У фармаце свята і вясны

- 11:32Навіны рэгіёнаў

У Віцебску адбылася традыцыйная абласная выстава-продаж прадукцыі, вырабленай ва ўстановах адукацыі.

Традыцыйны віцебск “Вясновы карагод” мае многа абліччаў. Безумоўна,гэта доўгачаканае свята Жыццесцвярджальнае, як сама вясна, свята творчасці з феерычнай канцэртнай праграмай на галоўнай сцэне і яркімі творчымі нумарамі навучэнцаў і педагогаў на пляцоўках устаноў адукацыі. Свята сяброўскіх сустрэч і новых знаёмстваў. Прычым не толькі ў дачыненні да арганізатараў і ўдзельнікаў: выставу-продаж абавязкова наведваюць і кіраўніцтва горада, вобласці, і самыя шаноўныя госці — ветэраны педагагічнай працы, для якіх, дарэчы, прадукцыя прадаецца з істотнымі скідкамі. Калі гаворка пайшла пра эканоміку, нельга не адзначыць багаты асартымент — ад элітных саджанцаў і насення да эксклюзіўных сувеніраў і вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, высокую якасць — адметны брэнд устаноў адукацыі, а таксама немалаважны момант — даступныя цэны. Штогод збірае “Вясновы карагод” руплівых гаспадароў і таленавітых майстроў. Прадаўцы прапануюць усё самае лепшае, выгадаванае і вырабленае клапатлівымі рукамі навучэнцаў і педагогаў. Пакупнікі, як вопытныя, хто рэгулярна прыязджае на выставу-продаж, так і навічкі, хто выпадкова завітаў на прывабныя гукі музыкі і спеваў, з пустымі рукамі адсюль ніколі не вяртаюцца. Для ўстаноў адукацыі такі фармат работы — істотны артыкул прыбытку і разам з тым найлепшая рэклама сваіх магчымасцей і спецыяльнасцей. Яшчэ адно аблічча “Вясновага карагода” — грандыёзны прафарыентацыйны форум з майстар-класамі, горадам майстроў, выставай тэхнічных навінак. Нарэшце, гэта вялікая інтэрактыўная пляцоўка па абмене вопытам, якая аб’ядноўвае ўстановы адукацыі ўсіх узроўняў. Невыпадкова ў рамках выставы-продажу адбываецца ўзнагароджванне пераможцаў Рэспубліканскага агляду інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Нават сама прырода, здаецца, далучаецца да “Вясновага карагода”: надвор’е падчас свята звычайна трымаецца сонечнае. І кожны ў душы прыносіць з яго часцінку шчодрай сонечнай цеплыні і выдатны настрой.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.