У гасцях у знакамітага земляка

Група настаўнікаў нашай школы па запрашэнні Наталлі Пятроўны Машэравай, якая нядаўна наведвала ўстанову адукацыі, пабывала ў кватэры, дзе калісьці жыў знаны бацька. Кватэра нагадвае сапраўдны музей. Наталля Пятроўна з мужам захавалі ўсё так, як было пры Пятры Міронавічы.


У гасцінай — партрэты Пятра Міронавіча і Паліны Андрэеўны, а таксама Дар’і Пятроўны — маці нашага знакамітага земляка. У адным з пакояў — вялікая бібліятэка, дзе Пётр Машэраў любіў працаваць. А яшчэ яму падабалася паляванне, пра што сведчаць трафеі — рогі аленяў у прыхожай.

За кубкам духмянай гарбаты Наталля Пятроўна расказала пра сваё дзяцінства, пра жыццё бацькоў, іх высокія адносіны. Сям’я была дружная, моцная. Пётр Міронавіч вельмі клапаціўся пра сваіх родных. У наш школьны музей баявой і працоўнай славы Наталля Машэрава перадала шмат рэчаў бацькі, сярод якіх касцюм, насценны дыван з партрэтам Пятра Машэрава, наручны гадзіннік, акуляры, пісьмовы прыбор, фотаздымкі з сямейнага архіва, дакументальныя матэрыялы. Усё гэта займае пачэснае месца ў экспазіцыі, прысвечанай знакамітаму земляку, пазайздросціць якой цяпер могуць музеі вышэйшыя статусам.

Наталля Пятроўна падзякавала за патрыятычную работу, якая вядзецца ў школе, падкрэсліла, што на Сенненскай зямлі ўдзяляюць асаблівую ўвагу захаванню памяці пра Пятра Машэрава, шануюць яго імя.

Таццяна КАРАНЕЎСКАЯ,
кіраўнік аб’ядання па інтарэсах “Голас юнага краязнаўца”
Машканскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя А.К.Гараўца Сенненскага раёна.