У футбол гуляюць хлопцы і дзяўчаты

32 каманды, чатыры дні бескампрамісных, напружаных матчаў на палях ФК “Мінск”, перамогі, паражэнні, усмешкі, слёзы, шчырыя эмоцыі — усё гэта фінал рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па футболе “Скураны мяч” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. 13 верасня адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лепшых гульцоў і лепшых каманд.

Спаборніцтвы праводзіліся ў трох узроставых групах сярод хлопчыкаў, і ўпершыню ў гісторыі турніру, які адрадзіўся ў нашай краіне ў 1997 годзе, у асобнай групе за медалі і кубкі змагаліся дзяўчынкі. Усяго ў папярэдніх этапах сёлетніх спаборніцтваў “Скуранога мяча” ўдзельнічала больш за 41 тысячу юных аматараў футбола з 3084 каманд. Наогул, у футбол гуляюць мільёны, футбол любяць мільёны. Для многіх футбол — не проста гульня, а цэлае жыццё. Гэтыя словы цалкам справядлівыя ў дачыненні да каманды “Азімут” з Драгічынскага раёна, якая ў фінальным матчы сярод хлопчыкаў старэйшай узроставай групы перамагла сталічную “Фартуну” з Савецкага раёна ў серыі пасляматчавых пенальці з лікам 3:1.

— Асноўнае захапленне нашых футбалістаў — гэта турызм. Менавіта ўдзельнікі турыстычнага клуба “Азімут” раённага Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі складаюць аснову нашай каманды. Турыст і футбаліст — амаль што сінонімы. Стаць футбалістам-аматарам добрага ўзроўню турысту нескладана. У нашых навучэнцаў добрая фізічная падрыхтоўка. Чаго варта толькі спартыўнае арыентаванне, калі падчас спаборніцтваў мы можам прабегчы 10, ці нават і 15 кіламетраў. Не на кожнай трэніроўцы гулец столькі прабягае. На працягу ўсіх гадоў дзейнасці клуба “Азімут” мы з хлопцамі гуляем у футбол. У кожны турыстычны паход бяром футбольны мяч, ды не адзін, і на прывалах абавязкова адпрацоўваем элементы валодання мячом. У “Скураным мячы” драгічынскія футбалісты ўдзельнічаюць рэгулярна, аднак толькі ў гэтым годзе выйгралі турнір. Асабліва складаным выдаўся фінальны матч з мінскай “Фартунай”, — падзяліўся трэнер “Азімута” педагог дадатковай адукацыі Ігар Рыгоравіч Страпко.

У футбол, як і ў хакей з шайбай, гуляюць не толькі сапраўдныя мужчыны, у нашым выпадку хлапчукі і юнакі, але і сапраўдныя жанчыны, а дакладней, дзяўчынкі 2006—2008 гадоў нараджэння, якія ўпершыню змагаліся за ўзнагароды “Скуранога мяча”. Барацьба на дзявочым футбольным полі была не менш напружаная і бескампрамісная, чым у хлопцаў. З лікам 4:0 у фінальным паядынку “Надзея” са Шчучынскага раёна перамагла шумілінскую “Кока-Колу”. Трэнерам юных чэмпіёнак з’яўляюцца настаўнікі фізічнай культуры і здароўя Орлеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя С.П.Шупені Уладзімір Уладзіміравіч Хелскі і Віктар Баляслававіч Лісоўскі з гімназіі Шчучына. Па словах педагогаў, трэніраваць дзяўчынак нескладана. У гэтым узросце яны больш арганізаваныя, больш мэтанакіраваныя, чым хлопчыкі, ад іх большая аддача.

З педагогамі, якія трэніруюць не толькі юных шчучынскіх футбалістаў-чэмпіёнаў, але і юных біятланістаў і хакеістаў, мы абавязкова сустрэнемся на старонках “Настаўніцкай газеты”, а пакуль што пра вынікі іншых фінальных матчаў. У малодшай узроставай групе сярод хлопчыкаў у фінальным матчы “Унікум-ЦТДМ” з Барысаўскага раёна аказаўся мацнейшым за сталічную “Фартуну” (4:3). У сярэдняй групе перамогу над “Штурмам” з Уздзенскага раёна святкавала “Тарнада” з Цэнтральнага раёна Мінска (4:2). Віншуем пераможцаў і жадаем усім удзельнікам “Скуранога мяча” перамог не толькі на футбольным полі, але і ў вучобе, асабістым жыцці.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.