У фокусе маладзёжнага выхавання — фарміраванне каштоўнаснага фундаменту дзяржаўніка

Аб гэтым заявіў першы сакратар Цэнтральнага камітэта ГА “БРСМ” член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Андрэй Белякоў, каменціруючы Пасланне прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.

“Эканамічная бяспека краіны прадугледжвае змяненне структуры кіравання пад патрэбы дыверсіфікаванага рынку. Для гэтага патрэбна школа кіравання, школа кадраў, якія неабходна не толькі навучыць і выгадаваць, але і ідэалагічна матываваць, сфарміраваць каштоўнасны фундамент дзяржаўніка, дапамагчы маладому чалавеку прымяніць энергію і інтэлект. Менавіта ў гэтым Саюз моладзі бачыць сваю найважнейшую задачу”, — сказаў Андрэй Белякоў.

Ён адзначыў, што фармальны, шаблонны падыход да выхавання моладзі сёння як ніколі будзе мець высокую цану. “Прэзідэнт неаднаразова адзначаў узрастаючую ролю шэрага СМІ, якія фактычна з’яўляюцца не сродкамі масавай інфармацыі, а паліттэхналагічнымі праектамі знешніх сіл. Саюз моладзі з іх боку часта становіцца аб’ектам маніпуляцыі грамадскім меркаваннем, у выніку чаго ідэалагічная работа ўспрымаецца выключна як навязванне нейкага канфармізму ў маладзёжным асяроддзі. Рэальна ж мы не толькі фарміруем каштоўнасную базу праз правядзенне патрыятычных мерапрыемстваў, але і аказваем пэўнае ідэалагічнае процідзеянне, вядзём контрпрапагандысцкую работу, разбіраем чужыя памылкі, удасканальваем метады сеткавай камунікацыі”, — падкрэсліў першы сакратар.

Паводле слоў Андрэя Белякова, яскравым патрыятычным прыкладам для моладзі сёння можа стаць жыццё беларусаў у пасляваенны перыяд, якое спалучала ў сабе як рост дабрабыту і стабільнасці, фарміраванне новага эканамічнага базісу, так і жорсткую нябачную халодную вайну. “Гэты перыяд будзе прыцягваць асаблівую цікавасць у святле стагоддзя БССР і Года малой радзімы. І ў бягучай сітуацыі мае шанс стаць дадатковым важным акцэнтам маладзёжнай палітыкі”, — сказаў ён.

Кіраўнік БРСМ таксама падкрэсліў, што Беларусь — адзіная краіна постсавецкай прасторы, якая змагла пазбегнуць узброеных грамадзянскіх канфліктаў, характэрных для ўсёй былой СНД. “У першыя гады незалежнасці гэта было забяспечана строгім, эфектыўным і паслядоўным курсам прэзідэнта. Менавіта яго палітычнай воляй былі спынены экстрэмізм і радыкальныя ідэалогіі, якія ставілі сабе за мэту запусціць некантралюемыя працэсы ў дзяржаве. І таму, нягледзячы на ўсю складанасць сучаснай міжнароднай абстаноўкі, мы ўпэўнены, што наша вопытнае палітычнае кіраўніцтва зможа пераадолець любыя цяжкасці”, — сказаў на заканчэнне Андрэй Белякоў.