У фармаце дыялогу

У канцы мінулага тыдня міністр адукацыі Ігар Карпенка сустрэўся са студэнцкім актывам Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Сустрэча доўжылася 2 гадзіны і прайшла ў дыялогавым фармаце.

Міністр адзначыў, што ў нацыянальнай сістэме адукацыі на сённяшні дзень звыш 7 тысяч розных устаноў адукацыі. У сістэме вышэйшай адукацыі — 50 УВА. Студэнтамі стацыянарнага навучання з’яўляюцца 136 000 чалавек. “Наяўнасць добра збалансаванай, навукаёмістай, якаснай, эканамічна эфектыўнай сістэмы адукацыі — залог паспяховага развіцця дзяржавы і грамадства. Галоўная задача вышэйшай адукацыі — падрыхтоўка высокакваліфікавых кадраў”, — адзначыў Ігар Карпенка.

Звяртаючыся да студэнцкага актыву БНТУ, міністр зазначыў, што студэнцкія органы сама­кіравання з’яўляюцца важнымі для развіцця сацыяльнай актыўнасці моладзі, арганізацыі цікавага і грамадска карыснага студэнцкага жыцця, спрыяюць самарэалізацыі маладых людзей.

“Добра сябе зарэкамендаваў рэспубліканскі студэнцкі савет, створаны для канструктыўнага абмеркавання надзённых праблем, рэалізацыі маладзёжных ініцыятыў, данясення меркавання моладзі да кіруючых органаў сістэмы адукацыі. Важна зразумець, што студэнцкае самакіраванне нацэлена ў першую чаргу на вырашэнне пытанняў удасканалення адукацыйнага працэсу ў кожнай канкрэтнай установе і вырашэнне тых на­дзённых задач, якія ёсць у канкрэтным універсітэце”, — адзначыў міністр.

Гаворачы аб велізарным навуковым і педагагічным патэнцыяле БНТУ, Ігар Карпенка падкрэсліў, што навучальная ўстанова ўключана ў праект “Універсітэт 3.0”, які прадугледж­вае стварэнне ва ўніверсітэтах інтэграванага адукацыйнага, навуковага і прадпрымальніцкага асяроддзя для камерцыялізацыі навуковых распрацовак, а таксама накіраваны на выкананне задач па павышэнні якасці і эфектыўнасці практыка-арыентаванай падрыхтоўкі спецыя­лістаў.

Трэба адзначыць, што гэты праект паспяхова рэалізуецца ў Навукова-тэхналагічным парку БНТУ “Палітэхнік” (найбуйнейшым універсітэцкім тэхнапарку Беларусі). Менавіта тут займаюцца стварэннем і падтрымкай новых інавацыйных прадпрыемстваў і вытворчасцей, дзякуючы прадастаўленай сучаснай інфраструктуры, інжынірынгу, доступу да партнёрскай сеткі па ўсім свеце, а таксама поўнаму комплексу паслуг для “вырошчвання” бізнесу.

Навукова-педагагічны патэнцыял БНТУ будзе выкарыстаны для арганізацыі адпаведнай дзейнасці ў дзіцячым тэхнапарку, будаўніцтва якога, дарэчы, вядзецца побач з адным з карпусоў БНТУ. Як адзначыў рэктар універсітэта Сяргей Харытончык, спецыялісты гатовы падключацца да работы на любым этапе.

Большая частка сустрэчы была прысвечана адказам міністра адукацыі на пытанні студэн­таў. Найперш студэнтаў хвалюе магчымасць мабільнай арганізацыі дыстанцыйнага навучання ў перыяд пандэміі каранавіруса. Тут міністр адзначыў, што кожны ўніверсітэт самастойна вырашае, якім чынам і для каго арганізоўваць дыстанцыйнае навучанне.

Каменціруючы пытанне пра студэнцкія ініцыятывы, Ігар Карпенка адзначыў, што да іх рэалізацыі павінны падключацца самі студэнты, інакш яны перастануць быць студэнцкімі.

Адказваючы на пытанне наконт стыпендый, міністр яшчэ раз пракаменціраваў сумесную пастанову Міністэрства адукацыі і Міністэрства фінансаў ад 22 верасня 2011 года № 261/96, у якую ў кастрычніку гэтага года былі ўнесены змены. Яны прадугледжваюць спыненне выплаты стыпендый навучэнцам, што дапусцілі больш за 10 гадзін пропускаў вучэбных заняткаў без уважлівых прычын на працягу месяца, які папярэднічае месяцу выплаты стыпендыі. У далейшым пры неперавышэнні названай колькасці пропускаў заняткаў без уважлівай прычыны выплата стыпендый ажыццяўляецца ў звычайным парадку.

Адказваючы на пытанне пра тэрміны навучання, Ігар Карпенка растлумачыў: ёсць спецыяльнасці, якія магчыма і мэтазгодна вывучаць 4 гады, а ёсць такія, што трэба вывучаць 5 гадоў, як, напрыклад, інжынернага профілю. Да гэтага пытання неабходна падыходзіць узважана, улічваць дзяржаўны запыт на спецыялістаў для развіцця нацыя­нальнай эканомікі.

Таксама міністр спыніўся на такім актуаль­ным сёння моманце, як выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, якія могуць прадастаўляць новыя магчымасці для арганізацыі навучання, а таксама для фарміравання дадатковых кампетэнцый. Ва ўніверсітэтах створаны электронныя платформы і лічбавыя сэрвісы, якія дазваляюць арганізоўваць інтэрактыўнае ўзаемадзеянне выкладчыкаў і студэнтаў.

Разам з тым неабходна ўкараніць у адукацыйны працэс сеткавыя формы ўзаема­дзеяння. Па словах Ігара Карпенкі, гэта дазволіць навучэнцам, студэнтам, магістрантам, аспірантам адной установы адукацыі навучацца ў іншай, якая валодае ўнікальным вучэбным абсталяваннем, сучаснымі методыкамі або інавацыйнымі вучэбнымі дысцыплінамі.

За 100 гадоў БНТУ з невялікага політэхнічнага вучылішча, дзе ў 1920 годзе займалася некалькі соцень навучэнцаў, вырас у вядучы і найбуйнейшы тэхнічны ўніверсітэт краіны, а­трымаў міжнароднае прызнанне і з’яўляецца кузняй прафесійных інжынерна-тэхнічных кадраў для ўсіх галін эканомікі Беларусі.

З моманту свайго заснавання ўніверсітэт падрыхтаваў і выпусціў звыш 185 000 высокакваліфікаваных спецыялістаў для Рэспублікі Беларусь і больш за 7000 спецыялістаў для 120 краін свету.

У Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце вучыцца больш за 35 000 чалавек. Падрыхтоўку інжынерных кадраў па 89 спецыяльнасцях ажыццяўляюць 119 кафедр і 2195 чалавек прафесарска-выкладчыцкага складу. З іх 1100 маюць вучоныя ступені і званні, у тым ліку 2 акадэмікі НАН Беларусі, 199 дактароў, прафесараў і 829 кандыдатаў навук, дацэнтаў.

У цяперашні час у БНТУ навучаецца больш за 1500 замежных грамадзян з 33 краін свету.Універсітэт актыўна супрацоўнічае ў галіне навукі і падрыхтоўкі кадраў з 114 замежнымі вышэйшымі тэхнічнымі навучальнымі ўстановамі 34 краін свету.

БНТУ з’яўляецца адзіным паўнапраўным членам Рэспублікі Беларусь у Еўрапейскай Асацыяцыі ўніверсітэтаў (EUA), Міжнароднай Асацыяцыі ўніверсітэтаў (IAU), Еўрапейскай асацыяцыі інжынернай адукацыі (SEFI), Міжнароднай асацыяцыі аўтамабільных інжынераў (FISITA), каардынатарам Нацыянальнага камітэта па абмене студэнтамі тэхнічных спецыяльнасцей для праходжання вытворчай практыкі (IAESTE).

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.