У фарбавым царстве

Творчасць — незвычайная крыніца ведаў, развіцця, энергіі і радасці. У нашай установе неверагодна творчыя выхаванцы! Хлопчыкі і дзяўчынкі малююць, майструюць, музіцыруюць, вынаходзяць, канструююць… Малышы актыўна пазнаюць навакольны свет, імкнуцца паўдзельнічаць у розных справах, даведацца штосьці цікавае і захапляльнае. Усе дзеці здольныя да творчасці, неабходна толькі знайсці кожнаму з іх занятак па душы і зацікавіць ім.

Нашы педагогі заўсёды ў пошуку новых форм і сродкаў далучэння выхаванцаў да творчай дзейнасці. Адзін з іх — мастацкае эксперыментаванне. Ва ўстанове абагульнены вопыт педагагічнай дзейнасці па фарміраванні ў малых уяўленняў пра колеры падчас эксперыментавання з выяўленчымі матэрыяламі.

Колер — адзін з самых эмацыянальна насычаных выяўленчых сродкаў. Гэта асаблівы свет са сваімі законамі, частка якіх цалкам даступная для асваення дашкольнікамі. Задача педагогаў — арганізаваць развіццёвае асяроддзе, якое падштурхоўвае да творчасці і самастойнасці, а таксама сумесную партнёрскую дзей­насць. Уяўленні пра колеры фарміруюцца на занятках. Крыніцай атрымання неабходнай інфармацыі з’яўляецца не толькі выхавальнік, але і самастойны даследчы эксперымент.

Педагогі распрацавалі эксперыменты, у аснове якіх — казачная гісторыя “Фарбавае царства”. Кожны эксперымент пабудаваны на слоўным наглядным, практычным і гульнявым метадах і ўтрымлівае казачную гісторыю, сюрпрызны момант, праблемную сітуацыю, гульню і непасрэдна эксперымент. Так, выхаванцам даво­дзіцца вырашаць розныя задачы і супярэчнасці. У іх няма прамых адказаў на пытанні. Іх сэнс схаваны, што прымушае дзяцей супастаўляць вядомае з невядомым, бачыць агульнае і адрозненні, аналізаваць, даследаваць, а значыць, думаць.

Пры знаёмстве дзяцей з колерамі шляхам змешвання фарбаў выкарыстоўваюцца плоскасныя драўляныя (шматразовыя) і папяровыя фігуркі. Пасля правядзення эксперымента макет фарбавага царства змяшчаецца ў кутку творчасці. Кожнаму выхаванцу забяспечаны даступнасць і свабода выбару ў даследаванні колераў і іх уласцівасцей. Дзеці спрабу­юць новыя тэхнікі, аналізуюць, адкрываюць нязведанае.

У сваёй рабоце выхавальнікі звяртаюцца да педагагічнай драматургіі. Для ўтрымання ўвагі дзяцей прымяняюць розныя прыёмы: ручная праца, драбненне аднаго задання на некалькі, даручэнне работы некалькім дзецям па чарзе, сумесная праца педагога і дзяцей, прыём свядомай памылкі.

Выхаванцы самастойна выкарыстоўваюць у малюнках выяўленчыя сродкі, эксперыментуюць з мастацка-выяўленчымі матэрыяламі, апрабоўваюць розныя тэхнікі, падбіраюць колеры, пэўны рытм каляровых плям, тонкія каляровыя i пастэльныя спалучэнні. Дзякуючы гэтаму дзеці паспяхова развіваюць творчыя здольнасці, пазнаюць навакольны свет.

Вера СЕГЕН,
намеснiк загадчыка па асноўнай дзейнасцi ясляў-сада № 30 Баранавіч.