У фарміраванні вытворчай эліты

- 11:30World Skills, Апошнія запісы, Рознае

Паралельна з Рэспубліканскім чэмпіянатам “WorldSkills Belarus — 2016” у Мінску прайшоў Міжнародны адукацыйны форум, цэнтральнай падзеяй якога стала правядзенне канферэнцыі па тэме “Прафесійны патэнцыял моладзі як эфектыўны рэсурс эканамічнага і сацыяльнага развіцця”. Праграма канферэнцыі ўключала пленарныя пасяджэнні, дыскусіі, прэзентацыі, круглыя сталы з вядучымі сусветнымі экспертамі ў галіне прафесійнай адукацыі. Сярод удзельнікаў канферэнцыі былі міністр адукацыі М.А.Жураўкоў, прэзідэнт WorldSkills International Сайман Бартлі, прадстаўнікі Расіі, Казахстана, Таджыкістана, Украіны, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Ганы, Германіі, Пакістана, Кіпра, Літвы, Нігерыі, Польшчы, Фінляндыі, Швейцарыі, Швецыі, Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, Паўднёвай Карэі, Еўрапейскага фонду адукацыі. Старшынстваваў на канферэнцыі рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі А.Х.Шкляр.

— Мы разглядаем прафесійную адукацыю як адзін з ёмістых фактараў і галоўны стратэгічны рэсурс сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны, — адзначыў у сваім выступленні міністр адукацыі М.А.Жураўкоў. — З боку дзяржавы падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў удзяляецца вялікая ўвага. Сёння павялічваецца колькасць выпускнікоў нашых устаноў з павышаным узроўнем кваліфікацыі, установы прафесійнай адукацыі становяцца шматпрофільнымі і шматфункцыянальнымі. Узрастае колькасць устаноў, якія прадастаўляюць навучанне даросламу насельніцтву і асобам з асаблівасцямі развіцця. Узрастае колькасць рэсурсных цэнтраў, дзе сканцэнтраваны сучаснае абсталяванне, найноўшыя тэхналогіі, змястоўнае метадычнае забеспячэнне.

Характэрнымі рысамі сучаснага развіцця айчыннай прафесійнай адукацыі з’яўляюцца выхад Беларусі на міжнародны ўзровень, яе ўваходжанне ў міжнародную эканамічную і адукацыйную прастору, членства ў WorldSkills International і правядзенне нацыянальных чэмпіянатаў WorldSkills Belarus.

— Усе гэтыя захады патрабуюць з нашага боку адэкватнай рэакцыі, — заявіў міністр. — У новых умовах сістэма прафесійнай адукацыі заклікана забяспечыць кваліфікаванымі кадрамі прарыўныя высокатэхналагічныя кірункі развіцця нацыянальнай эканомікі, якія базіруюцца на аснове 5 і 6 тэхналагічных укладаў.

У 2016—2017 гадах высокатэхналагічны сектар нашай эканомікі будзе мець такія кірункі, як атамная энергетыка, прыборабудаванне і электроніка, інфармацыйныя нана- і біятэхналогіі, таму прадпрыемствы з высокім узроўнем тэхналогій маюць патрэбу ў тых кадрах, якія б валодалі высокім прафесійным узроўнем. У сувязі з гэтым установы прафесійнай адукацыі мадэрнізуюцца з улікам перамен у эканоміцы, аптымізуецца структура падрыхтоўкі кадраў, абнаўляецца змест навучання, паляпшаецца матэрыяльная база, удасканальваецца кадравае, метадычнае і інфармацыйнае забеспячэнне. З улікам сённяшніх рэалій актуальным з’яўляецца развіццё прыватна-дзяржаўнага партнёрства. Павышаецца адказнасць за падрыхтоўку рабочых у заказчыкаў кадраў, а гэта выключае сітуацыю, калі адны рыхтуюць кадры, а іншыя толькі ацэньваюць якасць гэтай падрыхтоўкі. Вельмі важна, што прынята рашэнне аб распрацоўцы і ўкараненні прынцыпова новай сістэмы кваліфікацый, якая дазволіць інакш зірнуць на размеркаванне адказнасці паміж прафесійнай адукацыяй і рынкам працы, на кадравае забеспячэнне эканомікі, дапаможа дынамічна адаптаваць прафесійныя кваліфікацыі да рэальнай сферы і патрабаваць належнай якасці падрыхтоўкі кадраў.

— Нам патрэбны ўстановы прафесійнай адукацыі новай фармацыі, — заявіў М.А.Жураўкоў, — якія б валодалі не толькі інавацыйнымі механізмамі для фарміравання вытворчай эліты, але і рысамі бізнес-інкубатара, інфармацыйна-кансалтынгавага цэнтра для развіцця кар’еры чалавека на працягу ўсяго жыцця.

Для падрыхтоўкі сучаснага спецыяліста ў нашай краіне ствараецца інтэгравана-адукацыйнае асяроддзе за кошт арганізацыі навукова-вучэбна-вытворчых кластараў, распрацоўваюцца і апрабуюцца новыя інструменты развіцця прыватна-дзяржаўнага партнёрства і дзелавога супрацоўніцтва. Вялікія надзеі на вырашэнне гэтай комплекснай задачы ўскладваюцца на рэалізацыю нядаўна зацверджанай урадам структурнай схемы інфармацыйна-аналітычнай сістэмы прагназавання патрэб эканомікі ў кадрах, іх прафесійнай адукацыі і падрыхтоўкі. Гэты дакумент дакладна вызначае функцыі адказнасці за кадравае забеспячэнне міністэрстваў эканомікі, працы і сацыяльнай абароны і Міністэрства адукацыі нашай краіны.

Асаблівую ўвагу трэба ўдзяляць павышэнню прывабнасці для моладзі і ў цэлым грамадства вытворча-тэхнічных прафесій і спецыяльнасцей. У паспяховым вырашэнні гэтай задачы асноўная роля павінна быць адведзена эфектыўнай прафарыентацыйнай і прафкансультацыйнай рабоце, вызначэнню на раннім этапе матывацыі на атрыманне рабочай прафесіі і забеспячэнню самімі навучальнымі ўстановамі чаканага абітурыентамі ўзроўню навучання і далейшага забеспячэння рабочага месца.
У развіцці прафесійнай адукацыі магутнай рухальнай сілай стала прадстаўленне Беларусі на міжнароднай арэне WorldSkills і рэальная магчымасць звярнуцца да замежнага вопыту, параўнаць сябе з лепшымі сусветнымі ўзорамі.

— Дзякуючы ўдзелу ў гэтым руху, мы спадзяёмся, што пераадолеем стэрэатыпы адносна другараднасці прафесій, звязаных з рэальнай вытворчасцю, умацуем разуменне рэальнай каштоўнасці прафесійнай адукацыі для кожнага чалавека і яго працоўнай кар’еры, — падкрэсліў М.А.Жураўкоў.

У працяг размовы выступіў Сайман Бартлі аб ролі WorldSkills International у развіцці працоўных рэсурсаў з улікам патрабаванняў рынку працы. Удзельнікі канферэнцыі замежных краін прадставілі свой вопыт у развіцці прафесійнай адукацыі і фарміраванні кадравага патэнцыялу для сваіх эканомік.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.