“Кожны вучань павінен адчуваць сябе ў школе самым разумным і самым любімым” — такой думкі прытрымліваўся настаўнік матэматыкі Валянцін Хаймавіч Сярэбраны, імя якога носіць сталічная гімназія № 41.
Дух узаемадзеяння
За 41-й гімназіяй трывала замацаваўся імідж моцнай і прэстыжнай навучальнай установы, у якой дзейнічаюць класы дапрофільнай і профільнай падрыхтоўкі. Ва ўстанове вядзецца сур’ёзная работа па ўкараненні ў адукацыйны працэс новых педагагічных тэхналогій, у тым ліку інфармацыйна-камунікацыйных праз інавацыйную дзейнасць, удзел у пілотных праектах. Толькі за апошнія 6 гадоў гімназія чатыры разы займала 1-е месца сярод гімназій горада. Вось і зараз па выніках работы за 2021 год яна стала лепшай.
Вучні ўстановы штогод становяцца пераможцамі міжнародных спаборніцтваў. За 21 год яны заваявалі 50 медалёў: 5 залатых, 26 сярэбраных і 19 бронзавых па матэматыцы, сярэбраны медаль па інфарматыцы, сярэбраны і бронзавы медалі па хіміі. Летась сярэбраны медаль па хіміі на Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіядзе і бронзавы медаль на Міжнароднай хімічнай алімпіядзе заваяваў Кірыл Мароз (настаўніца — М.Жыгала), сярэбранага медаля Міжнароднай матэматычнай алімпіяды ўдастоены Дзмітрый Маслёнчанка (настаўнікі — Б.Камракоў, Я.Жыбрык). На Міжнароднай алімпіядзе мегаполісаў залатым медалём адзначаны Дзмітрый Маслёнчанка, бронзавым — Антон Слаўнікаў (настаўнікі — Б.Камракоў, Я.Жыбрык). 46 дыпломаў заваявалі вучні сёлета на гарадскім этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды.
Магчыма, па-іншаму склаўся б лёс гімназіі і яна не набыла б такой вядомасці на міжнароднай арэне, калі б сюды (тады яшчэ ў сярэднюю школу) не ўладкаваўся працаваць у 1997 годзе Валянцін Сярэбраны. Валянцін Хаймавіч стаяў ля вытокаў рэарганізацыі сістэмы адукацыі ўнутры школы. Ён прыйшоў з ідэяй стварэння спецыялізаваных матэматычных класаў для дзяцей, якія валодаюць, з аднаго боку, здольнасцямі да матэматычнага мыслення, а з іншага — маюць дастатковыя веды па прадмеце і самае галоўнае — цікавасць і матывацыю. Таму ўжо з 1998 года пачынае фарміравацца профільны клас.
“Проста даваць урокі Валянцін Хаймавіч не мог, бо яму было не цікава. Лічыў, што для паспяховага навучання трэба спачатку стварыць з класа калектыў аднадумцаў, абудзіць у вучняў цікавасць да творчасці, здаровы дух саперніцтва”
з успамінаў Вольгі Сярэбранай
У спецкласы прыйшлі вучні з розных школ горада. “Матэматыкі” хутка сталі лідарамі. Яны былі моцнымі як у вучобе, так і ў спорце. А Сяргей Маркоўскі, вучань першага набору, два гады запар перамагаў на Міжнароднай матэматычнай алімпіядзе.
З 5 класа падмурак для вывучэння матэматыкі закладваюць настаўнікі Святлана Ступа, Таццяна Гапеенка. А ўжо з 7 класа дзецям прапаноўваецца матэматыка алімпіяднага ўзроўню, і да работы падключаюцца выкладчыкі БДУ. Сярод творча працуючых педагогаў — Барыс Камракоў, Леанід Лаўрыновіч, Яўген Жыбрык, Таццяна Валахановіч і інш. Добрай знаходкай аказалася работа па прынцыпе “роўны вучыць роўнага”. Калі ідзе працэс падрыхтоўкі да алімпіяды, вучні старшых класаў дадаткова займаюцца з вучнямі 7—8 класаў, а выпускнікі, якія працягваюць навучанне ў Белдзяржуніверсітэце, — са старшакласнікамі. “Гэта вельмі добра спрацоўвае на псіхалагічным узроўні: дзеці разнявольваюцца, адчуваюць сябе свабодна, — заўважае Марыяна Анатольеўна. — Бо не сакрэт, што можна вельмі добра ведаць матэматыку, але пры гэтым быць не алімпіядным дзіцем. Прычым гэтую сістэму з матэматыкі мы перанеслі на іншыя прадметы. Але самае галоўнае — мы захавалі дух узаемадзеяння паміж настаўнікам, вучнем, сям’ёй. Таму і атрымліваюцца цудоўныя вынікі”.
Сшыткі для душы
Прысвяціўшы сваё жыццё педагагічнай дзейнасці, працуючы творча і з душой, Валянцін Сярэбраны падрыхтаваў шмат таленавітых вучняў. Звязаў сваё жыццё з матэматыкай і Яўген Жыбрык. У мінулым пераможца міжнародных алімпіяд сёння працуе настаўнікам матэматыкі ў гімназіі.
— Валянцін Хаймавіч у мяне выкладаў з 7 класа. Амаль усю геаметрыю, якую я ведаю, ведаю дзякуючы яму. Валянцін Хаймавіч — асаблівы настаўнік. У нашай установе склалася сістэма, калі ў матэматычным класе выкладаюць два педагогі: адзін — алгебру, другі — геаметрыю, адзін працуе з алімпіяднікамі, другі больш увагі ўдзяляе агульнаму разуменню матэматыкі. Валянцін Хаймавіч знаходзіў падыход да кожнага, у яго панавала своеасаблівая аўра, прыемна было знаходзіцца на ўроку. У Валянціна Хаймавіча няцяжка было атрымаць дзясятку. Ён быў лаяльна-справядлівым. Мы яго ўспрымалі як чалавека, да якога можна прыйсці, папрасіцца да дошкі і выправіць адзнаку, якую атрымалі ў іншага педагога, — расказвае Яўген Вітальевіч.
Я.В.Жыбрык у сваёй рабоце выкарыстоўвае знаходкі свайго настаўніка. Як і на ўрокі В.Сярэбранага, на заняткі да Яўгена Вітальевіча вучні прыносяць задачы, якія не атрымліваецца рашыць і якія ў рэжыме рэальнага часу разбіраюць разам з настаўнікам. Гэты падыход небяспечны з пункту гледжання педагогікі: калі ты некалькі разоў не рэшыш задачу, то можаш страціць у дзяцей аўтарытэт. У педагога, як, дарэчы, і ў яго настаўніка калісьці, атрымліваецца падтрымліваць яго на высокім узроўні. Практыкуецца і вядзенне сшыткаў для душы: у вольны час вучні рашаюць усемагчымыя задачы, і за месяц іх павінна набрацца каля 30. Дзякуючы такой форме работы, фарміруецца паслядоўнасць думак у рашэнні. Гэта эфектыўная падрыхтоўка да алімпіяды.
Работа дае свой плён. Нядаўна на гарадской алімпіядзе па матэматыцы выхаванцы Я.Жыбрыка Віктар Дубовік, Антон Слаўнікаў, Дзмітрый Маслёнчанка, Марыя Брэль, Юлія Кунц і Юлія Сушчык сталі ўладальнікамі дыпломаў. Прыемна, што дзяўчаты складаюць сур’ёзную канкурэнцыю хлопцам.
Выпускнікі 41-й гімназіі паступаюць пераважна ў БДУ (на факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, на механіка-матэматычны факультэт), у БДУІР, у БДМУ, на дызайнерскія спецыяльнасці БНТУ.
Вірус творчасці
Яшчэ адна асаблівасць гімназіі — гарманічнае спалучэнне матэматыкі і мастацтва. Ля вытокаў гуманітарызацыі матэматыкаў у школе стаяў таксама Валянцін Сярэбраны. Для рэалізацыі і развіцця творчага патэнцыялу навучэнцам прапаноўваецца шырокі выбар факультатыўных заняткаў, аб’яднанняў па інтарэсах архітэктурна-мастацкага напрамку, студый дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Арганізавана вывучэнне спецыяльных вучэбных прадметаў “Малюнак”, “Жывапіс”, “Кампазіцыя”, “Архітэктурнае макетаванне”.
Свае веды і вопыт перадаюць дзецям Вольга Карповіч, Вікторыя Хамякова, Антаніна Шчаслівая, Ала Людчык.
“Валянцін Хаймавіч вучыў сваіх вучняў бачыць сапраўдныя каштоўнасці ў жыцці і рабіць правільныя высновы з яго ўрокаў. Ён часта паўтараў: “Шчасце ўнутры самога чалавека”, “Кожную справу выконвай як самую любімую”
З успамінаў Вольгі Сярэбранай
Павышаная ўвага ўдзяляецца ў гімназіі грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню навучэнцаў. Тут дзейнічае этнаграфічны музей культуры і побыту другой паловы ХХ стагоддзя “Светавіт”, якім кіруе настаўніца працоўнага навучання Ала Людчык. Музей зараджаўся ў этнаграфічных экспедыцыях навучэнцаў і педагогаў. І зараз ён папаўняецца экспанатамі. На сёння іх налічваецца каля 270. Музей запрашае на музейна-педагагічныя заняткі (у тым ліку і міжпрадметныя), майстар-класы па народных рамёствах, тэматычныя выставы, экскурсіі на рускай і беларускай мовах, якія праводзяць самі навучэнцы. Дарэчы, адна з экспазіцый музея прысвечана Валянціну Сярэбранаму. Там сабраны фотаздымкі мінулых гадоў, успаміны яго вучняў і іншыя цікавыя матэрыялы.
У планах работы музея — стварэнне новай экспазіцыі “Льнаводства на Беларусі”, у якой знойдуць адлюстраванне зараджэнне галіны ў нашай краіне, асаблівасці вытворчасці лёну, мастацкія вырабы з яго.
Захоўваючы традыцыі
Новая старонка гімназічнага летапісу пачалася сёлета з трэцяй чвэрці: установа адзначыла наваселле. У новым прасторным будынку створаны ўсе ўмовы, якія даюць магчымасць навучэнцам атрымліваць веды і дапамагаюць педагогам у іх прафесійнай дзейнасці. Акрамя сучасных вучэбных кабінетаў і лабараторый навуковага таварыства навучэнцаў, у гімназіі ёсць вучэбна-спартыўныя залы, цір, басейн, лыжная база, інфармацыйна-тэхнічны цэнтр, агульнашкольны цэнтр з актавай залай і пакоем грамадскіх арганізацый, лекцыйныя залы, памяшканні для эстэтычнага выхавання і гуртковай работы, шматлікія рэкрэацыйныя зоны.
Усё гэта матывуе і натхняе на работу. У навучэнцаў і педагогаў шмат планаў на найбліжэйшую будучыню. Так, у Год гістарычнай памяці плануецца адрадзіць праект, які рэалізоўваўся ў супрацоўніцтве з клубам “Патрыёт” гарадскога дома ДТСААФ па сумеснай пошукавай дзейнасці, якая дазволіла сабраць матэрыялы, узнавіць імёны і вобразы герояў Другой Сусветнай вайны. Навучэнцы стварылі галерэю партрэтаў герояў вайны, з якой можна азнаёміцца ў гімназіі. Задума дырэктара — аформіць фае ўстановы імёнамі вучняў, якія праславілі навучальную ўстанову. У прыярытэце таксама — трымаць марку, застацца вернымі традыцыям і дэманстраваць высокую якасць адукацыі.
Валянцін Сярэбраны нарадзіўся 20 мая 1947 года ў Пінску Брэсцкай вобласці ў сям’і вайскоўца. У 1965 годзе скончыў Камінтэрнаўскую сярэднюю школу ў г.п.Глуша Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці. У тым жа годзе паступіў на матэматычны факультэт Белдзяржуніверсітэта, які скончыў у 1970 годзе, атрымаўшы спецыяльнасць “Матэматыка”. Быў размеркаваны на работу ў сярэднюю школу № 106 Мінска, затым настаўнічаў у сярэдніх школах №№ 117 і 131. З 1997 па 2006 год працаваў у сярэдняй школе № 41.
Ён унёс асаблівы ўклад у фарміраванне новай, больш эфектыўнай сістэмы выкладання матэматыкі, развіцця здольнасцей адоранай моладзі.
Шмат гадоў Валянцін Хаймавіч кіраваў гумарыстычнай газетай “Смешно сказать”: быў яе заснавальнікам, галоўным рэдактарам, выдаўцом і адным з вядучых аўтараў. Акрамя гэтага, пісаў выдатныя вершы для дзяцей. Рэдагаваў школьную газету “Клас”, удзельнічаў у КВЗ, вадзіў дзяцей у паходы.
Не стала вялікага педагога 21 лістапада 2006 года. Ён памёр у настаўніцкай, правяраючы дзіцячыя сшыткі. Падчас цырымоніі развітання хтосьці заўважыў: “Памёр, трымаючы ў руках дзіцячыя душы…”
З прапановай назваць 41-ю школу імем яе настаўніка выступілі дзеці і іх бацькі. Адміністрацыя і педагогі ўстановы падтрымалі ідэю, і ў 2009 годзе ў сярэдняй школы № 41 з’явілася імя. У школьным жыцці сталіцы, ды і краіны ў цэлым, гэта стала сапраўднай падзеяй.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.