Сістэма адукацыі Баранавіч заўсёды на перадавой. Пра тое, якія напрамкі будуць развівацца ў гэтым навучальным годзе, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказвае начальнік упраўлення па адукацыі Баранавіцкага гарвыканкама Таццяна Шастак.

— Ва ўстановах адукацыі горада інтэнсіўна развіваецца дапрофільная і профільная падрыхтоўка навучэнцаў. Які праект з існуючых вы лічыце самым актуальным? Што новага з’явілася ў гэтым навучальным годзе?
— Важнай прыступкай да самаразвіцця дзіцяці з’яўляецца яго прафесійнае самавызначэнне. У горадзе наладжана работа па прафесійнай арыентацыі моладзі. Але я хачу спыніцца на рэалізацыі праекта “Дзень прадпрыемства”.
Гэта шырокамаштабны праект, які прадугледжвае знаёмства вучняў і іх законных прадстаўнікоў з перадавымі прадпрыемствамі і арганізацыямі нашага горада. Гэта якраз тое, што можа зацікавіць сучаснага школьніка, бо такая форма работы дазваляе ўбачыць усё на свае вочы, дакрануцца рукамі, паспрабаваць выканаць нейкую аперацыю. Наш праект — гэта новы кірунак дзейнасці, але ўжо даволі папулярны. І мы з гордасцю можам заявіць, што дні прадпрыемства наведваюць не толькі навучэнцы школ горада, але і іх бацькі. Вось так і ўзнікаюць дынастыі кавалёў, інжынераў, вадзіцеляў.
У 2025/2026 навучальным годзе ў агульнаадукацыйных установах Баранавіч функцыянуюць 42 класы (групы) прафесійнай накіраванасці: адзін клас і 22 групы інжынернай накіраванасці, дзве групы спартыўна-педагагічнай, адзін клас і шэсць груп ваенна-патрыятычнай, а таксама дзесяць груп педагагічнай накіраванасці. Адкрыты клас “Юны пракурор”. А пачыналі з дзвюх груп інжынернай накіраванасці.
З гэтага навучальнага года ў мэтах пашырэння форм працоўнага выхавання навучэнцаў упраўленнем па адукацыі наладжана супрацоўніцтва з прадпрыемствамі аграпрамысловага комплексу Баранавіцкага раёна. Гэта новы напрамак работы. Нашы вучні будуць наведваць прадпрыемствы і сумесна з іх супрацоўнікамі выконваць пэўныя віды работ: садзіць дрэвы, кветкі, прыбіраць тэрыторыю, знаёміцца з вытворчасцю і інш. Такое ўзаемадзеянне дазволіць стварыць неабходныя ўмовы для фарміравання ў навучэнцаў працоўных навыкаў і прафесійных кампетэнцый, выхавання павагі да працы, развіцця працоўнай дысцыпліны.
— З 1 верасня школы абвешчаны тэрыторыяй без мабільных тэлефонаў. Як гэтае патрабаванне выконваецца ва ўстановах адукацыі горада?
— Новаўвядзенне звязана з занепакоенасцю бацькоў, якія адзначаюць рост залежнасці дзяцей ад смартфонаў і іншых электронных прылад. Многія вучні ўсё часцей пазбягаюць жывых зносін і імкнуцца карыстацца інтэрнэт-падказкамі пры выкананні дамашніх заданняў, што зніжае іх самастойнасць і камунікатыўныя навыкі. У адпаведнасці з пастановай Міністэрства адукацыі ад 1 жніўня 2025 года № 136, ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі горада распрацаваны і выконваецца алгарытм выкарыстання і захоўвання прылад мабільнай сувязі, абсталяваны месцы захоўвання, якія замыкаюцца на ключ, прызначаны адказныя за захоўванне тэлефонаў на працягу вучэбнага дня і за доступ да іх навучэнцаў.
— Як укараняеце штучны інтэлект у адукацыйны працэс?
— Калі раней тэхналогіі ў адукацыі абмяжоўваліся інтэрактыўнымі дошкамі, то сёння штучны інтэлект здольны ўплываць на змест і логіку навучання. Пра выкарыстанне нейрасетак і штучнага інтэлекту на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці на сваіх семінарах (у горадзе і вобласці) расказвала настаўніца інфарматыкі гімназіі №1 Баранавіч Святлана Аляксандраўна Кісялёва. Педагогі на гэтых семінарах атрымалі практычныя навыкі і базу для самастойнага выкарыстання нейрасетак у працоўнай дзейнасці.
У асобны спіс сабраны нейрасеткі, якія па запыце настаўніка дазваляюць ствараць план урока або яго часткі, практычныя заданні на ўрок, прэзентацыі, чэк-лісты, рабочыя лісты, карткі для запамінання тэрміналогіі, рознаўзроўневыя тэсты з рознымі тыпамі адказаў. Таксама нейрасеткі можна выкарыстоўваць пры стварэнні справаздач, дзе трэба ўлічыць вялікую колькасць даных.
У кастрычніку плануецца павышэнне кваліфікацыі для педагогаў па ўкараненні штучнага інтэлекту ў адукацыйны працэс.
— Ва ўстановах адукацыі краіны пачалася падрыхтоўка да конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”. Ці будуць сярод канкурсантаў педагогі з Баранавіч?
— Канечне, будуць. 28 настаўнікаў выказалі жаданне прыняць удзел у адборачным (гарадскім) этапе конкурсу “Настаўнік года — 2026”.
Знакавай падзеяй для нас стала перамога на заключным этапе рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2023” настаўніцы пачатковых класаў сярэдняй школы № 17 Баранавіч Кацярыны Валянцінаўны Каваленка ў намінацыі “Пачатковыя класы”. Кацярына Валянцінаўна на асабістым прыкладзе паказала, што прафесія настаўніка — гэта місія, прыклад творчага падыходу да любімай справы, любоў да дзяцей і павага да калег. Педагогі нашага горада зацікаўлены ў пастаянным павышэнні прафесійнага майстэрства, асваенні новых эфектыўных тэхналогій навучання і выхавання навучэнцаў, імкнуцца да самаўдасканалення і творчасці.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





