У гасцях у пекараў

- 15:04Нам пішуць

Традыцыйна кожны навучальны год у Кадзінскай сярэдняй школе завяршаецца пазнавальнай экскурсіяй. Сёлета вучні 3-х класаў адправіліся на маладое прадпрыемства “Дамачай”, каб пазнаёміцца з працай кандытараў, салодкія вырабы якіх мы вельмі любім!

Самы буйны вытворца хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў у Магілёўскай вобласці “Дамачай” гасцінна сустрэў водарам свежаспечаных булачак. Удзельнікі экскурсіі атрымалі белыя капялюшыкі, накідкі, бахілы: там, дзе пякуць хлеб, усё мусіць быць акуратна.

Спярша — знаёмства з гісторыяй прадпрыемства і расповед “Як хлеб прыйшоў на стол чалавека?”, пасля дзяцей чакаў майстар-клас. Пад кіраўніцтвам дасведчанага спецыяліста вучні майстравалі цацкі з салёнага цеста. Усіх запрасілі ў цэх, каб пазнаёміцца з вытворчасцю хлебабулачных вырабаў. Дзеці пабачылі, як машыны замешваюць цеста, вытрымліваюць яго, фарміруюць патрэбны памер, запякаюць, — і ўрэшце па канвееры рухаецца гатовы хлеб! Асабліва здзівіла школьнікаў, што ўстаноўкі працуюць 24 гадзіны ў суткі. І як толькі майстры спраўляюцца з такімі складанымі механізмамі?!

Даследаваўшы нялёгкі працэс вырабу хлеба, дзеці аднадушна пагадзіліся, што больш нікому не дазволяць неахайна ставіцца нават да маленькай хлебнай скарынкі. “Я б і сам у пекары пайшоў!” — заявілі многія хлопчыкі і дзяўчынкі.

Скончылася экскурсія чаем з салодкімі пірожнымі. У падарунак кожны дзіця атрымаў імянны пернік і салодкае.

Л.З.ПАЛЬКОВІЧ,
класны кіраўнік 3 “А” класа Кадзінскай сярэдняй школы.