У фармаце 3D

- 12:35Адукацыйная прастора

У Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі стартаваў праект “Лето в формате 3D: Дети. Дворец. Досуг”, які з’яўляецца сумесным праектам педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў.

Педагогі актыўна абмяркоўвалі пытанні арганізацыі летняга адпачынку на педагагічным савеце, падчас метадычнай мазаікі. Свае прапановы арганізаваць бяспечнае і здароўезберагальнае лета далі бацькі на пасяджэннях бацькоўскіх клубаў “Надзея” і “Разам”. А дзеці (яны былі, бадай, самымі актыўнымі ў распрацоўцы праекта) прапанавалі формулу ўдалага лета: асабістая актыўнасць, справа па душы, крэатыў.

Мы плануем стварыць у нашай установе адукацыі атмасферу актыўнага адпачынку з карысцю для здароўя, розуму, летняга настрою. Які адпачынак сення ў модзе? Зразумела, актыўны: турызм, спорт, танцы, бо лета — час дзіцячых забаў, час паганяць мяч, пакатацца на веласіпедзе і роліках, асвоіць скейтборд… Гурткі спартыўнага кірунку “Таэквандо”, “Самаабарона” і іншыя чакаюць тых, хто любіць спорт і здаровы лад жыцця. Стаміўшыся ад руху і бегатні, можна раскласці лато ці іншыя настольныя гульні. Усё гэта прадугледжана мерапрыемствамі ў рамках праекта.

Зрабіць лета па-сапраўднаму летнім прапануюць у аздараўленчых лагерах, якія арганізаваны Палацам творчасці дзяцей і моладзі. Старт лету дала змена гурткоўцаў аздараўленчага лагера “Касмадром”. Навучэнцы праваслаўнага ваенна-патрыятычнага клуба “Дружына” разам з педагогамі арганізоўваюць турыстычна-палатачны лагер. Для гурткоўцаў на базе палаца разнапланавую праграму прапануе аздараўленчы лагер “Востраў дзяцінства”. Творчасць, засваенне новых ведаў, спорт — гэта базавыя складнікі праграм кожнай з прапанаваных лагерных змен.

Наша ўстанова адукацыі размешчана ў былым палацы князёў Друцкіх-Любецкіх, помніку XIX стагоддзя. Напярэдадні 500-годдзя Шчучына, якое будзе святкавацца напрыканцы лета, асабліва запатрабаванымі будуць экскурсіі ў нядаўна адкрытыя музейныя пакоі. У пакоі “Ветразь” разгарнулася этнаграфічная экспазіцыя “Таямніцы беларускай хаты”. Галерэя дзіцячай творчасці “З днём нараджэння, любы горад!” пазнаёміць з творчасцю гурткоўцаў Палаца творчасці дзяцей і моладзі. Пачала творчую дзейнасць майстэрня па вырабе сувенірнай прадукцыі.

Лета — час, калі можна знайсці занятак па душы ў аб’яднаннях па інтарэсах. У першы дзень лета ва ўстанове быў арганізаваны дзень адкрытых дзвярэй “Насустрач мастацтву і творчасці”, дзе была прадстаўлена панарама аб’яднанняў і арганізаваны запіс усіх жадаючых, дзе ўдзельнікаў аб’яднала музычна-забаўляльная праграма. Для тых, хто любіць спяваць, танцаваць, каго цікавіць музыка і тэатр, расчынены дзверы аб’яднанняў па інтарэсах мастацкага напрамку. Педагогі аб’яднанняў выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці прапаноўваюць заняткі тым, хто хоча маляваць, займацца лепкай, рукадзеллем. Узорная студыя моды “Гармонія” запрашае тых, хто цікавіцца модай і хоча навучыцца шыць, пазнаць асновы мадэлявання адзення. Фотастудыі “Свет вакол нас” і “АРТ-студыя” адправяцца на фотакрос, каб аператыўна адлюстроўваць на сайце старонкі летняга адпачынку.

Пакоі па месцы жыхарства “Арляня” і “Ветразь” у праграму летняга адпачынку для дзяцей уключылі работу музычных салонаў “Акорды лета”, “Летні настрой”, гульнявых пляцовак “Краіна летніх забаў”, майстэрань “З бабулінага куфэрка”, пазнавальныя квест-гульні, інтэлектуальныя марафоны. Тут будуць арганізаваны майстар-класы, паходы па мясцінах роднага краю, фальклорныя святы.

Палац творчасці — гэта яшчэ і занальны метадычны цэнтр, або метадычны коўчынг. Метадычны коўчынг — гэта дапамога педагогам, выхавальнікам летнікаў у форме кансультавання, трэніроўкі, навучання ў арганізацыі і рэалізацыі праектаў летняга аздараўленчага адпачынку. Такая форма метадычнага суправаджэння дазволіць павысіць эфектыўнасць правядзення летняй аздараўленчай кампаніі, зробіць лета дзяцей вясёлым, пазнавальным, актыўным.

Наталля КАРЭЦКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі.