У футбол гуляюць усе!

- 12:14Навіны рэгіёнаў

Добры падарунак атрымалі навучэнцы і жыхары мікрараёна сярэдняй школы № 2 імя М.П.Масонава Свіслачы: тут адкрыта міні-футбольная пляцоўка са штучным пакрыццём.

— Гэтая пляцоўка стане для нашых вучняў, а таксама ўсіх жадаючых яшчэ адным стымулам для заняткаў спортам, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце школы Наталля Салдаценкава. — А для навучэнцаў спартыўнага класа, які плануем адкрыць у новым навучальным годзе, — выдатным месцам для трэніровак.

На цырымонію адкрыцця футбольнай пляцоўкі сабраліся навучэнцы школы, педагогі, ганаровыя госці: начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык, старшыня Свіслацкага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі, начальнік аддзела адукацыі Свіслацкага райвыканкама Людміла Буяк, начальнік дэпартамента забеспячэння спартыўных мерапрыемстваў Беларускай федэрацыі футбола Іван Гаравец, галоўны трэнер футбольнага клуба “Нёман” Ігар Кавалевіч.

Аляксандр Вярсоцкі выказаў упэўненасць, што новы спартыўны аб’ект Свіслачы будзе спрыяць развіццю спорту ў раёне і што ў хуткім часе на спартыўным Алімпе заззяюць новыя зоркі. Яго словы пацвердзілі і старэйшыя ўдзельнікі свята, і зусім юныя. У футбол у гэты дзень гулялі ўсе — ад старшыні райвыканкама і аматарскіх каманд з Гродна і Свіслачы да юных спартсменаў-школьнікаў. Прыемным дадаткам да новага футбольнага поля сталі падарункі: камплекты спартыўнага адзення і футбольныя мячы.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.