У фокусе — перспектывы развіцця арганічнага земляробства, тэхналогій у цяплічнай гаспадарцы і ў рыбаводстве

У мінулую пятніцу міністр адукацыі Ігар Карпенка і губернатар Мінскай вобласці Аляксандр Турчын наведалі Цэнтр трансферу тэхналогій у галіне энергетыкі, энергаэфектыўнасці і экалогіі — філіял РІПА “Рэсурсны цэнтр “ЭкаТэхнаПарк — Волма”, які знаходзіцца на тэрыторыі Дзяржынскага раёна.

Міжгаліновы рэсурс­ны вучэбны цэнтр у галіне экалогіі, энергетыкі і энергаэфектыўнасці створаны з мэтай павышэння функцыянальнай пісьменнасці і экалагічнай дасведчанасці розных катэгорый насельніцтва, забеспячэння галін сацыяльна-эканамічнага комплексу высокакваліфікаванымі спецыялістамі ў галіне энергетыкі, энергаэфектыўнасці, экалогіі, прымянення і распаўсюджвання зялёных тэхналогій.

Філіял выконвае задачу па рэалізацыі адукацыйных праграм з прымяненнем сучаснага абсталявання і энергазберагальных тэхналогій, у тым ліку ў сеткавай форме; правядзенне навуковых даследаванняў у галіне энергетыкі, энергаэфектыўнасці і экалогіі.

Знаёмства з рэсурсным цэнтрам пачалося з агляду рэканструкцыі будынкаў, наведвання лабараторый, аснашчаных самым сучасным абсталяваннем і тэхналогіямі. У лабараторыі “Асновы энергетыкі і энергаэфектыўнасці” прадстаўлены асновы законаў электратэхнікі і электронікі з дапамогай віртуальных вымяральных прыбораў. Лабараторыя “Жыллёва-камунальная гаспадарка з выкарыстаннем аднаўляльных крыніц” абсталявана спецыяльнымі стэндамі, дзе прадстаўлены сучасныя сістэмы водаадвядзення і цеплазабеспячэння.

Комплекс “Разумны дом” дазваляе вывучыць сучасныя прыборы сістэм пажарна-ахоўнай сігналізацыі, ацяплення, асвятлення і кандыцыяніравання. Лабараторыя “Аднаўляльныя крыніцы энергіі і сілавая энергетыка” прызначана для вывучэння сучасных тэхналогій у кіраванні сістэмамі вытворчасці электраэнергіі традыцыйнымі і аднаўляльнымі крыніцамі энергіі і яе размеркавання, уключаючы трэнажоры сістэмы смарт-грыд, а “Біяэнергетыка” — для вывучэння тэхналагічных працэсаў вытворчасці этанолу, біядызелю і біягазу.

У рэсурсным цэнтры навучанне праходзяць школьнікі, якія з мэтай прафарыентацыі знаёмяцца з сучаснымі напрамкамі інжынерна-тэхнічнага профілю (энергаэфектыўнасць, энергазберажэнне, экалогія).

“Другая катэгорыя навучэнцаў рэсурснага цэнтра “ЭкаТэхнаПарк — Волма” — выхаванцы прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі краіны. Яны вывучаюць тэхналогіі з пункту гледжання манціравання абсталявання, вывучаюць яго схемы, знаёмяцца з эксплуатацыяй, як праводзіць наладку такога абсталявання, дэмантаж, рамонт. Прыязджаюць сюды і студэнты ўніверсітэтаў — будучыя праекціроўшчыкі, інжынеры, якія павінны разумець, як запраектаваць новыя тэхналогіі.

Яшчэ адна катэгорыя, работу з якой неабходна маштабаваць, — гэта работнікі прадпрыемстваў. Сёння, напрыклад, уводзяцца ў эксплуатацыю энергаэфектыўныя дамы, якія неабходна ў далейшым абслугоўваць. Трэба пашыраць прафесійныя кампетэнцыі рабочых”, — адзначыў рэктар РІПА Валерый Галубоўскі.

Сучаснае лабараторнае абсталяванне з выкарыстаннем мультымедыйнай эксперыментальна-трэнажорнай сістэмы дазваляе навучэнцам выконваць тэарэтычныя і практычныя блокі на адным працоўным месцы, павышае матывацыю і стымулюе самастойную дзейнасць.

Вучэбныя праграмы ў міжгаліновым рэсурсным вучэбным цэнтры рэалізуюцца з 2018 года. У першы год навучанне прайшлі больш за 600 чалавек, у 2019 годзе — больш за 800, за 2020 год навучанне прайшлі больш за 1000 чалавек. Вучыліся і павышалі сваю кваліфікацыю прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага складу ўніверсітэтаў, выкладчыкі ССНУ і прафесійных ліцэяў, навучэнцы. Распрацоўка вучэбных праграм ажыццяўляецца сумесна з тымі навучальнымі ўстановамі, навучэнцы якіх прыязджаюць у Волму.

Міністр адукацыі і губернатар абмеркавалі пытанні перспектыўнага развіцця арганічнага земляробства, развіцця тэхналогій у цяплічнай гаспадарцы і ў рыбаводстве, а таксама магчымасці ўзаемадзеяння рэсурс­нага цэнтра і мясцовай малакамплектнай школы.

На адлегласці 800 метраў ад рэсурснага цэнтра размешчаны Валмянскі дзіцячы сад — базавая школа. У трохпавярховым будынку вучацца 17 навучэнцаў. Плануецца, што пасля мадэрнізацыі ў частцы памяшканняў школы можна стварыць спальныя месцы для школьнікаў, якія будуць прыязджаць з найбліжэйшых раёнаў на 24 дні з пражываннем і харчаваннем для навучання па праграме агульнаадукацыйнай школы.

Частку памяшканняў школы можна абсталяваць для вывучэння асноў камп’ютарнага мадэлявання, робататэхнікі, мастацтва і дызайну. Пасля вучэбных заняткаў школьнікі могуць выкарыстоўваць лабараторыі рэсурснага цэнтра для навучання тэхналогіям энергаэфектыўнасці, энергазберажэння і экалогіі, пачынаючы з простых схем электратэхнікі і заканчваючы асновамі інтэлектуальнай энергетыкі.

Стварэнне адзінага комплексу дазволіць павялічыц­ь педагагічную нагрузку настаўнікам школы і стварыць умовы для выяўлення таленавітай моладзі з наступнай арыентацыяй на свядомы выбар прафесій інжынерна-тэхнічнага профілю.

Тэрыторыя рэсурснага цэнтра вялікая — каля 24 гектараў, і тут адкрываюцца магчымасці не толькі для вучэбнай, даследчай, але і для турыстычнай дзейнасці. На тэрыторыі размяшчаецца сядзіба Ваньковічаў, зараз ідзе аднаўленне шэрага аб’ектаў, хутка з’явяцца музейныя экспанаты.

Як заўважыў міністр адукацыі, на сённяшні дзень Рэсурсны цэнтр “ЭкаТэхнаПарк — Волма” — адзіны ў сваёй унікальнасці комплекс, гэта будучыня, якая дазволіць прасоўваць сістэму адукацыі наперад, укараняючы новыя тэхналогіі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.