У фінал — з асабістым рэкордам

Плывец Рыгор Пякарскі выйшаў у фінал ХХХ Сусветнай летняй універсіяды, якая праходзіць з 3 па 14 ліпеня ў Неапалі (Італія).

У папярэднім заплыве на дыстанцыі 50 м батэрфляем, нягледзячы на затрымку на старце, Рыгор паказаў час, які дазваляе яму з 9-м вынікам выйсці ў паўфінал (24,04 с).

“Стартавая рэакцыя Рыгора — 0,5—0,6 секунды, — адзначаюць трэнеры па плаванні беларускай дэлегацыі ў Неапалі Вольга Сяргееўна Яскевіч і Марк Юр’евіч Закутнеў. — Раніцай адбылася замінка, якая павялічыла старт да 0,94 с. У час заплыву Р.Пякарскага стартар пратрымаў паўзу ў 6—7 секунд, спартсмены проста нахіліўшыся стаялі. Грыша засумняваўся, ці правільна ўсё ён пачуў, у гэты час быў дадзены стартавы сігнал. На шчасце, ён сабраўся і на характары дагнаў усіх”.

У паўфінале, ужо ўпэўнена выканаўшы старт, студэнт Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта паказаў час 24,74 с і ўвайшоў у фінал пад чацвёртым нумарам.

Гэта яго асабісты рэкорд. Паказаны час дазваляе Рыгору разлічваць на добры вынік у барацьбе за медалі. Па папярэдніх даных, ад лідараў турніру яго аддзяляе 0,1 с.

Па выніках паўфінала сярод лідараў — Янг Вільям (Аўстралія) — 23,39 с, Юя Танака (Японія) — 23,61 с, Ларэнца Джарджані (Італія) — 23,63 с.

У папярэдніх спаборніцтвах у жанчын на дыстанцыі 50 м батэрфляем лепшай з беларусак стала Настасся Куляшова — 17-е месца. Настасся Каракоўская з вынікам 27,46 с размясцілася на 19-й пазіцыі.

Вынікі на дыстанцыі 100 м на спіне не дазволілі Віктару Стасяловічу і Максіму Крэпскаму выйсці ў паўфінал. Мужчынская эстафета 4х10 вольным стылем таксама не ўвянчалася поспехам.

Наталля АЛЁХІНА.