У гармоніі музыкі і вобразаў

- 10:52Людзі адукацыі, Суразмоўца, Суразмоўца

Строгая, але разам з тым адкрытая ў зносінах з вучнямі, якая разумее іх перажыванні і імкнецца знайсці ўніверсальны рэцэпт паспяховай педагагічнай дзейнасці. Такой я ўбачыла Наталлю Андрэеўну Кабанаву — настаўніцу рускай мовы і літаратуры заслаўскай сярэдняй школы № 2 імя М.К.Пуцейкі Мінскага раёна.

Прынцыпы навучання

— На працягу больш чым 20 гадоў работы ў школе я пераканалася ў эфектыўнасці прынцыпаў навучання, якія былі распрацаваны яшчэ Янам Амосам Каменскім, — гаворыць педагог. — Першы сярод іх — любоў да дзяцей. Далей — дапамога выхаванцам у самаразвіцці, практыка-арыентаваны падыход у навучанні, самаадукацыя (вучу і вучуся адначасова), а таксама прынцыпы навуковасці і даступнасці, нагляднасці і трываласці ведаў, сувязі тэорыі з практыкай і свядомай актыўнасці.

Як і многіх філолагаў, Наталлю Андрэеўну хвалюе ўзровень пісьменнасці дзяцей, перш за ўсё арфаграфічнай, а таксама чытацкай дасведчанасці, асабліва ў дачыненні да класічных твораў. Для ўспрымання сучаснай моладдзю літаратура мінулых стагоддзяў складаная. Напрыклад, “Слова пра паход Ігаравы” — помнік літаратуры ўсходнеславянскіх народаў, з якім важна азнаёміць усіх. Але вучні дрэнна разумеюць старажытнарускую мову. Ім няпроста растлумачыць, што такое прыгоннае права, чаму для Герасіма з апавядання “Муму” сыход у вёску ад гаспадыні стаў сапраўдным подзвігам. Каб зразумець сутнасць такіх твораў, патрэбны гістарычны экскурс. У гэтым педагогу дапамагае прынцып нагляднасці, калі не толькі тлумачыцца значнасць таго ці іншага твора, але і паказваецца выя­ва, аўдыя- або відэазапіс.

— Выкарыстоўваю ілюстрацыі аб Старажытнай Русі, расказваю, што сабой уяўляў побыт таго часу, — адзначае Наталля Андрэеўна. — Калі знаёмлю вучняў з літаратурай Сярэбранага веку, слухаем музычныя творы на вершы паэтаў названага перыяду. І дзеці адчуваюць, што гэтая паэзія асаблівая, гэта абсалютнае майстэрства, бо такіх параўнанняў, метафар, граматычных канструкцый больш нідзе не сустрэнеш. Не толькі разбіраем з вучнямі, з якіх метафар і эпітэтаў складаюцца літаратурныя творы, але і разглядаем іх з пункту гледжання гуманістычных і маральных каштоўнасцей. Гаворым з дзецьмі і пра асабістыя якасці пісьменнікаў, каб не склалася ўражання, што гэта нейкія ідэальныя людзі, узведзеныя на п’едэстал.

Так, у гармоніі музыкі, слоў і вобразаў нараджаецца паспяховы ўрок. 

Тэхналогіі ў дапамогу

У кабінеце Наталлі Андрэеўны заўважаю ўвесь неабходны дыдактычны матэ­рыял, карткі для індывідуальнай работы, зборнікі практыкаванняў, метадычныя дапаможнікі, слоўнікі, навукова-папулярныя кнігі, матэрыялы для падрыхтоўкі вучняў да ЦТ і алімпіяды, прадметныя часопісы. 

— Павысіць пазнавальную актыўнасць вучняў, матывацыю да навучання мне дапамагаюць сучасныя педтэхналогіі, перш за ўсё тэхналогія развіцця крытычнага мыслення праз чытанне і пісьмо, — гаворыць Наталля Андрэеўна. — На практыцы яна рэалізуецца ва ўстаноўцы педагога на фарміраванне індывідуальнасці, развіццё творчага патэнцыялу кожнага вучня, калі атрыманне ведаў, уменняў і навыкаў не канчатковая мэта навучання, а толькі аснова для самаадукацыі, самастойнасці і самарэалізацыі. У такім выпадку вучні не пасіўныя гледачы і слухачы, а актыўныя ўдзель­нікі ўрока.

Педагог прытрымліваецца дыферэнцыраванага падыходу: адны дзеці атрымліваюць заданні павышанай складанасці, а другія — больш простыя. Гэта дазваляюць рабіць сучасныя падручнікі. У іх уключаны разнастайныя практыкаванні і тэксты, якія фарміруюць усе неабходныя кампетэнцыі, у тым ліку лінгвакультуралагічную і моўную, а таксама агульнае ўяўленне вучняў аб свеце. 

Наталля Андрэеўна спалучае ў сваёй практыцы класічныя падыходы з элементамі гульнявых тэхналогій і асобасна арыен­таванага навучання, групавую дзейнасць, педагогіку супрацоўніцтва па мета­дзе Я.М.Ільіна і здароўезберагальную тэхналогію.

Любоў да чытання

— З дзецьмі, якія чытаюць кнігі, лёгка працаваць, весці дыскусію, разбіраць праблемныя пытанні. Яны заўсёды выказваюць свой пункт гледжання, — падкрэслівае педагог. — У 8 класе ў мяне ёсць вучань Багдан Шабуня, які шмат чытае і якому цікава ўсё. Ён заўсёды імкнецца падрыхтаваць да ўрока дадатковы матэрыял. Якраз у 8-х класах зараз праходзім лірыку паэтаў-шасці­дзясятнікаў Я.Еўтушэнкі, Р.Раждзественскага, М.Рубцова. Гэта філасофская лірыка: у кожным вершы і пытанне, і асэнсаванне. 

Адназначных і няпоўных адказаў ад вучняў я не прымаю і не ацэньваю. Прапаную патлумачыць, чаму яны лічаць так ці інакш. Але ніколі не скажу, што вучань у чымсьці не мае рацыі, бо афіцыйная крытыка сцвярджае па-іншаму. Трэба зацікавіць вучня размовай і падтрымаць яго, вывесці на штосьці блізкае для яго. Агульначалавечыя тэмы дзецям больш знаёмыя. Але, калі прапануеш сітуацыю выбару, якога яны ніколі не рабілі, ім цяжка. Напрыклад, гэта выбар, які робяць героі апавядання Валянціна Распуціна “Урокі французскай”. Галоўны герой — хлопчык 11 гадоў, вельмі худы з-за недаядання, гуляе на грошы з сумніўнай кампаніяй, дзе яго, да таго ж, б’юць. Робіць ён гэта для таго, каб проста выжыць. Дапамогі ад
с­ваёй настаўніцы французскай, якая спрабуе яго накарміць, ён не прымае. Затое пага­джаецца з яе прапановай згу­ляць на грошы (яна адважылася на гэта, каб вырата­ваць хлопчыка). Дырэктар школы застае іх за азартнай гульнёй і звальняе настаўніцу. Я пытаюся ў дзяцей: “Добра ці дрэнна зрабіў галоўны герой? А як бы вы дзейнічалі на яго месцы? Ці правільна зрабіла настаўніца? Ці мае рацыю дырэктар?”

У праграму 11 класа нядаўна ўключылі п’есу Аляксандра Вампілава “Качынае паляванне”. Першае маё пытанне пра змест твора прымушае вучняў задумацца, бо ў ім як такога дзеяння няма. Да гэтага мы праходзілі біяграфію А.Вампілава, вывучалі асаблівасці яго драматургіі. Так вучні пачынаюць думаць і разважаць пра тое, што ж асаблівага ў гэтым творы, што дазволіла аўтару стаць вядомым. Яшчэ
адзі­н выдатны твор, хаця і складаны ў псіхалагічным плане, які ўключылі ў праграму 7 класа, — аповесць “А тым часам не­дзе” Анатоля Алексіна. Яна мне падабаецца магчымасцю абмеркаваць з дзецьмі шматлікія праблемныя пытанні.

На павышаным узроўні

Наталля Андрэеўна выкладае рускую мову ў профільных класах на павышаным узроў­ні. Для найбольш матываваных вучняў прапануе наступныя віды заданняў: 

  1. Складанне табліц, алгарытмаў, схем-апор. 
  2. Падрыхтоўка вучэбнага паведамлення. 
  3. Правядзенне апытанняў (індывідуальных, франтальных, ушчыльненых, вусных, пісьмовых).

Пры паўтарэнні стыляў маўлення, жанраў і тыпаў тэксту педагог выкарыстоўвае заданні, накіраваныя на развіццё камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў: прывесці прыклады маўленчых памылак у тэксце, выправіць памылкі, звязаныя з няправільным ужываннем сінонімаў, падрыхтаваць вучэбнае паведамленне аб маўленчых штампах і г.д.  

У раздзеле “Лексіка” на павышаным узроўні найбольш цікавыя такія заданні, як пераклад тэксту з беларускай мовы на рускую, размеркаванне фразеалагічных пар з улікам іх лексічнага значэння: фразеалагізмы — сінонімы, фразеалагізмы — жанры мастацкай літаратуры, фразеалагізмы — антонімы, фразеалагізмы — амонімы і г.д. Выклівае цікавасць і заданне прааналізаваць слова з пункту гледжання яго паходжання, сферы ўжывання, актыўнага і пасіўнага запасу, стылістычнай афарбаванасці. Акрамя марфемнага і словаўтваральнага разбораў у раздзеле “Састаў слова. Словаўтварэнне”, выкарыстоўваюцца заданні алімпіяднага ўзроўню. А пры замацаванні ведаў па арфаграфіі — заданні на выпрацоўку ўменняў карэкціраваць тэксты, выпраўляць памылкі. Па сінтаксісе і пунктуацыі вучні выконваюць заданні, заснаваныя на часткова-пошукавым метадзе.

Урокі мовы 

— У адрозненне ад урокаў літаратуры, урокі мовы больш скрупулёзныя, схематычныя і нават шаблонныя, — падкрэслівае педагог. — Пры знаёмстве з вучнямі ў 5 класе першыя паўгода я правяраю іх схільнасці, маўленчыя навыкі, якія яны дэманструюць пры напісанні кантрольных дыктовак і сачыненняў. Даю заданні, якія развіваюць аналітычныя здольнасці: убачыў — супаставіў — зрабіў выснову. 

З 5 класа вучні пачынаюць весці канспекты, у якіх фіксуюць у выглядзе таблічак, памятак, алгарытмаў правілы рускай мовы. У маёй практыцы такія канспекты добра сябе зарэкамендавалі. У марфалогіі, арфаграфіі і сінтаксісе ёсць складаныя і аб’ёмныя тэмы: скланенне і правапіс лічэбнікаў, тыпы выказнікаў, аднародныя і неаднародныя азначэнні, тыпы аднасастаўных сказаў, марфалагічны разбор дзеяслова, размежаванне злучнікаў і злучнікавых слоў і інш. Пры іх вывучэнні стараюся выкарыстоўваць гатовыя схемы-апоры, табліцы, алгарытмы. Пры вывучэнні арфаграфіі ўпор робіцца на састаў слова, засваенне правіл, фанетыку. Мяне цікавіць не тое, якія літары вучань уставіў у слове, а чаму ён напісаў менавіта так. Можна ўспомніць правілы, але і яны не заўсёды дапамагаюць, а можна звярнуцца да аналізу саставу слова. Уменне бачыць арфаграмы — гэта перш за ўсё ўменне разбіраць слова па саставе. 

Калі дзеці бачаць у падручніку аб’ёмны навуковы тэкст, гэта іх часта палохае. Наталля Андрэеўна расказвае вучням, дзе ім можа спатрэбіцца гэты матэрыял, і супакойвае, што палову з таго, што напісана ў падручніку, яны ўжо раней вывучалі. Так, у 8 класе пры вывучэнні адасобленых членаў сказа трэба звярнуцца да аналагічнай тэмы 7 класа. 

— Заўсёды складаная работа са слоўнікавымі словамі, — гаворыць Наталля Андрэеўна. — Мы іх пішам, прагаворваем, аб’ядноўваем у сэнсавыя блокі. Напрыклад, што тычыцца напісання прыслоўяў асобна і разам. Бяром сэнсавы блок “на лету, на ходу, на скоку”. Запамінаем фразу: “на лету, на ходу, на скоку уроки не делают”. Выкарыстоўваем і прыёмы мнематэхнікі: асацыяцыі і паралелі. Усе слоўнікавыя словы немагчыма запомніць. Але можна напісаць іх правільна, калі падабраць аднакарэнныя словы да слоўнікавага. Не ў адным, дык у іншым выпадку гэта спрацуе.

Надзея ЦЕРАХАВА. 
Фота аўтара.