца першымі перамогамі ў гэтым напрамку работы — дыплом ІІІ ступені ў абласным конкурсе метадычных распрацовак “Працоўная і прафесійная адукацыя” ў намінацыі “Старт у прафесіі”.

У аснове распрацоўкі — экакаляндар агародніка, запоўніць які дзецям прапаноўваецца ў форме тэматычнага падарожжа з удзелам казачнага героя.

— Не лічу гэты вынік асабістым. Скажу больш: ён бы быў немагчымы без дапамогі і падтрымкі майго настаўніка Ларысы Балбуновай. Зрэшты, увесь калектыў прыняў мяне цёпла. Калегі заўсёды гатовы па­дзяліцца парадай і падтрымаць. Шмат у чым менавіта гэта дапамагло зразумець і да канца ўсвядоміць, што педагогіка — гэта маё. Планую прадоўжыць вучобу па спецыяльнасці ў Купалаўскім універсітэце, — гаворыць малады спецыяліст.

Пераможная метадычная распрацоўка, вядома ж, апраўдала сваю значнасць для дашкалят. Пазнавальныя заняткі з удзелам казачнага героя дзеці ўспрынялі на ўра і штораз цікавіліся, калі ж да іх у госці зноў зазірне вясёлы персанаж Агароднік. Малады спецыяліст распрацавала для выхаванцаў старшай групы і электронную гульню, прысвечаную ідэям энергазберажэння.

— Думаю, інтэрактыўная форма падачы ведаў — важкі аргумент на карысць іх шчырай цікавасці. Важна размаўляць з дзецьмі на зразумелай ім мове. І сёння гэта, вядома, мова тэхналогій. Актыўна стараюся прымяняць гэта ў рабоце, — працягвае Вольга Грыцук.

У дзіцячым садзе № 2 Дзятлава стартуюць у прафесіі ў статусе маладых спецыялістаў двое выхавальнікаў. Па словах загадчыцы Святланы Ус, цесна ўзаемадзейнічаюць з моладдзю не толькі замацаваныя за імі настаўнікі, але і ўсе вопытныя калегі. Першую і вышэйшую катэгорыю тут маюць 88 працэнтаў педагогаў.

— У нашым калектыве ёсць прыклады, калі 30-гадовы працоўны стаж педагога непарыўна звязаны толькі з нашым дзіцячым садам. Гэта адносіцца, напрыклад, да Галіны Хрэшчановіч, якая пасля заканчэння вучылішча прыйшла сюды працаваць у 1991 годзе. Адным словам, моладзі ёсць на каго раўняцца і з каго браць прыклад, — гаворыць загадчыца дашкольнай установы.

У 2022 годзе сярод усіх гарадскіх дашкольных устаноў адукацыі вобласці дзіцячы сад № 2 Дзятлава стаў лепшым на Гродзеншчыне. Педагагічны калектыў тут нязменна рухаецца наперад, аналізуючы папярэднюю работу і не баючыся смелых задач. Што тычыцца экалагічнага выхавання, то сумесна з прадстаўнікамі Дзятлаўскага лясгаса ва ўстанове плануюць стварыць міні-музей лесу, а на яе тэрыторыі — невялікую цяпліцу для вырошчвання траў, ягад і саджанцаў дрэў.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара