Рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, доктар педагагічных навук, прафесар Аркадзь Ханонавіч Шкляр разважае аб далейшым развіцці прафесійнай адукацыі ў нашай краіне.
— Для нашай Беларусі, якая сёння рухаецца па інавацыйным шляху, вельмі важна, каб сістэма прафесійнай адукацыі выступала гарантам высокага прафесійнага ўзроўню працоўных рэсурсаў. І наша прафесійная школа выконвае сваю асаблівую місію. Сёння кадры, занятыя ў сацыяльна-эканамічным комплексе нашай краіны, маюць даволі высокі адукацыйны і прафесійны патэнцыял. Пра гэта сведчаць ацэнкі экспертнага супольніцтва, меркаванне грамадскасці і ўвогуле сусветны рэйтынг. Найважнейшым паказчыкам кадравага патэнцыялу нацыянальнай эканомікі з’яўляецца ўдзельная вага работнікаў, якія маюць прафесійную адукацыю, адносна агульнай колькасці занятых у эканоміцы. Гэтая лічба складае прыкладна 70,5%, што, безумоўна, з’яўляецца важкім вынікам.
Улічваючы, што ў хуткім часе плануецца стварэнне і мадэрнізацыя 400 тысяч высокапрадукцыйных працоўных месцаў, прафесійная школа заклікана забяспечыць кваліфікаванымі кадрамі прарыўныя высокатэхналагічныя і навукаёмістыя кірункі, якія базіруюцца на аснове 5 і 6 тэхналагічных укладаў, таму прадпрыемствам з высокім узроўнем тэхналогій спатрэбяцца кадры, якія б валодалі высокім прафесійным узроўнем. Такі стан спраў патрабуе прыняцця шэрага захадаў, якія можна было б накіраваць на ўдасканаленне сістэмы прафесійнай адукацыі.
Выконваючы рашэнні нядаўняга Усебеларускага сходу па падрыхтоўцы спецыялістаў для інавацыйных вытворчасцей, ствараючы грамадства, заснаванае на ведах, мы павінны паклапаціцца пра тое, каб весці падрыхтоўку такіх кадраў, якія б цалкам адпавядалі запытам заказчыкаў кадраў ва ўмовах інавацыйнай эканомікі.
Хачу падкрэсліць, што размова вядзецца не пра кардынальнае рэфармаванне сістэмы прафесійнай адукацыі, а менавіта пра яе мадэрнізацыю з улікам тых фактараў, якія існуюць сёння як у нашай, так і ў іншых краінах. Глабалізацыя эканомікі, неабходнасць абнаўлення шэрага прафесій і ўзнікненне новых, развіццё новых тэхналогій, стварэнне нацыянальнай сістэмы кваліфікацый, эфектыўнасць вакарыстання бюджэтных сродкаў, супастаўнасць развіцця айчыннай прафесійнай адукацыі з сусветнымі тэндэцыямі, працэс аптымізацыі сеткі навучальных устаноў, развіццё малога і сярэдняга бізнесу, забеспячэнне бесперапыннасці адукацыі, гібкасці сістэмы павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі выкладчыцкага складу і майстроў вытворчага навучання — вось пералік тых асноўных фактараў, якія ўплываюць на правядзенне мадэрнізацыі сістэмы прафесійнай адукацыі нашай краіны. Акрамя іх, вельмі важна знайсці новыя падыходы ў прафарыентацыйнай рабоце, каб узняць прэстыж рабочай прафесіі на больш высокі ўзровень, павысіць яе папулярнасць у маладзёжным асяроддзі, змяніць сам вобраз рабочага, які павінен не проста ўвасабляць фізічную працу, але і пры гэтым прымяняць інжынерныя веды. Бясспрэчна, адчувальныя зрухі мы зрабілі ў гэтым дзякуючы такім міжнародным рухам, як WorldSkills і JuniorSkills.
Сярод іншых механізмаў удасканалення кадравага забеспячэння нашай эканомікі можна вылучыць маніторынг і прагназаванне патрэбы арганізацый у кадрах з улікам перспектыў мадэрнізацыі, тэхнічнага перааснашчэння, стварэння высокапрадукцыйных працоўных месцаў. З улікам перамен у эканоміцы ўстановы прафесійнай адукацыі павінны прайсці мадэрнізацыю, у якой неабходна аптымізаваць структуру падрыхтоўкі кадраў, абнавіць змест навучання, палепшыць матэрыяльную базу, удасканаліць кадравае, метадычнае і інфармацыйнае забеспячэнне. Для падрыхтоўкі сучаснага спецыяліста ў нашай краіне ідзе стварэнне навукова-вучэбна-вытворчых кластараў, распрацоўваюцца і апрабоўваюцца новыя інструменты развіцця прыватна-дзяржаўнага партнёрства. Вялікія надзеі ўскладаюцца на рэалізацыю нядаўна зацверджанай урадам нашай краіны структурнай схемы інфармацыйна-аналітычнай сістэмы прагназавання патрэбы эканомікі ў кадрах, іх прафесійнай адукацыі і падрыхтоўкі. Згодна з гэтым дакументам дакладна вызначаны функцыі адказнасці за кадравае забеспячэнне на міністэрствы эканомікі, працы і сацыяльнай абароны і Міністэрства адукацыі. У найбліжэйшай перспектыве будуць развівацца ўстановы прафесійнай адукацыі новай фармацыі, дзе будуць выкарыстоўвацца не толькі інавацыйныя тэхналогіі для фарміравання працоўнай эліты, але і механізмы так званага бізнес-інкубатара, інфармацыйна-кансалтынгавага цэнтра для развіцця кар’еры чалавека на працягу ўсяго жыцця.
Са свайго боку хачу выказаць неабходнасць правядзення эксперымента па падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў па высокатэхналагічных і навукаёмістых вытворчых тэхналогіях у перыяд з 2017 па 2020 год. Гэты эксперымент можна было б правесці на базе некалькіх вядучых устаноў прафесійнай адукацыі нашай краіны. Гэта дазволіць апрабаваць падыходы новай сістэмы кваліфікацый, стварыць галіновыя саветы, распрацаваць прафесійныя стандарты, якія б забяспечвалі работадаўцам і сістэме прафесійнай адукацыі празрыстасць і аб’ектыўнасць кваліфікацый, распрацаваць адукацыйныя стандарты, унесці змяненні ў сістэму падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў.
Лічу, што пры ўмове каардынуючых намаганняў з боку дзяржавы, заказчыкаў кадраў і сістэмы адукацыі, умацавання інтэграцыі паміж навукай, вытворчасцю і прафесійнай школай, сучаснага аснашчэння матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальных устаноў, далучэння інвестыцый сістэма прафесійнай адукацыі Беларусі будзе здольная забяспечыць высакакласнымі кадрамі эканоміку нашай краіны.
Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.