У фармаце давернага дыялогу

Міністр адукацыі Ігар Карпенка наведаў Гродзеншчыну. Падчас двухдзённай рабочай паездкі ён сустрэўся з педагагічнай грамадскасцю Зэльвенскага раёна, прафесарска-выкладчыцкім складам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, а таксама ў нефармальнай атмасферы ў новым інтэрнаце ў Гродне пагутарыў са студэнтамі-“купалаўцамі”. Тэмамі абмеркавання сталі навацыі Кодэкса аб адукацыі, змяненні ва ўступнай кампаніі, падрыхтоўка Канцэпцыі развіцця сістэмы адукацыі.

Інавацыі павінны ісці ад жыцця

Свой візіт на Зэльвеншчыну міністр адукацыі пачаў з сустрэчы са старшынёй Зэльвенскага райвыканкама Дзянісам Альшэўскім, абмеркаваўшы работу ўстаноў адукацыі раёна, пытанні развіцця сістэмы.

Кіраўнік ведамства наведаў Князеў­скую сярэднюю школу. Нягледзячы на канікулярны час і адсутнасць у класах навучэнцаў, дырэктар установы адукацыі Наталля Булак расказала, як арганізаваны адукацыйны працэс, і правяла экскурсію па школе, дзе займаюцца 94 вучні. З гордасцю паказвала камп’ютарны і лінгафонны кабінеты, спартыўную залу, гісторыка-краязнаўчы музей, дзе Ігар Карпенка пакінуў запіс у кнізе водгукаў.

У размове з кіраўнікамі ўстаноў адукацыі Зэльвенскага раёна і педагогамі Князеўскай сярэдняй школы міністр адукацыі засяро­дзіў увагу на важных кірунках развіцця галіны, якія рэалізоўваюцца ў бягучым годзе. У сустрэчы таксама прынялі ўдзел начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык і начальнік аддзела адукацыі Зэльвенскага райвыканкама Святлана Жабрак.

— У матэрыялах Усебеларускага народнага сходу замацаваны канцэптуальны падыход: сістэма адукацыі павінна развівацца ў інтарэсах чалавека, грамадства і дзяржавы. Гэта не бізнес-асяроддзе, а ў першую чаргу асяроддзе сацыялізацыі маладых людзей, падрыхтоўкі іх да выхаду ў самастойнае жыццё, — адзначыў Ігар Карпенка. — Фактычна распрацавана Канцэпцыя развіцця сістэмы адукацыі да 2030 года. У Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь знаходзіцца Кодэкс аб адукацыі, які ў хуткім часе будзе вынесены на разгляд у першым чытанні. Таксама цяпер адпрацоўваем новыя падыходы да сістэмы выніковай атэстацыі ў агульнай сярэдняй адукацыі ва ўвязцы з новымі правіламі паступлення ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спе­цыяльнай адукацыі. Усе гэтыя пытанні яшчэ раз абмяркуем у жніўні на рэспубліканскім педсавеце.

Ігар Васільевіч заклікаў педагогаў выказваць свае меркаванні наконт мадэлі выніковай атэстацыі і новых правіл прыёму. У най­бліжэйшы час на сайце Міністэрства адукацыі будзе размешчана Канцэпцыя развіцця сістэмы адукацыі, так што кожны зможа з ёй азнаёміцца і ўключыцца ў абмеркаванне. На думку кіраўніка ведамства, вельмі важна, каб да гэтага працэсу далучылася ўся педагагічная грамадскасць краіны.

— Ніякіх рэвалюцыйных ідэй мы не прапануем, не збіраемся нешта ламаць, — дадаў міністр адукацыі. — Трэба рацыянальна падысці да таго, як нам далей будаваць сваю работу, у якім кірунку рухацца, улічваючы сучасныя тэндэнцыі, якія нас падштурхоўваюць да рэалізацыі новых ініцыятыў і інавацый у сістэме адукацыі. Пры гэтым інавацыі павінны ісці ад жыцця. Як прыклад, адукацыйная платформа, якую мы стваралі ўсе разам. Дзякуй за гэта педагогам, у тым ліку і Гродзеншчыны. Іх неацэнны вопыт, напрацоўкі і выліліся ў стварэнне платформы, якая пакуль працуе ў тэставым рэжыме, а з 1 верасня будзе запушчана на пастаяннай аснове.

На сустрэчы таксама ішла гаворка пра неабходнасць стварэння вучэбна-метадычных комплексаў. Не толькі на пляцоўцы адукацыйнай платформы, але і на сайтах школ павінны быць размешчаны лепшыя методыкі выкладання прадметаў, распрацоўкі педагогаў. Аднак Ігар Васільевіч падкрэсліў:

— Ні адукацыйная платформа, ні вучэбна-метадычныя комплексы не заменяць класна-ўрочнай сістэмы. Галоўная функцыя школы разам з адукацыйнай — выхаваўчая, сацыяльная. Калі мы сёння не створым умовы для дзіцяці, для яго сацыялізацыі, падрыхтоўкі да выхаду ў самастойнае жыццё, выхаваўшы тры асноўныя якасці — грамадзянін, сем’янін, прафесіянал, то нічога не будзе.

Як паведаміў міністр, уступная кампанія ў гэтым годзе пачынаецца з 16 чэрвеня. 10 чэрвеня ў школах будуць праведзены выпускныя вечары.

— Мы даём магчымасць школе за перыяд з 10 па 16 чэрвеня арганізаваць на бюджэтнай аснове курсы па падрыхтоўцы да паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Бу­дзем гэта практыкаваць, каб школьнікі маглі максімальна падрыхтавацца да паступлення. Асабліва гэта важна для сельскіх, малакамплектных школ.

Карыстаючыся магчымасцю, педагогі Зэльвенскага раёна атрымалі адказы на свае пытанні.

— Каманда фарміруецца агульнасцю мэт і задач, разуменнем іх і рэалізацыяй, — падкрэсліў напрыканцы сустрэчы Ігар Карпенка. — Мы павінны працаваць як адзіная каманда, міністр нічога не зробіць, калі не будзе разумення агульнасці гэтых задач на месцах і рэалізацыі іх у кожным педагагічным калектыве. Таму, бываючы ў калектывах, я хачу пачуць вашы меркаванні. Я адчуваю падтрымку, але нам трэба рухацца далей. І мы павінны пабудаваць такую аптымальную сістэму, якая адпавядала б патрэбам і асобы, і грамадства, і дзяржавы.

Студэнцкае самакіраванне

У той жа дзень Ігар Карпенка сустрэўся са студэнтамі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў іх новым інтэрнаце на вуліцы Дубко ў Гродне. Студэнты самі правялі для міністра адукацыі экскурсію, паказалі спартыўны гарадок, свае пакоі, бытавыя памяшканні. Расказалі, якія ўмовы створаны ў іх новым доме для заняткаў, адпачынку, як вырашаюцца бытавыя праблемы. Размову працягнулі за салодкім сталом у буфеце інтэрната.

Падчас размовы прыгадалі, што інтэрнат быў пабудаваны па рашэнні кіраўніка дзяржавы, якое ён прыняў пасля візіту ў Гродна і наведвання ГрДУ імя Янкі Купалы ў кастрычніку 2018 года. Будаўніцтва 13-павярховага будынка пачалося ў сакавіку 2019 года, і ўжо ў пачатку новага навучальнага года, у верасні 2020 года, студэнты-“купалаўцы” справілі наваселле.

Маладыя людзі расказалі, што кіраўніцтва ўніверсітэта заўсёды адгукаецца на іх просьбы, актыўна працуе студэнцкі савет інтэрната, тут ужо рэалізавана шмат ініцыятыў. На што Ігар Карпенка адказаў:

— Калі мы вучыліся ва УВА, не было праблемай дэкана адрамантаваць нешта ў інтэрнаце, пытанні вырашала студэнцкае самакіраванне і загадчык інтэрната. Дзяржава стварыла добрыя ўмовы для пражывання, а справа студэнтаў — падтрымліваць тут парадак. Самакіраванне — гэта форма актыўнага ўключэння студэнтаў у адукацыйны працэс, удзелу моладзі ў рабоце савета ўніверсітэта, жыццядзейнасці УВА, вызначэння перспектыў развіцця. Мы павінны разам з вамі ў атмасферы дыялогу, партнёрскіх адносін будаваць палітыку ўніверсітэта. І студэнцкае самакіраванне — важны элемент, без якога немагчыма гэта зрабіць.

Міністр адзначыў, што ў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі знойдзе сваё адлюстраванне такое паняцце, як студэнцкае і вучнёўскае самакіраванне.

Рэктар ГрДУ Імя Янкі Купалы Ірына Кітурка нагадала, што ў Купалаўскім універсітэце ёсць усе ўмовы, каб кожны студэнт мог рэалізаваць сябе. Створаны Фонд падтрымкі адоранай і таленавітай моладзі, Фонд інавацыйнага развіцця, студыя праектаў і стартапаў, працуюць каардынацыйныя саветы з заказчыкамі кадраў, а ў мінулым годзе студэнты сталі паўнапраўнымі ўдзельнікамі распрацоўкі стратэгіі апера­джальнага развіцця ўніверсітэта на 2021—2025 гады.

Падчас сустрэчы студэнты-“купалаўцы” не толькі задавалі пытанні міністру адукацыі, але і выступілі з прапановамі, напрыклад, арганізаваць рэспубліканскі маладзёжны лагер у межах праекта “Гродна — маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь — 2021”.

Прапановы выказалі выкладчыкі

У фармаце адкрытага дыялогу прайшоў круглы стол з прафесарска-выкладчыцкім складам Купалаўскага ўніверсітэта. Міністр адукацыі падкрэсліў, што такія сустрэчы даюць магчымасць абмеркаваць надзённыя пытанні, у першую чаргу звязаныя з распрацоўкай новых канцэптуальных дакументаў. Акрамя работы над Кодэксам аб адукацыі і Канцэпцыяй развіцця сістэмы адукацыі, гэта і стратэгія дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, Дзяржаўная праграма патрыятычнага выхавання насельніцтва, Дзяржаўная праграма “Адукацыя і маладзёжная палітыка”. Установы вышэйшай адукацыі сёння могуць унесці свае прапановы ў распрацоўку гэтых дакументаў.

Міністр падзякаваў выкладчыкам і супрацоўнікам ГрДУ за работу ва ўмовах пандэміі. Установамі вышэйшай адукацыі набыты пэўны вопыт дыстанцыйнага навучання, якое ў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі будзе закладзена як самастойная форма.

Падчас сустрэчы ішла размова пра аптымізацыю адукацыйных праграм, змяненні ў сістэме атэстацыі школьнікаў, што ўвязана з правіламі прыёму ва ўстановы вышэйшай адукацыі, і ўвогуле пра мадэль уступнай кампаніі. Абмяркоўваліся пытанні ўдасканалення сістэмы прафарыентацыі і развіцця партнёрскіх адносін з работадаўцамі, якія павінны не толькі падключыцца да распрацоўкі праграм падрыхтоўкі спецыялістаў, але і несці адказнасць за іх працаўладкаванне. Гучалі адказы на іншыя пытанні педагогаў.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.