У гасцях у кадэтаў

Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Васільевіч Карпенка прыняў удзел у рэспубліканскай пераднавагодняй акцыі “Нашы дзеці”, наведаўшы Полацкае кадэцкае вучылішча.

Ігар Карпенка павіншаваў навучэнцаў і педагогаў з надыходзячым Новым годам, уручыў падарункі. Кадэты, у сваю чаргу, пазнаёмілі ганаровага госця з гісторыяй вучылішча, прадэманстравалі элементы страявой падрыхтоўкі і фехтавання, творчыя здольнасці. Падчас зацікаўленай размовы акцэнт быў зроблены на важнасці ўсіх складнікаў адукацыйнага працэсу ў кадэцкім вучылішчы: культуралагічным, ваенна-патрыятычным, развіцці фізічных якасцей і сілы духу. Міністр адукацыі адзначыў, што з цікавасцю сустракаецца з полацкімі кадэтамі ўжо не першы раз.

— Вы задавалі шмат цікавых пытанняў, і я абяцаў, што прыеду яшчэ раз, каб ніводнае ваша пытанне не засталося без адказу. Па дарозе да вас мы наведалі аб’ект, што будуецца, дзе праходзіць рэканструкцыя будынка былой бальніцы на Верхнім замку для патрэб кадэцкага вучылішча. Я не сумняваюся, што мы гэты праект рэалізуем. Ён мае высокую сацыяльную значнасць, і не толькі таму, што гэта будзе новы будынак для размяшчэння ўстановы адукацыі. У абноўленых карпусах вы зможаце атрымаць больш якасныя веды і ўменні. Думаю, што там будзе і зала, дзе можна будзе праводзіць кадэцкія балі, а для захавання традыцый ваеннай адукацыі гэта таксама немалаважна.

Я прыехаў у гэты слаўны горад напярэдадні Новага года, таму што вельмі хацелася вас усіх павіншаваць, пажадаць моцнага здароўя і дабрабыту. Я ўпэўнены, што сумеснымі намаганнямі мы рэалізуем усе важныя праекты. Ну, а вы, хлопцы, станеце дастойнымі грамадзянамі нашай краіны. Хтосьці з вас выбера шлях абаронцы Айчыны, хтосьці, можа, пойдзе вучыцца ў грамадзянскія УВА або якія-небудзь іншыя навучальныя ўстановы, але, безумоўна, кожны з вас будзе старацца ўносіць свой уклад ва ўмацаванне і развіццё нашай любімай Беларусі, нашага старажытнага горада Полацка.

Канечне, на святы не ездзяць без падарункаў, і ў рамках Рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці” міністр уручыў выхаванцам кадэцкага вучылішча сертыфікат на набыццё мультыборда, а таксама салодкія падарункі. Не засталіся без падарункаў і выхаванцы сацыяльна-педагагічнага цэнтра Полацкага раёна. У рамках дабрачыннай акцыі Ігар Васільевіч перадаў дзецям цэнтра планшэт.

Сустрэча прайшла на высокім эмацыянальным уздыме. Кадэты доўга не хацелі адпускаць ганаровага госця і з задавальненнем строіліся для агульнага фота.

Наталля СЛЯПЦОВА.