У гармоніі з педагогікай

Ганне Земчанка не давялося задавацца спрадвечным пытаннем “Кім быць?”. Яна нарадзілася ў сям’і з педагагічнымі традыцыямі, таму жаданне стаць настаўніцай для Ганны абсалютна гарманіравала з яе натурай і характарам. Цяпер Ганна Пятроўна Земчанка — настаўніца англійскай мовы гімназіі № 5 Віцебска. І калі запыталася ў маладой настаўніцы пра цяжкасці і праблемы, якія напачатку суправаджаюць кожнага пачынаючага педагога, то яна без роздуму адказала: “Ведаеце, нават няма на што паскардзіцца!”

“Не можа такога быць”, — падумалася ў той жа момант, але мая суразмоўніца так бадзёра гаварыла пра свае педагагічныя здабыткі, што на змену сумненням хутка прыйшлі іншыя думкі, бо дынамічная размова вымагала такой жа дынамічнай рэакцыі: новых журналісцкіх пытанняў.
— Я нарадзілася і вырасла ў педагагічным асяроддзі. Мая мама, дзед і бабуля — настаўнікі. Мая матуля Алена Іванаўна Земчанка выкладае геаграфію ў сярэдняй школе № 14 Віцебска. Бабуля Настасся Аляксандраўна Земчанка была настаўніцай матэматыкі, а дзядуля Іван Парамонавіч Тышкевіч выкладаў фізіку. А я выбрала больш сучасны прадмет — англійскую мову. Вучылася ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя Пятра Машэрава з адной мэтай — стаць настаўніцай.
І мае спадзяванні ў гэтым плане апраўдаліся. Я атрымліваю задавальненне ад сваёй работы, а гэта самае галоўнае. Валоданне замежнай мовай сёння — гэта не толькі магчымасць зносін з прадстаўнікамі іншых краін, але і культурамі, традыцыямі іншых народаў. У мяне ёсць унікальная магчымасць не толькі самой карыстацца сваімі ведамі, але і перадаваць іх іншым, — пачала нашу гаворку Ганна Пятроўна.
У гімназіі № 5 Віцебска мая гераіня адпрацавала ўжо тры гады. За гэты час яна здолела стаць сапраўднай настаўніцай і дарадчыкам сваім вучням. Ганна Пятроўна вельмі ўдзячна адміністрацыі гімназіі і тым настаўнікам, якія ёй пастаянна дапамагалі і падтрымлівалі ў першыя працоўныя тыдні і месяцы. Мы ўжо неаднаразова пісалі пра неабходнасць такой падтрымкі ў адаптацыйны перыяд маладога настаўніка, калі вельмі важна яго прыняць (нават з усімі недахопамі) і падтрымаць. Не падаўляць сваім аўтарытэтам, а тактоўна і цярпліва ўзгадоўваць у ім педагога. Гледзячы на Ганну Пятроўну, можна меркаваць, што калектыў пятай гімназіі Віцебска не толькі настроены на маладзёжную педагагічную хвалю, а поўнасцю гатовы да сумеснай працы.
— Дзякуючы дапамозе маіх калег, на свой першы ўрок я ішла поўнасцю падрыхтаванай. Маім старшым настаўнікам была Ірына Уладзіміраўна Ізмайловіч. І менавіта дзякуючы ёй я ўжо шмат чаго дасягнула ў прафесіі, — адзначыла Ганна Пятроўна.
І паслужны спіс маладой настаўніцы сапраўды дастаткова сур’ёзны. Яна з’яўляецца членам каманды маладых педагогаў Віцебскай вобласці, якая дзейнічае пад кіраўніцтвам Таццяны Васільеўны Арэхавай. Мае Ганаровую грамату раённага аддзела адукацыі, шматлікія падзякі адміністрацыі сваёй гімназіі. Акрамя таго, Ганна Земчанка — настаўніца другой кваліфікацыйнай катэгорыі.
Але самымі галоўнымі ацэншчыкамі дзейнасці педагога з’яўляюцца вучні, дзеля якіх, зрэшты, і прыкладваюць намаганні настаўнікі. Першымі вучнямі Ганны Пятроўны сталі старшакласнікі, якія ў гімназіях адрозніваюцца высокай матывацыяй і нацэленасцю на добрыя вынікі. Адсюль і адпаведныя патрабаванні да педагога. Звычайна ў старшых класах выкладаюць больш вопытныя педагогі, таму можа падацца, што Ганну Пятроўну “кінулі” на старшакласнікаў заўчасна. Але яна не проста выстаяла, а яшчэ і здолела займець аўтарытэт сярод сваіх старшакласнікаў.
— Я настаўнік патрабавальны, і “дзясятку” атрымаць у мяне досыць скаладана. У мяне на ўроку дзеці актыўныя. Я не дапускаю пасіўнасці. Заўсёды стараюся рабіць дыферэнцыраваныя заданні, каб свае высокія адзнакі маглі атрымаць усе. Настаўнік на ўроку выступае ў ролі каардынатара, які накіроўвае кожнага вучня і ўвесь клас адначасова. А каб урок атрымаўся, да яго трэба рыхтавацца, таму да кожнага ўрока рыхтую план-канспект. Гэта вельмі дапамагае не заблытацца і не збіцца з неабходнага тэмпу і настрою на працягу ўсяго ўрока.
Формы ўрока залежаць ад матываванасці дзяцей, ад іх жадання спасцігаць новыя веды. Напрыклад, мае вучні любяць чытаць англамоўную літаратуру. Мы або нейкі час для гэтага выдзяляем на ўроку, або ўвогуле прысвячаем урокі менавіта чытанню. Канечне, гэта не проста чытанне. Мы абавязкова абмяркоўваем прачытанае, арганізуючы цэлыя дыскусіі. Маім любімым творам з’яўляецца “Партрэт Дарыяна Грэя” Аскара Уайльда. Чытаць яго трэба ў арыгінале, чым, дарэчы, мы і займаліся ў мінулым годзе з маімі вучнямі. Ён напісаны выдатнай мовай і пакідае вельмі моцнае ўражанне.
Акрамя таго, займаемся вывучэннем замежнай мовы сродкамі інтэрнэту, у прыватнасці, перапісваемся з дапамогай электронных лістоў. Ну і, канечне, шмат слухаем аўтэнтычных англамоўных тэкстаў, выконваем адпаведныя заданні, бо ўсе гэтыя веды і навыкі спатрэбяцца на выпускным экзамене па замежнай мове.
Калі гаварыць пра метадычны складнік, то асновай маіх урокаў з’яўляецца класічны ўрок. Я імкнуся ад традыцыйнага “шкілета” не адыходзіць, але кожны пункт стараюся зрабіць максімальна цікавым для дзяцей і для сябе. Урок павінен быць цікавым і выніковым для абодвух бакоў. А нядаўна пазнаёмілася з сістэмай актыўнай ацэнкі. У мінулым годзе паспрабавала яе прымяніць на сваіх уроках. Мне спадабаўся яе эфект. У прыватнасці, яна знімае ўсе вучнёўскія пытанні наконт ацэньвання іх ведаў. Увогуле, сістэма актыўнай ацэнкі прадукцыйная і спрашчае работу настаўніка, таму планую прымяняць яе і ў гэтым навучальным годзе, — расказала Ганна Пятроўна.
Актыўная педагагічная пазіцыя і гарманічнасць з гэтай прафесіяй дазваляюць маёй гераіні быць і добрым класным кіраўніком. Канечне, гэта дадатковая нагрузка, якая вымагае траціць час не толькі на арганізацыю і правядзенне цікавых мерапрыемсваў, але і на запаўненне безлічы рознай дакументацыі. Апошняе, безумоўна, не проста засмучае, а забірае час, які можна было б патраціць на рэальныя стасункі са сваімі падапечнымі.
Пра сваё класнае кіраўніцтва маладая настаўніца сказала проста: “Я прыняла гэтую ролю з годнасцю і спраўляюся з ёй, як мне здаецца, гэтак жа”.
— У класнага кіраўніцтва ёсць свае плюсы. Мы з дзецьмі, а яны ўжо шасцікласнікі, ходзім у тэатры, кіно. І гэта здорава, бо сама я, напэўна, і не здолела б так часта наведваць тэатры і кінатэатры, — адзначыла Ганна Земчанка.
Разам з тым, нягледзячы на працоўную нагрузку, Ганна Пятроўна знаходзіць час і на свае захапленні. У прыватнасці, вывучае іспанскую мову, бо яна “проста вельмі падабаецца”. У будучыні марыць наведаць Іспанію і, натуральна, Англію. Што ж, жадаем, каб гэтыя мары сталі рэальнасцю. З надыходзячым святам! З Днём ведаў!

Вольга ДУБОЎСКАЯ.