У Ельскім раёне педагогі-жанчыны задаюць тэмп уборачнай кампаніі

- 10:02Новости

Здаецца, няма такой прафесіі, дзе б не зарэкамендавалі сябе прадстаўніцы прыгожага полу. Жанчыны лятаюць у космас, займаюцца бізнесам, паспяхова рэалізуюць сябе ў розных сферах. Як аказалася, педагогі Ельскага раёна не толькі выдатна вучаць дзяцей у школах, але і карпатліва працуюць у гэтыя спякотныя летнія дні на палях. Жніво — добрая нагода паглядзець і чарговы раз пераканацца, як адказна ставяцца да працы людзі, якія кормяць краіну. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Шосты сезон у полі

Ганна Яцухна — настаўніца пачатковых класаў Скараднянскай сярэдняй школы. Падчас летніх канікул яна вырашыла дапамагчы брату-камбайнеру КСУП “Скараднянскі” Максіму Яцухну, заняўшы месца ў яго экіпажы ў якасці памочніка. Дарэчы, гэта шосты год, калі Ганна Юр’еўна актыўна ўключаецца ў работу на палях.

— Летам у мяне адпачынак традыцыйна доўгі, таму вырашыла не сядзець без справы. І так супала, што брат прапанаваў паўдзельнічаць ва ўборачнай кампаніі і стаць яго памочнікам, — успамінае педагог. — Так я аказалася задзейнічана ў вельмі адказнай справе — гарантаванні харчовай бяспекі краіны.

1 верасня Ганна Юр’еўна зноў будзе сустракаць маленькіх першакласнікаў, а пакуль яе дапамога патрэбна аграрыям. Яна адзначае, што праца ў полі, вядома, адрозніваецца ад настаўніцкай:

— Падчас навучальнага года ўся ўвага засяроджана на дзецях, іх развіцці, выхаванні, поспехах і дасягненнях. Цяпер шмат працаваць даводзіцца фізічна: трэба пачысціць камбайн, прадзьмуць фільтр, памыць вокны, бо часам пыл стаіць слупам, ключы падаць і нават недзе дапамагчы падкруціць штосьці ў камбайне. А як інакш? Мы з братам выдатная каманда.

Рабочы дзень пачынаецца ў хлебаробаў у 7.30 і заканчваецца бліжэй да 21.30, усё залежыць ад надвор’я. З раніцы да вечара знаходзіцца ў буйнагабарытнай машыне, ды яшчэ пад пякучым сонцам, нялёгка…

— Першыя 4 гады было цяжкавата, а потым брат атрымаў новы камбайн, і вось ужо 2 гады мы забяспечаны кандыцыянерам, — дадае настаўніца. — Анамальную спякоту, якая адзначаецца на Гомельшчыне, лягчэй цяпер пераносім. Падчас уборачнай удаецца атрымліваць асалоду ад маляўнічых краявідаў, упершыню ўбачыла блізка аленя — сапраўдны прыгажун. Зайцоў, казуль шмат прабягае, лётаюць буслы, за дзень можна налічыць іх і 50 на адным полі. Учора заўважылі бусла, які злавіў вужа, было цікава назіраць за іх барацьбой. Шкада, што ў сутках усяго толькі 24 гадзіны… Шмат зроб­лена, але яшчэ шмат чаго трэба зрабіць. Фізічнай працы не баюся, спраўляюся, а вынік матывуе і надае жыццю сэнс.

Ад світання да заходу сонца

Хрысціна Ляўкоўская, таксама настаўніца пачатковых класаў, працуе ў Валаўскай сярэдняй школе. Малады спецыяліст скончыла Лоеўскі дзяржаўны педагагічны каледж. Хрысціна Мікалаеўна з 16 гадоў працуе на збожжаўборачнай машыне разам з бацькам-камбайнерам Мікалаем Сяргеевічам у КСУП “Скараднянскі”. Быць у ролі памочніка ёй падабаецца, галоўнае — настроіцца. Прафесію хлебароба прымярае на сябе ўжо
чацвёрты год запар.

— Працуем у полі сямейным экіпажам, — расказвае Хрысціна Ляўкоўская. — Магу сказаць, што я дакладна ведаю, як правяду і наступнае лета. Несумненна, у полі. Вядома, у таты шмат чаму можна павучыцца, бо ён прысвяціў сельскагаспадарчай галіне 21 год. Побач з ім мне нічога не страшна.

Кожная раніца педагога пачынаецца з чысткі камбайна: збожжаўборачная машына павінна быць гатова да выезду. Чысціню тэхнікі неабходна падтрымлі­ваць увесь дзень.

— Наш экіпаж кожны год пераадольвае адзнаку ў тысячу тон, да гэтай лічбы імкнёмся і сёлета. Жніво для нас — своеасаблівы шлях да алімпу, дзе можна праверыць сябе і ўласныя сілы, але самае галоўнае — унесці свой уклад у агульны каравай, — адзначае малады спецыяліст. — Кожны год ход уборачнай кампаніі ў цэнтры ўвагі ўсёй краіны. Дарэчы, мае навучэнцы ведаюць, што іх настаўніца працуе на вялізнай тэхніцы. Калі маленькія чамучкі бачаць, як я ў экіпажы выяз­джаю на камбайне ў поле ці ўжо вяртаюся з яго, заўсёды вітаюць і махаюць мне рукой, гэта вельмі прыемна. А калі насту­піць 1 верасня, дзеці будуць слухаць на перапынках цікавыя гісторыі, задаваць шмат пытанняў пра ход жніва, а значыць, ім гэта цікава. Дарэчы, я не толькі расказ­ваю, але нават і паказваю працэс уборачнай, які спецыяльна для іх здымаю на відэа. Прагляд такіх сюжэтаў вельмі ўражвае дзяцей.

Хрысціна Мікалаеўна дадае, што праца ў полі сур’ёзная і адказная, патрабуе ўвагі і канцэнтрацыі, адбірае шмат сіл. А яшчэ яна прызнаецца, што прывыкла рана ўставаць, лёгка ўваходзіць у рабочы рытм і з цікавасцю асвойвае тэхнічныя моманты.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота педагогаў